Алесь Бяляцкі: Лінія на садысцкае стаўленне да затрыманых будзе працягвацца
«Тое, што адбываецца цяпер у месцах зняволення, — гэта менавіта злачынствы», — перакананы праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Праваабаронцы фіксуюць новы ўсплёск гвалту і здзекаў у дачыненні затрыманых у беларускіх турмах і ізалятарах.
За апошнія дні з’явілася шмат сведчанняў пра мэтанакіраваныя здзекі з затрыманых у мінскім ізалятары на Акрэсціна і жодзінскай турме. Камеры на Акрэсціна заліваюць вадой з небяспечнаю канцэнтрацыяй хлоркі, якая мае здушальны эфект, цягне за сабою моцнае раздражненне скуры і слізістых. У Жодзіне затрыманых збіваюць палкамі. Камеры ў ізалятарах перапоўненыя, часам людзям даводзіцца спаць на падлозе. Затрыманым не выдаюць матрацаў і пасцельнай бялізны, не аддаюць перадачы.
Пра сітуацыю ў беларускіх турмах і ізалятарах belsat.eu пагутарыў з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесем Бяляцкім.
— Ці можна казаць пра новую хвалю гвалту і здзекаў у турмах і ізалятарах?
— На мой погляд, усплёск ёсць. Гэта звязана з затрыманнямі 25 і 27 сакавіка (на Дзень Волі былі затрыманыя больш за 200 чалавек, праз два дні — яшчэ каля 250. — Заўв. рэд). Відавочна, што быў загад «зверху»: пакараць іх такім нечалавечым абыходжаннем, стварыць ім невыносныя ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення. Гэта вынікае са сведчанняў тых людзей, якія пачалі выходзіць пасля затрыманняў.
То-бок гэта не ініцыятыва садыстаў-выканаўцаў. Гэта менавіта загад іх камандзіраў, каб максімальна жорстка пакараць людзей, якія збіраліся ці, паводле меркавання ўлад, бралі ўдзел у тых мерапрыемствах, якія амаль і не адбыліся.
— Чым была выкліканая такая неадэкватная рэакцыя з боку ўлад? Акцыі пратэсту 25 і 27 сакавіка сапраўды фактычна не адбыліся.
— Ну, усе дзеянні ўлад, пачынаючы з лета 2020 года, — гэта суцэльная неадэкватная рэакцыя, з пункту гледжання нармальнага чалавека.
Гэтыя людзі працягваюць трымацца за ўладу, нягледзячы на нелегітымнасць мінулагодніх выбараў, працягваюць ціснуць на грамадства незаконнымі метадамі, проста здзяйсняючы злачынства. Бо тое, што адбываецца цяпер у месцах зняволення, — гэта менавіта злачынствы. І я перакананы, што неўзабаве наступіць час, калі гэтыя людзі адкажуць паводле закону.
— А ці разумеюць выканаўцы, што яны робяць злачынствы? Ці яны цалкам існуюць у прапагандысцкім дыскурсе і нават не задумваюцца пра гэта?
— Цяжка сказаць. Я не магу залезці ў іх галаву. Але я думаю, што тыя, хто аддае загады, выдатна ўсведамляюць, што яны здзяйсняюць злачынствы. А тыя, хто выконвае… Ацаніць інтэлектуальны ўзровень гэтых людзей складана.
— Цяперашняя сітуацыя чымсьці адрозніваецца ад таго, што мы бачылі летам ці восенню?
— Улетку 2020 года мы бачылі масавыя злачынствы супраць чалавечнасці. І шлейф гэтых злачынстваў цягнецца да сёння. Тое, што адбывалася 9-12 жніўня, цяжка з чымсьці параўнаць. У нашай гісторыі гэта можна параўнаць хіба што з фашысцкімі зачысткамі падчас вайны, калі масава катавалі, калечылі, забівалі людзей. Цяпер жа ідзе мэтанакіраваная помста актывістам і людзям, якіх проста затрымлівалі падчас гэтых меркаваных акцый.
На маё меркаванне, гэтая лінія на садысцкае стаўленне да затрыманых будзе працягвацца. Хтосьці затрымлівае незаконна, хтосьці афармляе сфальсіфікаваныя пратаколы, хтосьці незаконна судзіць, а хтосьці потым пачынае катаваць людзей, якія да іх трапілі. У выніку нашы органы ўнутраных спраў пераўтвараюцца ў напалову фашысцкую сістэму.
— Чаму ўлады паслядоўна робяць стаўку менавіта на неабмежаваны гвалт?
— У разуменні нелегітымнага прэзідэнта, яго атачэння і сілавікоў гэта адзіная мова, на якой яны могуць размаўляць з людзьмі. Яны мяркуюць, што гвалт — гэта адзінае, што можа гарантаваць ім далейшае знаходжанне ва ўладзе.
— Што рабіць у гэтай сітуацыі грамадству? Што рабіць людзям, якія сутыкаюцца з такімі здзекамі і гвалтам у турмах?
— Не маўчаць. Пратэставаць усімі магчымымі спосабамі, рабіць гэта масава. Бо тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, — гэта звычайны сучасны фашызм.