Помнік князю Альгерду ў Віцебску — цяпер падстава для затрымання?

25-га сакавіка каля помніка князю Альгерду былі затрыманыя трое жыхароў Віцебска — сябры Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў і Аляксандр Вендт, а таксама выпадковы мінак Іван Казлоў.

2021_04_09_lipka_smolikau_f1.jpg

Усіх траіх абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні і асудзілі да арыштаў. Падставай для абвінавачання стаў бел-чырвона-белы сцяг, які знайшлі ў рэчах аднаго з затрыманых, а таксама адмысловая даведка з міліцыі, што «каля гэтага помніка раней збіраліся віцебскія апазіцыянеры».

Такім чынам, знаходжанне каля помніка ў цэнтры Віцебску само па сабе можа стаць падставай для затрымання, кажа асуджаны да 12-ці сутак арышту Канстанцін Смолікаў:

— Такая даведка ў матэрыялах справы ёсць — што апазіцыянеры збіраюцца каля помніка Альгерду праводзіць несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Сам факт таго, што людзям забараняюць падыходзіць да помніка, — гэта абсурд. І атрымліваецца, што падысці да помніка — гэта ўжо склад адміністрацыйнага правапарушэння.

Канстанцін Смолікаў спрабаваў давесці гэтае меркаванне да абласнога суду, спрабуючы аспрэчыць прысуджаны яму штраф. Аднак суддзя Святлана Іванова падтрымала рашэнне суду Кастрычніцкага раёна, пакінуўшы пастанову без змен.

Затрыманні каля помніка князю Альгерду пры адсутнасці бел-чырвона-белых сцягоў ды іншых атрыбутаў пікета сталі сёлета поўнай нечаканасцю. У мінулыя гады ў Дзень Волі тут часта збіраліся людзі, ускладалі кветкі, размаўлялі паміж сабой і міліцыя не выказвала аніякіх прэтэнзій.

«Беларускае Радыё Рацыя»