«Атрымліваецца, што мяне проста купілі за гэтыя 50 тысяч, а я не прадаюся». Участковага звольнілі за верш
22-гадовы Аляксандр Кучынскі з Нарачы працаваў участковым інспектарам міліцыі ў Мядзельскім РАУС. Яго звольнілі 14 снежня 2020 году «за размяшчэнне інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды іміджу і аўтарытэту органаў унутраных спраў».
Аляксандр захварэў на каронавірус і выйшаў на працу 10 снежня. Кажа, што і не падазраваў, што супраць яго праводзіцца службовая праверка. На наступны дзень па абедзе начальнік паклікаў у кабінет, дзе яму сказалі знаёміцца з матэрыяламі праверкі. Потым забралі пасведчанне і жэтон, паехалі дахаты, забралі форму.
«Канкрэтна ў заключэнні праверкі было ўказана, што размясціў верш, на які ёсць спасылка «УКантакце», – сказаў Аляксандр.
Паводле правяраючых, гэты верш выклікаў вялізны грамадскі рэзананс, то бок набраў больш за сто праглядаў. Аляксандр спрабаваў гэта абвергнуць у рапарце. Ён зрабіў скрыншот і ўказаў, што на 12 снежня верш набраў усяго 38 праглядаў. Прычым палову з іх зрабілі супрацоўнікі падчас службовай праверкі.
«Далей у заключэнні ёсць сказ, які невядома як там з'явіўся, што ў той жа час у тэлеграм-каналах «Выбар нарачанцаў» і «ProНарач» зʼявіліся вершы зневажальнага характару на адрас намесніка начальніка Мядзельскага РАУС Дзмітрыя Рыбакова. Гэтых вершаў я не пісаў. Якім чынам гэта адносіцца да мяне і да майго верша, я не разумею», – сказаў Аляксандр.
«У «мундзірах» бывае нават бульба»
Верш, аўтар якога – Аляксандр, быў напісаны 31 жніўня. Яго можна прачытаць «УКантакце».
«Идейные вдохновители без свежих идей.О чести забыли люди в мундирах.На улицах толпы свободных людей,И вы не сидите в квартирах!
Идет за свободой весь мир.Никто не остался в квартирах.Нет правды в ударах дубин,Не выстоят люди в мундирах».
«Яны палічылі, што гэтым вершам я дыскрэдытаваў гонар і годнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Я сам юрыст. Я пісаў, каб да мяне не падкапаліся ў выпадку чаго, – кажа Аляксандр. – Там жа няма згадкі пра саміх работнікаў унутраных спраў. «Люди в мундирах», але ў «мундзірах» бывае нават бульба. Таму дакапацца тут складана».
Аляксандр у вершы выказаў сваё меркаванне пра сітуацыю і ўпэўнены, што мае на гэта поўнае права, прадугледжанае Канстытуцыяй.
«Лічу, што такім чынам яны парушылі мае канстытуцыйныя правы, – кажа Аляксандр. – Але ўсё пачыналася нашмат раней, калі была перадвыбарчая кампанія, нас прымушалі ісці на датэрміновыя выбары, я не пайшоў, былі праблемы. Потым забіралі людзей у Мядзелі, я адмовіўся складаць пратаколы па артыкуле 23.34. Са мной праводзілі гутарку. У выніку ўсё вылілася ў звальненне».
Да звальнення Аляксандра былыя таварышы па службе паставіліся па-рознаму.
«Калі падпісваў абходны ліст, некаторыя нават плакалі, некаторыя спачувалі, з некаторымі працягваю зносіны, добрыя людзі там таксама ёсць. Але ў бальшыні перасталі пускаць у РАУС, перасталі вітацца і размаўляць».
Цяпер Аляксандр шукае працу.
«Пакуль, шчыра кажучы, ня ведаю, што рабіць. Месяц быў у дэпрэсіі, цяпер крыху ачуўся, пачаў дзейнічаць».
«Не адпрацаваў кантракт, і Акадэмія МУС выставіць рахунак»
Аляксандр вучыўся на вочнай форме ў Акадэміі МУС на следча-экспертным факультэце з 2016 па 2020 год. З ім быў падпісаны кантракт на 9 гадоў (4 гады навучання і 5 гадоў адпрацоўкі ў Следчым камітэце, міліцыі ці ў любой іншай сілавой структуры). Цяпер атрымліваецца, што ён не адпрацаваў кантракт, і Акадэмія МУС бліжэйшым часам выставіць яму рахунак за навучанне ў памеры каля 50 тысяч рублёў.
Ён згадвае як падчас навучання ў Акадэміі, калі збіралі подпісы за кандыдатаў у прэзідэнты, пасля дзяржаўных іспытаў завіталі людзі, якія збіралі подпісы за Лукашэнку.
«Усе мы знаходзіліся ў вялікай залі, там сказалі, што справа добраахвотная і нікога прымушаць ня будуць, маўляў, калі хто подпіс ставіць ня хоча, прапанавалі пакінуць залю, – сказаў Аляксандр. – Дык за хвіліну ніводнага чалавека там не засталося. Праз дзень гэта, як нам сказалі, дайшло да міністра Караева, усім загадалі вярнуцца назад і паставіць подпіс, каб не было «праблем».
«Пры выездзе аўтазака я заўсёды паведамляў людзям»
Аляксандр лічыць, што яго звольнілі з парушэннем заканадаўства. Па ягоных словах, цяпер усё, што адбываецца ў краіне, парушае Канстытуцыю і заканадаўства.
«Я ўсё рабіў правільна і нічога дрэннага не зрабіў. Я лічу, што галоўнае – ня грошы. Атрымліваецца, што мяне проста купілі за гэтыя 50 тысяч. А я ж так не прадаюся», – сказаў былы міліцыянт.
Радыё Свабода