«Адразу сказалі, куды яму ісці з гэтым лістом». Рабочыя БМЗ адмаўляюцца падпісвацца супраць санкцый
БМЗ абвесціў аб зборы подпісаў пад адкрытым лістом да замежных партнёраў з просьбай не ўводзіць санкцыі супраць жлобінскага прадпрыемства. «Моцныя навіны» даведаліся, як кіраўніцтва тлумачыць металургам матыў «антысанкцыйнай кампаніі» ва ўмовах таго, што «завод па-за палітыкай».
У рэдакцыю звярнуліся адразу
некалькі чытачоў — работнікаў БМЗ. Усе яны распавялі, што ў іх падраздзяленні ўжо
прыносілі «паперу» з просьбай ці нават патрабаваннем падпісацца.
У афіцыйнай заяве прадпрыемства гаварылася, што подпісы
будуць збіраць у структурных падраздзяленнях і ў прафкаме. Так і ёсць — з
работнікамі «гатовыя прапрацаваць пытанне» усе звёны кіруючага складу, а таксама
праўладны прафкам.
— Хвілін 40 над намі стаяў старэйшы майстар з просьбай
падпісаць ліст, хоць мы яму адразу сказалі, куды ён можа ісці з гэтым лістом, — распавядае рабочы аднаго з падраздзяленняў БМЗ. — Ён
спрабаваў даказаць, што гэта «зусім не палітыка». Маўляў, папярэдні ліст — так,
тычылася палітыкі, а гэты — не. Затым у ход пайшло: «Ну, калі ласка, гэта
ўсё роўна нічога не вырашае, тым больш, ад вашых чатырох-пяці подпісаў нікому
не стане ні холадна, ні горача». Тады мы парыравалі: «Дык навошта іх
выпрошваць, калі яны нічога не вырашаюць?». Ён зноў: «Ну вы зразумейце, «нацягнуць» мяне, потым начальніка цэха, а ён — зноў мяне, а я — вас».
Тады рабочыя ўдакладнілі «а што, завод ужо не па-за
палітыкай?» На што начальнік, па іх словах, заявіў, што ім розніцы быць не
павінна. «Завод дае вам працу, і вы павінны яму дапамагаць у складаныя
моманты. А калі заказаў у нас не будзе, завадчане застануцца без заробкаў. А я
хачу 100-працэнтную прэмію», — перадаюць словы начальніка БМЗаўцы.
— Мы адказалі, што замовамі хай займаюцца маркетолагі — гэта
іх праца. І мы заводу нічога не павінны, ён нам заробак плаціць не за проста
так, а за працу, і вельмі цяжкую працу. Таму гэта яшчэ хто каму павінен, — успамінаюць дыялог са старэйшым майстрам металургі.
Ён сышоў, але праз паўгадзіны вярнуўся, спытаць ці не
перадумалі. Адказ быў відавочны, таму праз некаторы час да рабочых прыйшоў
ужо начальнік «рангам» ніжэй — майстар. Са слоў жлобінчан, ён пачаў распавядаць,
за што могуць звольніць кожнага з прысутных у памяшканні: «Пару талонаў — і вылеціце адсюль». Металургі пажадалі майстру ўдачы.
Падобную рэакцыю сустрэла начальства яшчэ ў адным цэху. Там
у актавай зале сабралі калектыў дзяжурнай змены — чалавек 30-40. Начальнік на «планёрцы» зачытаў тэкст ліста і растлумачыў для чаго гэта трэба.
— Нешта прабубнеў сабе пад нос, — перадаюць падрабязнасці
гісторыі відавочцы. — А затым падняў на нас вочы. Нехта з залы запытаў: гэта
ўсё? Ён кіўнуў галавой. Той чалавек тады падняўся з месца і пайшоў да выхаду.
Яго прыкладу рушылі ўслед астатнія. Так начальнік і застаўся адзін у той зале з
лістком у руках.
— А ў нашым цэху «цішком» усё праходзіць. У
кабінет да начальніка выклікаюць толькі тых, у кім упэўненыя, што падпішуць, — распавёў яшчэ адзін завадчанін. — На ўсеагульнае абмеркаванне гэтае пытанне ставіць
баяцца.
— Да нас прыйшоў майстар, сказаў: вось у прафкаме далі
паперу, чытайце, падпісвайце. Хто «ябацька» — той падпісвае. Хто ў тэме
(а такіх, на жаль, адзінкі) — ігнорыць, — каментуе збор у сваім падраздзяленні
яшчэ адзін работнік БМЗ.
Ад кагосьці на заводзе нават хаваюць лісты — каб
не бачылі, хто там ужо падпісаўся, распавяла адна завадчанка.
Але ёсць і цэхі, дзе «падпісная кампанія» праходзіць спакойна: начальнік на зменна-сустрэчным сходзе «вельмі
карэктна прапанаваў паставіць подпісы». Ніякага ціску, кажуць работнікі
гэтага падраздзялення, не было.
«Да суботы сказалі сабраць», — казалі пры гэтым
начальнікі практычна ў кожным цэху, распавялі жлобінскія металургі.
Нагадаем, са жніўня мінулага года з БМЗ звольнілі больш за
30 чалавек, якія ўступілі ў стачку альбо актыўна праяўлялі сваю грамадзянскую
пазіцыю. Акрамя таго, у лютым у Жлобіне асудзілі трох работнікаў БМЗ за страйк
17 жніўня, прысудзіўшы іх да рэальных тэрмінаў — да 3 гадоў калоніі.
Нядаўна звольненыя металургі запісалі відэазварот, за што
кожнага пасля пакаралі адміністрацыйным арыштам. На гэты свае 15 сутак адбывае экс-завадчанін Дзмітрый Шашкоў.