Звальняюць усё больш, а працаваць няма каму

У 2021 годзе колькасць занятых скарачалася ў два разы хутчэй, чым у 2020-м, і дасягнула мінімальнага паказчыка за дзесяцігоддзі. Пра што гавораць гэтыя лічбы? Якая сітуацыя на рынку працы?

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Занятых менш — як і пенсіянераў, і беспрацоўных


Антырэкорд лістапада — 4255,2 тыс. чалавек, занятых у эканоміцы. Афіцыйныя даныя за снежань Белстат апублікуе ў пачатку лютага. Пры гэтым уладкоўвацца на працу звольненыя і скарочаныя не спяшаюцца: паводле афіцыйнай статыстыкі, на 1 студзеня 2022 года наймальнікі заявілі пра наяўнасць 92 тыс. свабодных працоўных месцаў, што на 27,8% больш, чым на 1 студзеня 2021 года, калі ў базе было 72 тыс. вакансій. Разам з тым, вырас попыт на работнікаў па працоўных прафесіях, ён склаў 64,2% ад агульнай колькасці вакансій (год таму — 61,5%). Што дзіўна, звольненыя і скарочаныя не спяшаюцца рэгістравацца і на біржы працы: «На 1 студзеня 2022 года на ўліку ў якасці беспрацоўных знаходзіліся 5,3 тыс. чалавек, што на 26,1% менш, чым на 1 студзеня 2021 года», — рапартуе Мінпрацы.


Ці ўсё так радасна на рынку працы? З гэтым пытаннем газета «Белорусы и рынок» звярнулася да сацыёлага Алены Арцёменка-Мельянцовай.
Паводле яе слоў, тое, што колькасць занятых у Беларусі скарацілася, — сумны факт, бо гэта і патэнцыйна меншы аб'ём ВУП, і горшае забеспячэнне існуючай сістэмы сацыяльнай абароны (тыя, хто працуюць, плацяць пенсіі цяперашнім пенсіянерам).
«Гэта негатыўны маркер дэмаграфічных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, якія спрыяюць павышэнню долі насельніцтва, старэйшага за працаздольны ўзрост, і падзенню долі працаздольнага насельніцтва. І гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца», — упэўненая сацыёлаг.
Пры гэтым нельга не заўважыць: пасля таго, як журналісты звярнулі ўвагу на тое, што па выніках студзеня-жніўня нават у Мінску (дзе з даступнасцю медыцынскай дапамогі і месцамі ў кавідных бальніцах справы ідуць куды лепш) пенсіянераў стала менш на 8,5 тыс., улады засакрэцілі статыстыку па колькасці пенсіянераў. Куды ж падзеліся ўсе звольненыя / скарочаныя, калі ні на біржу, ні на пенсію яны не сышлі? Варыянтаў два: альбо пенсіянеры (і не толькі) сталі часцей паміраць, альбо людзі масава з'ехалі з краіны.
А можа, не варта драматызаваць сітуацыю? Можа, дзяржпрадпрыемствы, пра неабходнасць аптымізацыі колькасці работнікаў якіх гаварылі не адзін год, нарэшце сталі рэзка пазбаўляцца залішняй працоўнай сілы?
«Тое, што мадэрнізацыя вядзе да скарачэння занятасці, — дакладна. Але пры гэтым вызваленыя працоўныя рэсурсы павінны паглынацца прыватным сектарам. А гэтага не здараецца. Хаця нельга не адзначыць, што за апошнія 10 гадоў самыя буйныя дзяржпрадпрыемствы сур'ёзна страцілі ў колькасці работнікаў. На тых жа “Гродна Азоце” ці “Магілёўхімвалакне” скарацілі каля 30% работнікаў. У выніку доля занятых у прыватным сектары сёння перавышае долю тых, хто працуе на дзяржпрадпрыемствах».
Нярэдкімі ў апошні час сталі паведамленні пра тое, што ў краіне звальняюць людзей па палітычных матывах, прычым працы пазбаўляюцца адзінкавыя спецыялісты, падрыхтоўка якіх часам ідзе на працягу дзесяцігоддзяў і замяніць якіх проста няма кім. Ці не пагражае гэта негатыўнымі наступствамі?


