Баец АТА: Затрыманы ў Мінску сапраўды ваяваў. Мы думалі, што ён вар'ят ці агент
Беларускі следчы камітэт паведаміў падрабязнасці пра затрыманне 26 лістапада на чыгуначным вакзале Мінска узброенага мужчыны, які прыехаў з Украіны.

Фота з сайта euroradio.fm
Былі апублікаваныя фотаздымкі канфіскаваных рэчаў: бронекамізэлька, самаробная граната, пісталет Макарава, некалькі пашпартоў…
Па дадзеным факце распачатая крымінальная справа за “Незаконныя дзеянні ў дачыненні зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”.
Гэтая інфармацыя выклікала шмат пытанняў. Няўжо рэальны ўдзельнік баявых дзеянняў, які знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў не больш за паўтара месяцы, можа лёгка праехаць беларускую мяжу са зброяй і хадзіць з пісталетам па мінскім вакзале, прычым, у бронекамізэльцы пад курткай.

Фота з сайту sk.gov.by
На сайце СК быў апублікаваны здымак даведкі пра тое, што затрыманы браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны з 6 кастрычніка гэтага года. Паведамляецца, што мужчына — 28-гадовы ўраджэнец Віцебшчыны, навучаўся ва ўніверсітэце ў Наваполацку.
Звяртаемся непасрэдна ў “Правы сектар” з пытаннем, ці сапраўды затрыманы — іх баец.
Арцём Скарападскі, прэс-сакратар арганізацыі, пасля нашага тэлефанавання звязаўся з камандзірам тактычнай групы імя капітана Валавіка, у якой, паводле даведкі, ваяваў затрыманы. Камандзір інфармацыі пра затрыманне іх байца на момант тэлефанавання не меў. Паводле слоў Скарападскага, усе байцы-беларусы з “Правага сектара” знаходзяцца ў месцах нясення службы. Таксама прэс-сакратар падкрэсліў, што апублікаваную даведку лёгка падрабіць. Усю названую інфармацыю Скарападскі назваў папярэдняй.
З ананімных крыніц Еўрарадыё атрымала фотаздымак затрыманага на чыгуначным вакзале. Паказваем фота байцу-беларусу, які бярэ ўдзел у АТА на баку украінскіх войскаў. Крыніца нечакана пазнае чалавека на здымку.

Фота з сайту sk.gov.by і ад ананімных крыніц.
“Гэта не фэйк, сапраўды, такі хлопец існуе. Ён з “Правага сектара”. Пра яго ад’езд ніхто не ведаў. Мы мелі з ім кантакт, але не болей за тое. Асцерагаліся гэтага чалавека, бо ён дзіўна сябе паводзіў. Мы паміж сабой жартавалі: ён ці з прусакамі ў галаве, ці агент беларускіх спецслужбаў. Ці адно і другое адначасова”, — дзеліцца інфармацыяй крыніца.
Еўрарадыё: Чаму вы падазравалі гэтага чалавека?
Удзельнік АТА: У Беларусь ён ездзіў не ў першы раз за ўвесь кароткі час, што ён тут знаходзіўся. Найперш, з гэтай прычыны мы яго асцерагаліся. Калі шчыра, фотаздымкі зброі, якую ў яго нібыта канфіскавалі, вельмі здзіўляюць. Пісталет Макарава тут рэдкасць. На чорным рынку ён каштуе больш за 1000 долараў. Нашы хлопцы з выведкі набывалі ПМ. І тое, трэба было пашукаць. Каб вы разумелі, аўтамат ці кулямёт знайсці ў разы прасцей. А штука баксаў — дурныя грошы! АКС-74 (малагабарытная мадэль аўтамата Калашнікава. — Еўрарадыё), напрыклад, каштуе ад 300 да 700 баксаў. Мы лічым, што яго маглі ўзяць "голым", але з дакументамі. А іншае да справы ўжо прыклалі.
Удзельнікі “Тактычнай групы “Беларусь”, якая ўваходзіць у структуру “Правага сектару”, таксама пазналі чалавека на фота:
“Гэта баец з пазыўным “Дук”. Ён не ўваходзіў у шэрагі нашага падраздзялення, таму мы не можам адказваць за яго дзеянні. Пакуль гэта ўсё, што можам пракаментаваць”.