Бацькі загінулага лейтэнанта ДАІ: «Не верым у суіцыд, настойваем на эксгумацыі»

У рэдакцыю Belsat.eu звярнуўся бацька загінулага лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча. Мужчына заявіў, што не верыць у версію Следчага камітэту пра суіцыд сына, патрабуе правядзення эксгумацыі цела і незалежнай экспертызы.

18 траўня 2019 года. Падчас цырымоніі развітання з застрэленым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам. Фота – Дар’я Чульцова/«Белсат»

18 траўня 2019 года. Падчас цырымоніі развітання з застрэленым інспектарам ДАІ Яўгенам Патаповічам. Фота – Дар’я Чульцова/«Белсат»

Уладзімір Патаповіч сам праслужыў у ДАІ 20 гадоў і летась сышоў у адстаўку ў званні капітана міліцыі. Яўген захацеў пайсці па слядах бацькі, таму вырашыў вывучыцца на міліцыянта ў Магілёўскім інстытуце МУС. Паводле словаў Уладзіміра, сыну вельмі падабалася ягоная праца.
«Я не веру ў версію пра суіцыд, бо, па-першае, на фотаздымку, які апублічылі, бачныя пашкоджанні ў ніжняй частцы жывату і яўна бачна, што парэзаная бялізна і ёсць нажавая рана. Па-другое, сын быў забяспечаны фінансава, меў кватэру, жыў з дзяўчынай адэкватнай, нядаўна ездзіў знаёміцца са сваякамі – там добрая сям’я. Прычын здзяйсняць самагубства ў яго не было. Ні псіхалагічных, ні нейкіх іншых. Чалавек імкнуўся жыць», – кажа Уладзімір.
«Я хацеў бы, каб зрабілі эксгумацыю, каб незалежныя эксперты паглядзелі, ці есць пашкоджанні ў ніжняй частцы тулава або толькі агнястрэльнае. Каб гэта зрабілі, пакуль цела не пачало раскладацца, разумееце? Я настойваю».
На пытанне, ці ўзнікалі ў Яўгена канфлікты на службе, бацька кажа:
«Часам здараюцца службовыя сітуацыі, але любыя складанасці вырашаюцца на месцы. Жэня, праўда, скардзіўся, што некамплект цяпер у ДАІ, вялікая загружанасць. Часта заставаўся пасля змены разбірацца з матэрыяламі».
«Нейкія маленькія даўгі ў сына былі, магчыма. Я працую на пенсіі, таму мог дапамагаць. Часам ён прасіў па 30, па 50 рублёў… Але нічога сурʼёзнага, тым больш крымінальнага не было», – гаворыць Уладзімір Патаповіч.
Што датычыць дроваў і вадкасці для распальвання, якія перад смерцю набываў Яўген, бацька прыгадвае:
«Яны збіраліся нейкага сябра з войска сустракаць, кшталту на шашлыкі паехаць за горад».

Маці Патаповіча: «Нас не пусцілі ў морг паглядзець на сына»

Бацькі Патаповіча не жывуць разам. Але маці Вольга Паўлаўна таксама лічыць, што неабходная эксгумацыя цела Яўгена.
«Гэта быў не суіцыд, ні ў якім разе! Ён меў усё: кватэру трохпакаёвую, машыну, лецішча вялікае, планы на будучыню. З дзяўчынай усё было выдатна, яны збіраліся распісвацца. Ну які тут можа быць суіцыд? Атрымліваецца вельмі дзіўна: пахавалі Жэню імгненна, прычым хавалі як героя, што загінуў пры выкананні. У морг нас не пусцілі паглядзець на цела. Міліцыя сказала – няма чаго там рабіць, а працаўнік моргу – што «відовішча не для слабанервных», – распавядае яна.
Што датычыць версіяў гібелі, маці міліцыянта губляецца ў здагадках: «Магчыма, ён спыніў нейкую «няправільную» машыну, ці то з трупам, ці то з наркотыкамі…»
Вольга прыгадвае, што пыталася ў сына, ці ўзнікаюць у яго нейкія праблемы на працы, але той адмаўляў і казаў, што ўсё добра.
«А летась у яго адзін з лепшых сяброў загінуў, Валера Калькіс, застрэліўся ў лесе пад Берасцем пасля спрэчкі з дзяўчынай. Ён Жэню як брат быў… Яны ўсе былі даішнікі, вучыліся разам. Пасля Жэня прыйшоў да мяне і засумняваўся: «Мама, можа быць гэтак, што ён праз дзяўчыну страляўся?» Не, кажу, не думаю.
Адчула нешта няладнае і пытаюся: «Куды вы ўлезлі, дзеці?» А ён адразу замітусіўся: «Нікуды, мама, нікуды». А потым сказаў: «Я за свайго брата адпомшчу». Магчыма, гэта ўсё нейкі ланцужок»
Сёлета ў сакавіку Вольга Паўлаўна сутыкнулася з дзіўнымі паводзінамі сына. Паводле яе, ноўтбук Яўген звычайна пакідаў у сваім пакоі. Але аднойчы яна прыйшла ў кватэру, дзе сын жыў з дзяўчынай і пабачыла, што той хутка закрывае экран і сыходзіць на вуліцу, трымаючы ноутбук у руках. Праз некаторы час вярнуўся ўжо без камп’ютара. Я запытала, дзе ён, а сын толькі двума рукамі за галаву схапіўся».
Прыкладна ў той жа перыяд Яўген запытаўся ў маці і бабулі «За што вы ўсе мяне гэтак ненавідзіце?»
«Я дагэтуль не зразумела, што сын меў на ўвазе», – кажа Вольга.
«На пахаванні калегі сына сказалі, што сярод рэчаў, знойдзеных побач з трупам, была абгарэлая зялёная запальнічка. Мабільны тэлефон знайшлі пазней і ён таксама быў абгарэлы», – дадае маці.

Дзяўчына Патаповіча: «Суіцыду быць не магло»

«У версію пра суіцыд не веру, бо такога ў прынцыпе быць не магло. Не было ніякіх падставаў», – гаворыць Юлія, дзяўчына загінулага лейтэнанта.
Яна сцвярджае, што перад смерцю Яўгена ў іхных стасунках усё было выдатна:
«Усё стала значна лепей. Мы вырашылі жыць разам і 2 красавіка з’ехаліся».
Юлія таксама адзначае, што ў сям’і былі добрыя адносіны – яны спадабаліся бацькам адзін аднаго.
На пытанне, навошта Яўген набываў дровы і вадкасць для распальвання, Юлія кажа: «Яны з сябрамі планавалі сабрацца, але яшчэ не было вядома, куды дакладна, з кім менавіта».
Паводле яе слоў, пра праблемы на працы Патаповіч ніколі не распавядаў, але звычайна ён заўжды працаваў з напарнікамі (іх было некалькі, яны змяняліся). Чаму 16 траўня Яўген выйшаў на змену адзін і чаму апынуўся ў горадзе без аўта, дзяўчына не ведае.
***
Цела лейтэнанта міліцыі знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).
Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт даслаў калегам паведамленне ў Viber.
У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.
Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.
Пазней у СК патлумачылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК аказалася там праз позу цела загінулага.
Інфармацыя пра выкраданне 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі асобамі на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася, адзначылі ў СК.
Кацярына Андрэева, belsat.eu