«Яны здзекуюцца з людзей у добрым гуморы, для іх мы жывёлы». Мікалай Казлоў — пра «суткі» на Акрэсціна
Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў адбыў 15-суткавы арышт у ЦІП на Акрэсціна. Палітыка арыштавалі напярэдадні Дня Волі. Сваімі ўражаннямі ад зняволення Казлоў падзяліўся з «Нашай Нівай».
«Затрымліваў
мяне АМАП, я не паспеў далёка ад хаты ад’ехаць. Паводзілі сябе адэкватна,
ветліва. Я разумеў, для чаго гэта ўсё, таму ўзяў сумку з машыны, якая ў мяне
заўжды падрыхтаванай ляжыць. Адвезлі мяне ў Цэнтральнае РУУС, пасадзілі ў
«малпоўнік». У РУУС сталі фабрыкаваць пратакол, нібыта я 21 сакавіка браў удзел
у масавым мерапрыемстве ў «Лебядзіным.» Але ж я быў на самаізаляцыі. Потым
прынеслі пратакол, што я аказваў супраціў пры затрыманні. Паводле версіі міліцыі, я
ў двары РУУС упіраўся, не хацеў ісці. Усё гэта няпраўда, усё сфабрыкавана.
Мяне
даставілі на Акрэсціна па гэтым пратаколе. Я патрабаваў адваката пры складанні
пратакола, даваў тэлефон, але нічога мне не далі, хаця гэта маё законнае права.
Мне нават не далі копію пратакола, яе дэманстратыўна парвалі і кінулі ў
сметнік. На Акрэсціна цэлая эпапея, пятнаццаць сутак беззаконня.
Там
перапоўненыя камеры. Палітычным, каб жыццё малінай не здавалася, кідаюць
бамжоў. У камерах на адно месца спальнае — тры-чатыры чалавекі. Уся гэтая
сістэма заточаная на тое, каб прынізіць чалавечую годнасць. Гэта парушэнне іх
жа правіл. Яны перыядычна і гаварылі, і намякалі, што здзекавацца з людзей —
гэта каманда зверху.
Не было ні
матрацаў, ні падушак, яркае святло гарэла на працягу ўсіх пятнаццаці сутак, яго
не прыглушалі. Я адразу трапіў у карцар. Калі ім не спадабалася нешта, то
вылілі ў камеру вядро хлоркі такой канцэнтрацыі, што адразу ж у людзей пачаліся
праблемы. Карцар — гэта аднамесная камера, дзе знаходзілася 7-8 чалавек. Хлорка
была вельмі моцнай канцэнтрацыі: адразу заслязіліся вочы, рвотныя рэфлексы,
кружылася галава. Аднаму хлопцу зусім было кепска. Атрымлівалася такая газавая
камера. Яны і раней практыкавалі хлорку, але слабой канцэнтрацыі.
Калі
ўбачылі, што людзям кепска рэальна, то спачатку адкрылі «кармушку». Мне самому
стала кепска, усё гэта справакавала гіпертанічны крыз, таму мяне даставілі ў
шпіталь, дзе цэлыя суткі збівалі ціск.
Калі збілі
ціск, то адразу ж прыехаў канвой, які адвёз мяне назад на Акрэсціна. ЦІП сёння
— гэта афіцыйна створаная катавальня, каб прынізіць людзей, зрабіць знаходжанне
невыносным, здзекавацца з людзей. Перанаселеная камера — гэта ж яшчэ
немагчымасць дыхаць, а гэта таксама цяжка.
Нейкі час я быў у нармальнай камеры, перапоўненай, але тым не менш. За пяць дзён да вызвалення мяне зноў змясцілі ў карцар. Там ніхто не тлумачыць за што, няма магчымасці звярнуцца да кагосьці, паскардзіцца, ты пазбаўлены ўсяго. Ні паперы, ні ручкі. Слухаюць скаргу — і ідуць далей, нібыта ты нічога не казаў. Нічога не фіксуецца нідзе.
Гэтыя
катаванні працягваюцца кожны дзень, яны здзяйсняюць злачынствы. У карцары
адразу было тры бамжы, потым яшчэ трох дакінулі. Так і сядзелі: адзін я і
шасцёра бамжоў. Многія з іх не прайшлі апрацоўку — насякомыя і гэтак далей.
Праз нейкі час частку бамжоў прыбралі і прывялі трох палітычных. Гэта адпаведны
пах, не адчыняюць «кармушку», каб паступала паветра.
Пяць дзён я
не прымаў ежу, калі мяне змясцілі ў такія ўмовы. Гэта быў адзіны спосаб
пратэсту. Усім было ўсё адно на гэта. Я спытаў, ці дакладваюць пра гэта
начальніку. Кажуць, так. Ну, хоць неяк.
Я не
заўважыў, што персанал ЦІПа з незадавальненнем здзекуецца з людзей. Яны гэта
робяць у добрым гуморы, бо для іх мы жывёлы.
Ніхто
нічога не тлумачыць, таму не ведаю, чаму адпусцілі на дзень пазней, мы для іх
нямыя жывёлы. Кропельку мёду дадам: там дзівосныя людзі, ніхто не падаў духам,
нягледзячы на прыніжэнні, мы шмат смяяліся, палемізавалі, гулялі ў нешта.
Вельмі салідарная атмасфера была, хоць многія ўпершыню трапілі ў такія ўмовы.
Было весела часта, па выбухах смеху разумелі, што побач таксама былі палітычныя.
На
Акрэсціна не збівалі. Яны знайшлі іншыя магчымасці для катаванняў, і невядома,
што яшчэ горш. Яны маюць вольныя месцы, але спецыяльна робяць перанаселеныя
камеры, каб было невыносна. І гэта робяць супрацоўнікі міліцыі, якія павінны
абараняць правы людзей. Я не ведаю, дзе іх бралі, адчуванне, што іх не
нараджалі мамы, што ў іх няма сем’яў. Жорсткасць нематываваная абсалютна».