Дзяніс Урбановіч: «Выліваюць вядро хлоркі, толькі ўжо так льюць, што там аж вочы не расплюшчыш»
Апошнім часам пачалі гаварыць, што ўмовы ўтрымання зняволеных на Акрэсціна і ў Жодзіне пагоршыліся яшчэ больш. Пра свае чарговыя адбытыя «суткі» лідар «Маладога Фронта» Дзяніс Урбановіч распавёў TUT.BY.
Дзяніса Урбановіча затрымалі 21 сакавіка, а затым асудзілі на 15 сутак за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. На наступны дзень з ІЧУ яго перавялі ў ЦІП на Акрэсціна, дзе ён прабыў суткі.
— Па сутнасці, нічога не змянілася: двухмесная камера, у ёй 10 чалавек. Як заўсёды, выліваюць вядро хлоркі, толькі ўжо так льюць, што там аж вочы не расплюшчыш, — кажа Урбановіч.
Калі яго перавялі ў Жодзіна, умовы там здаліся прымальнымі: матрацы, кнігі, нават настольныя гульні. Пасля 25 сакавіка ў камеры дадалося пастаяльцаў, а ўжо з 27 сакавіка пачалі забіраць пасцельныя прыналежнасці, пазней — кнігі, асадкі, сшыткі. Дзяніс, як і шмат хто, таксама распавёў пра ўзмацненне жорсткасці рэжыму з 1 красавіка.
— З раніцы проста пачалі выцягваць. З нашай камеры выцягнулі майго сябра першага […] і пакалацілі дубінамі. Пасля яго ўжо павялі мяне. […] Мяне адвялі ў гэтую душавую і пабілі па ягадзіцах і па спіне — усё было сіняе. За што білі, я так і не зразумеў, казалі нешта незразумелае. За ўсім гэтым назіраў высокі маёр.
Пасля, паводле яго слоў, з крыкамі сталі выводзіць з камер арыштаваных, а тых, хто затрымліваўся, маглі «падганяць» дубінкай. Для таго, каб з'есці прадукты з перадач, далі суткі, забралі таксама арэхі і сухафрукты. Паводле слоў Урбановіча, ён чуў, як аднаго з мужчын у іншай камеры білі за тое, што знайшлі ў яго нешта забароненае, у тым ліку ён чуў фразы: «Усё, не трэба, не біце».
Таксама, як сцвярджае Дзяніс, даставалася тым, у каго, да прыкладу, былі майкі з «апазіцыйнай» сімволікай ці нацыянальным арнаментам, а таксама людзям, у каго перад вызваленнем знаходзілі лісты або запіскі, якія сукамернікі прасілі перадаць на волю. Урбановіч таксама распавёў, што некалькі разоў за ноч асобныя камеры падымалі на пераклічку. Сядзець можна толькі за столікам, спаць там не дазваляецца, а днём сядзець на нарах забаронена.
Прычыны ўзмацнення жорсткасці рэжыму менавіта з 1 красавіка Дзяніс Урбановіч не ведае, аднак на наступны дзень, калі яго з сукамернікамі вывелі ў калідор для праверкі, ён чуў, як нейкі мужчына адчытваў супрацоўнікаў.
— Ён так казаў: «Я вас как учил шмонать камеры? Вам было указано создать условия. Вы их создали? Я не вижу. Они здесь сидят как на курорте. Ещё раз говорю: или создавайте условия, или я создам условия вам». Хто гэта быў — я не ведаю.
Сярод ахоўнікаў Урбановіч пазнаў у твар некаторых міліцыянтаў з ІЧУ Мінскага раёна — адзін з іх сказаў яму, што іх даслалі ў Жодзіна на ўзмацненне. Таксама некаторых арыштаваных фатаграфавалі на тэлефон, пры гэтым, паводле слоў Урбановіча, на такім рэжымным аб'екце падобную тэхніку з сабой ахоўнікам праносіць забаронена — яе здаюць пры ўваходзе.