На адміністратарку жодзінскага чата Лідзію Коршун завялі крымінальную справу

У міліцыі сцвярджаюць, што  Лідзія Коршун нібыта каардынавала «дваровы пратэсны рух у горадзе, заклікала да актыўных дзеянняў, пры гэтым сама заўсёды заставалася дома».

Лідзія Коршун. Скрыншот з відэа МУС.

Лідзія Коршун. Скрыншот з відэа МУС.

Яшчэ 27 сакавіка супрацоўнікі міліцыі з дому забралі мадэратара чата «Жодзіна для жыцця» Лідзію Коршун. Дома ў жанчыны засталося паўтарагадовае дзіця, паведамляюць праваабаронцы.

Лідзію Коршун абвінавачваюць у каардынацыі «дваровых» пратэсных рухаў, у закліку да актыўных дзеянняў і абразы супрацоўнікаў міліцыі.

«Краіна для жыцця» паведамляе, што ў дачыненні да дзяўчыны распачатая крымінальная справа ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Ёй можа пагражаць пазбаўленне волі да трох гадоў.

«Мы дагэтуль не ведаем дакладна, дзе яна знаходзіцца. Паводле непацверджаных даных, змяшчаецца ў ІЧУ Жодзіна», – пішуць у тэлеграм-чаце.

Паводле інфармацыі прэс-службы УУС Мінскага аблвыканкама, дзяўчыну вылічылі супрацоўнікі Жодзінскага ГАУС і УУС Мінскага аблвыканкама «падчас мерапрыемстваў па недапушчэнні дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча ў краіне».

Сцвярджаецца, што яна нібыта «каардынавала дваровы пратэсны рух у горадзе, заклікала да актыўных дзеянняў, пры гэтым сама заўсёды заставалася дома». Паводле паведамлення УУС, яна таксама публікавала абразы ў адрас міліцыянтаў у чаце суполкі «Карнікі».

На відэазапісе дзяўчына кажа, што была мадэратарам чата «Жодзіна для жыцця». Паводле яе слоў, у абавязкі ўваходзіла выдаленне паведамленняў радыкальнага характару і карыстальнікаў за некарэктныя выказванні. Дзяўчына сцвярджае, што заклікі і абразы не ўваходзілі ў яе абавязкі і яна супраць гэтага.

spring96.org