У Брэсце звольнілі ўзнагароджаную медалём Францішка Скарыны дырэктарку школы
На выбарчым участку ў гэтай школе на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года вывесілі бюлетэнь, які зафіксаваў разгромную паразу Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў першым туры.

Ірына Нікіфаравец (злева) на прэзентацыі “Россотруднічества”.
Ірына Нікіфаравец — цяпер былая дырэктар сярэдняй школы № 20 — мела рэпутацыю абсалютна
надзейнай і лаяльнай да ўладаў асобы. Пасаду дырэктара займала цягам 22 гадоў. Яна была лаўрэаткай Пушкінскай прэміі сярод настаўнікаў рускай мовы і літаратуры
краін СНД і Балтыі, удзельнічала ў праектах “Россотруднічества”.
Школа знаходзіцца ў самым цэнтры Брэста, мае статус узорнай.
У 2021 годзе “Настаўніцкая газета” змясціла вельмі пазітыўны, калі не сказаць кампліментарны артыкул пад назовам “Цудоўны чалавек і выдатны кіраўнік”. У ім адзначана, што Ірына Фёдараўна Нікіфаравец “асабліва ганарыцца музеямі. На базе школы дзейнічаюць музеі “Горад-герой Масква”, “Спадчына Беларусі”, музей Д.М.Карбышава. Створаны музейныя экспазіцыі, прысвечаныя жыццю і творчасці А.С.Пушкіна і Ф.М.Дастаеўскага. Пушкінская экспазіцыя размешчана ў кабінеце рускай мовы і літаратуры, які з’яўляецца адным з лепшых у школе”. Ёй “дарагія медалі да 70- і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паколькі яе бацька ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне”. І, нарэшце, акцэнтуецца ўвага на тым, што дырэктарка ўзнагароджаная нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Беларусі” і медалём Францішка Скарыны.
Увесну 2021 года Апякунская Рада школы зацвердзіла план працы. Кантраляваць увесь ход выканання і працу з шэфамі ў прыватнасці даручалася Ірыне Нікіфаравец. Шэфствуюць над школай холдынг “Гефест” і брэсцкія памежнікі. Варта згадаць, што рабочыя “Гефеста” масава і арганізавана пратэставалі супраць вынікаў выбараў і гвалту на вуліцах горада пасля іх.

Пратакол выбараў 2020 года.
Аднак кантралявалі рамонты, умацаванне повязей і актывізацыю дзейнасці іншыя. Інфармацыя пра звальненне спадарыні Нікіфаравец дайшла да недзяржаўных журналістаў толькі цяпер. Крыніцы зазначылі, што ёй нават не далі магчымасць выкладаць свой прадмет.
У адміністрацыі школы інфармацыю пра звальненне пацвердзілі: “Так, не працуе больш у нас. Адправілі на пенсію летась у жніўні”. Звязацца з самой былой дырэктаркай не атрымалася.
Берасцейцы ведаюць, што выпадкі, калі дырэктара адправілі б на пенсію строга ў адпаведнасці з узростам, на пальцах адной рукі пералічыць можна. Пагатоў, каб не дазволілі пасля быць простым настаўнікам. З другога боку, некаторыя дырэктары, якія забяспечылі “правільныя” пратаколы на выбарах, хутка будуць адзначаць 70-гадовыя юбілеі.
Цікава таксама, што з лета 2020 года не абнаўляецца і школьны форум СШ 20 “Мамачкі”.

Скан з форума “Мамачкі”.
Дзеля аб’ектыўнасці, варта сказаць, што, мабыць, некаторыя традыцыі выдатніка адукацыі Беларусі Ірыны Нікіфаравец знойдуць працяг у былой яе школе. Пад аўтарствам сённяшняга дырэктара можна знайсці на сайце СШ 20 матэрыял пра адну знакавую імпрэзу пад эгідай “Россотруднічества”.
“19 красавіка 2019 года у музеі “Горад-герой Масква” [СШ № 20 Брэста] адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Урокі масквазнаўства». У праграме былі прадстаўленыя: справаздача Лукашэвіч Н.В., намесніка дырэктара па выхаваўчай працы, аб прабыванні ў Маскве ў красавіку 2019 года, супрацоўніцтве са школамі г. Масквы; выступленне дыпламанта Міжнароднага конкурса “Маскоўскі салавей-2019” Маўчанюк Варвары, вучаніцы школы; экскурсія па музею “Горад-герой Масква”. Ганаровым госцем мерапрыемства быў Масан Раман Паўлавіч, галоўны спецыяліст-эксперт прадстаўніцтва “Россотруднічества” Расійскага Цэнтра навукі і культуры г. Брэста. Госць быў уражаны ўбачаным.”

І. Нікіфаравец
Участковая камісія №21, якая размяшчалася ў СШ 20, зафіксавала ў першым туры 336 галасоў на карысць Святланы Ціханоўскай і 199 галасоў на карысць Аляксандра Лукашэнкі. Варта зазначыць, што ў цэнтры жыве збольшага насельніцтва сталага веку.

У Брэсце, паводле нашых крыніцаў, звольнілі за несфальшаваныя бюлетэні на мінулых прэзідэнцкіх выбарах дзвюх жанчын-кіраўніц: былую на сёння дырэктарку ясляў-саду №10 Алену Буглаеву (паводле нашых крыніцаў, з’ехала з Брэста) і былую (без права выкладання прадмету) дырэктарку гімназіі № 4 Алену Шкулепа. Маем трэці выпадак?