З Беларусі забаранілі вывозіць пшанічную муку і грэчку
19 ліпеня ўрад прыняў пастанову №412 «Аб увядзенні часовай забароны на вываз асобных відаў тавараў». Яна забараняе вывозіць з Беларусі муку з пшаніцы і спельты, крупы грубага памолу з грэчкі, грачанае зерне абсушанае, гатовыя харчовыя прадукты з грэчкі — незалежна ад краіны іх паходжання.
Гэтыя тавары нельга вывозіць у дзяржавы, якія не з'яўляюцца
членамі ЕАЭС. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і
дзейнічае на працягу трох месяцаў. Забарона не новая, яе перыядычна ўводзяць на
розныя прадукты «для забеспячэння харчовай бяспекі».
Напрыклад, у красавіку гэтага года за межы Беларусі
забаранілі вывозіць пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, грэчку, проса,
трыцікале і іншыя травы. Забарону ўвялі на тры месяцы, да 21 ліпеня. Тады яе патлумачылі так:
— Мы не гандлюем збожжам — гэта значыць, у прыярытэце не
гандаль збожжам, а перапрацоўка гэтага збожжа праз жывёлагадоўлю, атрыманне прадукцыі жывёлагадоўлі і рэалізацыя з даданым коштам (сыры, малако, мяса,
алей), — патлумачыў у эфіры тэлеканала СТБ намеснік міністра сельскай
гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. — Таму ў апошні час мы ўбачылі, што
пачынаецца вываз збожжа. Мы ўвялі трохмесячную забарону, каб забяспечыць сваё
пагалоўе і атрымаць тую прадукцыю, якую мы планавалі.
Паводле onliner.by.