«Сур'ёзнай пагрозы сістэме няма. Так, якасць працы знізіцца, упадуць паказчыкі інавацыйнасці вытворчасці, прымянення высокіх тэхналогій, галіны страцяць задзел для росту, але значна горшыя наступствы звальнення такіх спецыялістаў наступяць для саміх прафесіяналаў. У тым ліку і таму, што ў нас няма нармальнай сістэмы падтрымкі людзей, якія страцілі працу. Тая ж дапамога па беспрацоўі вельмі нізкая», — упэўнена сацыёлаг.

Бракуе кіроўцаў і будаўнікоў


Як сказана вышэй, у краіне, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, рэзка вырасла колькасць вакансій па працоўных спецыяльнасцях. Не першы дзень, а нават год, назіраецца востры дэфіцыт кіроўцаў і работнікаў будаўнічых спецыяльнасцей. Паводле слоў экспертаў, якія працуюць у рэкрутынгавай галіне, прычын таму некалькі. Галоўныя — нізкія заробкі ўнутры краіны на фоне аналагічных па-за ёю і адносная лёгкасць працаўладкавання з-за дэфіцыту рабочай сілы. Тыя ж тынкоўшчыкі ці муляры, таксісты ці дальнабойшчыкі без усялякіх праблем знаходзяць працу па спецыяльнасці ўжо не ў Расіі, а ў Літве і Польшчы, дзе плацяць больш і адкуль мясцовыя профі перабраліся ў краіны Заходняй Еўропы. Не кажучы ўжо пра лекараў (прыём на працу якіх у той жа Польшчы спрасцілі) і медсясцёр.
Але ж звальняюць не толькі людзей працоўных спецыяльнасцей, але і профі найвышэйшага класа. Можна меркаваць, што яны займалі пасады з заробкамі «вышэйшымі за сярэднія», а значыць, знайсці на вялікія грошы кандыдатаў павінна быць прасцей. Але гэта не так.
Дырэктар кадравага агенцтва КІАТ Ігар Кочатаў распавёў, што буйныя арганізацыі, якія шукаюць супрацоўнікаў, адчуваюць сур'ёзныя праблемы з наёмам персаналу: «Наша кадравае агенцтва спецыялізуецца на вузкіх групах вакансій, якія не заўсёды звязаныя са станам агульнага рынку ў краіне: інфармацыйныя тэхналогіі, менеджмент, продажы, пастаўкі. Мы не займаемся працаўладкаваннем, мы падбіраем персанал для сваіх кліентаў, і магу абсалютна адказна заявіць, што ў абласцях, на якіх мы спецыялізуемся, недахоп спецыялістаў вельмі востры. Кажучы простай мовай, працаваць няма каму!»


І, паводле слоў Ірыны Шаткоўскай, дырэктара кадравага агенцтва «Калекцыя адкрыццяў», якое займаецца падборам персаналу ў паўтара дзясятка галін, тэндэнцыяй апошняга часу стаў падбор рэдкіх адмыслоўцаў: «Не проста прафесіяналаў з высокім узроўнем падрыхтоўкі, з самавітым досведам і прапампаванымі навыкамі, а людзей, якія валодаюць рэдкімі ведамі, досведам у вузкай спецыялізацыі. Да нас звяртаюцца як прыватныя кампаніі, так і дзяржаўныя прадпрыемствы, і цяпер запытаў ад кампаній значна больш, чым такіх спецыялістаў на рынку».
Назіранні дырэктара кадравага агенцтва прыводзяць да высновы, што пошук адзінкавых прафесіяналаў, людзей, якія валодаюць незвычайнымі навыкамі, расце і ў аб'ёмах. Пры гэтым рэгулярна ўзнікаюць цяжкасці з пошукам дастойных кандыдатаў. Ці не звязана гэта з нізкім заробкам, які прапануюць беларускія кампаніі?
«Прычыны розныя, у тым ліку і названая вамі. Але не скажу, што яна адзіная ці асноўная. Так, часам у запытах фігуруе невысокі заробак, і гэта не прыцягвае кандыдатаў, а бывае наадварот: грошы гатовы плаціць добрыя, пры гэтым і патрабаванні выстаўляюць высокія. Але спецыялісты, якія валодаюць адпаведнай кваліфікацыяй, як правіла, не часта мяняюць працу, паколькі кампаніі трымаюцца за іх, бо ведаюць, як цяжка знайсці высокакваліфікаванага прафесіянала, ды яшчэ і з вопытам у пэўнай сферы», — рэзюмавала Ірына Шаткоўская.