Анатоль Лябедзька — пра Ўсебеларускі народны сход: гэта з’езд незарэгістраванай партыі «Ябацька»
11-12 лютага ў Мінску мусіць адбыцца Ўсебелаускі народны сход. Сваім меркаваннем адносна мерапрыемства падзяліўся былы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі, вядомы палітык Анатоль Лябедзька.
![Фота tut.by Фота tut.by](/img/v1/images/kalyakin_lebedko_karatkevich_10062015_tutby_brush_phsl_img_11.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота tut.by
— Я стаўлюся да Ўсебеларускага народнага сходу як да з’езду незарэгістраванай партыі «Ябацька», як да сходу прыхільнікаў былога прэзідэнта
Беларусі, — распавёў Лябедзька «Белсату». — Мяне, як, зрэшты, і мільёнаў беларусаў, катэгарычна не задавальняе,
што палітычная сіла, якая ва ўмовах сумленных выбараў балансавала б на мяжы
праходжання ў парламент, запускае сваю ліпкую руку ў бюджэт і маю кішэню. Я не
жадаю фінансаваць тых, хто завёў краіну ў тупік.
Таксама мяне не задавальняе той факт, што непапулярная
палітычная сіла навязвае сваё бачанне праблемы, свае рашэнні мне як
грамадзяніну, выбарцу, падаткаплатніку. Наступствы прадказальныя: паглыбленне
канфліктаў, крызісу і рост супрацьстаяння.
Што тычыцца Васкрасенскага, ён не мае ніякага дачынення ні
да амністыі, ні да дыялогу. У яго іншая місія і прызначэнне. Па-першае,
адбельваць улады, ухваляць здраду і іншыя брыдоты гэтага рэжыму. Па-другое,
спрабаваць уносіць раскол у стан прыхільнікаў пераменаў.
Няхай тыя, хто спрабуе пранікнуць на Ўсебеларускі народны
сход праз галоўны ці чорны ўваход, самі адкажуць сабе на шэраг пытанняў. Што вы
жадаеце сказаць сёстрам Груздзевым і Баскаву? У чым вы маеце намер пераканаць
Наталлю Эйсмант ці Лідзію Ярмошыну? Якія аргументы ў вас ёсць для Марзалюка або
Караева?
Лукашэнка нелегітымны. Гэта зафіксавалі большасць беларусаў
і ўвесь цывілізаваны свет. Дык навошта сваім суўдзелам ствараць ілюзію
адваротнага?
Давайце ўжываць сілы, рэсурсы і час для рэалізацыі
пазітыўных пераменаў. Цяпер трэба засяродзіцца на рэалізацыі плану, які
забяспечыць вызваленне палітвязняў і затрыманых, транзіт улады, а таксама
правядзенне сумленных выбараў і канстытуцыйнай рэформы. Гэта прыярытэт.