Адкупіцца ад сілавікоў ці трапіць за краты? Ці гарантуюць «ахвяраванні» дзяржаве свабоду

Спецслужбы прымушаюць беларусаў даносіць саміх на сябе і плаціць за гэта немалыя грошы. А дакладней — выкупляць сваю свабоду, прычым зусім не гарантавана, што назаўсёды.

У «жоўты будынак» КДБ запрашаюць «пагутарыць» па данатах. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У «жоўты будынак» КДБ запрашаюць «пагутарыць» па данатах. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», мінімум 55 чалавек былі затрыманыя сёлета пасля вяртання ў Беларусь за так званыя «экстрэмісцкія правапарушэнні». Супраць 17 з іх распачатыя крымінальныя справы. Сярод папулярных абвінавачанняў — падпіскі на рэсурсы, прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі», і данаты ў фонды салідарнасці. Некаторым з тых, хто вярнуліся, прапануюць прыйсці з павіннай у КДБ і адкупіцца ад магчымай крымінальнай справы — зрабіць «ахвяраванне» у дзяржаўны фонд або якую-небудзь дзяржустанову. Як працуе гэтая схема? І ці гарантуе яна, што пераслед спыняць? Разбіралася «Deutsche Welle».

За данаты асудзілі 90 чалавек

«Пераслед за данаты сустракаецца як у дачыненні да людзей, якія застаюцца ў Беларусі, так і ў дачыненні да тых, хто вярнуўся», — адзначае юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва. Паводле яе інфармацыі, за данаты ў краіне асудзілі ўжо 90 чалавек.

Вядомыя выпадкі, калі людзям, якія рабілі ахвяраванні ў фонды салідарнасці, тэлефануюць з КДБ і запрашаюць прыйсці на «прафілактычную гутарку», падчас якой прапануюць напісаць яўку з павіннай і выплаціць «кампенсацыю» — пералічыць грошы на рахунак якой-небудзь дзяржустановы.

У падобнай сітуацыі аказаўся мінчук Іван (імя змененае ў мэтах бяспекі суразмоўцы), які гэтым летам прыехаў у Беларусь пасля доўгай адсутнасці. Праз пару дзён пасля вяртання на радзіму яму патэлефанавалі з КДБ, прапанавалі ўзяць выпіску з рахунку ў банку і прыйсці «пагутарыць».

Паводле слоў Івана, сілавікі размаўлялі з ім спакойна, але паставілі перад выбарам: альбо прызнаеш віну і выплачваеш «ахвяраванне» — «і усё, што ад цябе адстануць», альбо сыходзіш, але тады «могуць завесці крымінальную справу». Беларусу, паводле яго слоў, сказалі напісаць «тлумачальную», што «зрабіў данат, але не ведаў, што на "экстрэмізм", каюся».

Адмова ва ўзбуджэнні справы не гарантуе, што пераслед спыніцца

Пасля гэтага Івану далі нумар банкаўскага рахунку, на які трэба было адправіць «ахвяраванне». У выпадку суразмоўцы DW за данат у 5 еўра, зроблены ў 2020 годзе, запатрабавалі «кампенсацыю» ў стократным памеры: «Сказалі, з улікам, што данат невялікі, з вас 500 еўра».

Супрацоўнікі КДБ, паводле слоў Івана, паабяцалі, што пасля выплаты дашлюць дакумент аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Але ён з'ехаў з Беларусі, не дачакаўшыся паперы.

Святлана Галаўнёва адзначае, што адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы не гарантуе, што пераслед з боку сілавікоў спыніцца: «Пры жаданні пастанову можа адмяніць начальнік следчага ўпраўлення або пракурор».

Адзін з паказальных выпадкаў — затрыманне ілюстратаркі Наталлі Левай. Жанчына некаторы час жыла і працавала ў Польшчы, але ў снежні 2023-га звольнілася і вырашыла вярнуцца на радзіму. Яе знаёмыя пісалі ў сацсетках, што, паводле яе слоў, яна ўжо «кампенсавала» данаты за 2020-ты і мае паперу ад КДБ.

Беларуску затрымалі 8 траўня 2024 года пры перасячэнні мяжы. 17 ліпеня яе прысудзілі да шасці гадоў калоніі і штрафу ў 1000 базавых велічынь (каля 11 тысяч еўра). Праваабаронцы прызналі Наталлю палітзняволенай.

Беларусаў прымушаюць саміх на сябе даносіць

Святлана Галаўнёва кажа, што ў сілавікоў ёсць доступ да інфармацыі пра аперацыі, зробленыя праз беларускія банкі, таксама, верагодна, яны могуць атрымаць даныя па картках банкаў РФ. Тым не менш, юрыстка лічыць, што, часцей за ўсё, людзей запрашаюць на «гутарку» ў КДБ наўздагад.

На яе думку, хутчэй за ўсё, у іх недастаткова доказаў для ўзбуджэння крымінальнай справы, а тут чалавек сам прыходзіць з павіннай, яго запалохваюць і атрымліваюць дадатковую інфармацыю. «Мы звычайна раім не ісці на такія нефармальныя выклікі», — кажа праваабаронца. 


Глядзіце таксама

«Усё, што праходзіла праз банкаўскую сістэму Беларусі, бачна спецслужбам, і, па вялікім рахунку, яны самі маглі б праз запыт у банк атрымліваць поўны аб'ём інфармацыі па кожным чалавеку. Але для гэтага трэба мабілізаваць досыць вялікую колькасць супрацоўнікаў, і яны ідуць ад адваротнага — гэта значыць самога чалавека прымушаюць фактычна на сябе данесці», — каментуе сузаснавальнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Асаблівую ўвагу сілавікі звяртаюць на тых, хто не быў у Беларусі пасля 2020-2021 гадоў. Яны лічаць, што «ў гэтых людзей ёсць нейкія грошы» і што яны «нешта здзяйснялі». Да таго ж, на думку Стрыжака, беларусы за мяжой часам самі страчваюць пільнасць, перастаюць сачыць за павесткай і думаю, што рэжым «перагарнуў старонку». 

«Трэба разумна ацэньваць свае рызыкі адносна візіту ў Беларусь», — перакананы суразмоўца DW. 

«Ахвяраванні», якія прымушае рабіць КДБ, незаконныя

Ён таксама звяртае ўвагу, што «ахвяраванні», якія прымушае рабіць КДБ, незаконныя. Гэтыя выплаты не з'яўляюцца штрафам або якім-небудзь судовым спагнаннем. Да таго ж, многія данаты ў фонды салідарнасці былі здзейсненыя да таго, як беларускія ўлады прызналі іх «экстрэмісцкімі» арганізацыямі. «Гэта афармляецца як добраахвотнае ахвяраванне, гэта значыць, у выпадку чаго, чалавек нават не зможа даказаць, што яго прымусілі гэта зрабіць», — кажа Стрыжак.


Глядзіце таксама

Што тычыцца сумы «ахвяравання», то яна залежыць ад таго, колькі чалавек зарабляе, якая ў яго ёсць маёмасць, як ён паводзіць сябе на допыце. Аднак калі спачатку людзей прымушалі выплачваць кампенсацыі ў дзесяціразовым памеры, то цяпер усё часцей у сторазовым, ёсць выпадкі, калі «ахвяраванне» дзяржаве перавышае суму даната ў фонд салідарнасці ў 1000 разоў.

«Ёсць практыка, калі людзей, якія такім чынам адкупляліся, паўторна прыцягвалі да адказнасці іншыя структуры. Напрыклад, ГУБАЗіК ці ДФР, ці яшчэ хтосьці», — дадае Андрэй Стрыжак.