Аляксандр Класкоўскі: ЕС і ЗША на гэты раз, здаецца, гатовыя быць больш прынцыповымі, чым раней
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — аб цяперашнім стане адносін беларускіх уладаў з Расіяй і Захадам.
— Паказальна, паслы якіх краін ўручылі даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку 13 мая, — піша Аляксандр Класкоўскі ў сваім тэлеграм-канале. — Гэта Ірак, Нікарагуа, Расія, Руанда, Саудаўская Аравія і Сьера-Леонэ. Гэта значыць, у асноўным дзяржавы так званай далёкай дугі плюс галоўная саюзніца.
З астатнім светам напружанка. Зрэшты, і з Масквой няпроста,
хоць Лукашэнка і запэўніў паслоў, што ў адносінах з Расіяй усё окей, «поўным
ходам ідзе дыялог па паглыбленні нашай інтэграцыі».
На самай справе падпісанне пакета дарожных карт інтэграцыі
зноў пераносіцца. Раней пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка казаў пра
красавік-май, цяпер гаворка ідзе аб восені.
Падобна на тое, што інтэграцыйны гандаль у чарговы раз
буксуе. Мінск хоча перш за ўсё займець рэсурсы танней, Масква — аблытаць
саюзніка інстытуцыйна.
Верагодна таксама, што Уладзімір Пуцін настойвае на
выкананні нейкіх латэнтных, закулісных дамоўленасцяў (у тым ліку адносна транзіту ўлады ў Беларусі). Ва ўсякім выпадку, на такія здагадкі наводзяць
аглядальнікаў частыя тэлефонныя кантакты і асабістыя сустрэчы двух правадыроў
без абвяшчэння вынікаў гэтых перамоваў.
Беларусі вельмі патрэбныя канструктыўныя кантакты з
перадавым светам, і перш за ўсё з Захадам. Але рэжым відавочна хоча аднавіць
дашчэнту сапсаваныя адносіны ў асноўным на сваіх умовах. Аднак Еўрасаюз і ЗША
на гэты раз, здаецца, гатовыя быць больш прынцыповымі, чым падчас ранейшых крызісаў у
адносінах.
Сапраўды гэтак жа рэжым хацеў бы на сваіх умовах перавярнуць
старонку (выраз Лукашэнкі) у адносінах з грамадствам: каб незадаволеныя
змірыліся і прынялі дыктат грубай сілы.
Пры гэтым кіруючая вярхушка відавочна недаацэньвае ступень
падзення свайго аўтарытэту ў грамадстве, яго настроенасць на перамены.
Прагрэсіўная частка насельніцтва проста чакае свайго часу.
Сістэма ж, выбудаваная пад інтарэсы аднаго чалавека, у нейкі момант можа хутка
пайсці па швах.