«Баюся, што гэта менавіта прыхаваная мабілізацыя». Чаму ў Брэсцкай вобласці выклікаюць мужчын у ваенкамат
У Брэсце ў аўральным рэжыме набіраць вайскоўцаў для чарговай праверкі баявой гатоўнасці, якая стартавала ў 3 красавіка. Ёсць выпадкі, калі людзей забіралі проста з працы. Чытачы расказалі «Люстэрку», што выклікаць мужчын пачалі і ў райцэнтрах, а таксама збіраюць будаўнічую тэхніку.
Ілюстрацыйнае фота
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі. Іх звесткі ёсць у рэдакцыі «Люстэрка».
Лунінец: «Усё па тэрмінах і без спешкі»
Днём 6 красавіка «Медыя-Палессе» пісала пра тое, што ў Лунінцы мужчын «забіраюць з дому, з вуліцы, працоўных месцаў, камусьці ўручаючы позвы, а камусьці — не. Іх вязуць аўтобусамі ад Дома культуры». Супрацоўніка аднаго з прадпрыемстваў райцэнтра, паводле суразмоўцы рэгіянальнага медыя, «забралі проста з ложка».
Журналістка «Люстэрка» пагаварыла з некалькімі жыхарамі Лунінца, усе яны сітуацыю з прызывам на чарговую праверку боегатоўнасці апісваюць па-рознаму. Некалькі маладых хлопцаў расказалі, што нічога пра гэта не чулі, самі позваў не атрымлівалі.
Тэма больш на слыху ў старэйшых мужчын. «Забіраюць на звычайныя зборы, як і раней забіралі людзей, якія ўжо адслужылі. Ад сяброў ведаю, што ім давалі позвы, яны прыйшлі ў ДК, ім патлумачылі, што і як, і яны з’ехалі», — кажа Віктар.
Яшчэ адзін лунінчанін, Міхаіл, таксама сказаў, што выклікаюць мужчын, якія знаходзяцца ў запасе, і збіраюць у ДК, а потым кудысьці адпраўляюць. Размовы пра гэта чуў і жыхар Лунінца Вячаслаў:
— Чуў, што цяпер гэта не толькі ў нас у горадзе адбываецца, а шмат дзе, і што з гэтым ужо больш строга. Але без позвы людзей не бяруць — як гаворыцца, гэта не па законе. Знаёмы сказаў, што нядаўна па позве двух хлопцаў забралі, але ўсё па тэрмінах і без усялякай спешкі, — падзяліўся ён.
Івацэвічы: «Выдадуць усім аўтаматы — будзеце ўвесь час са зброяй»
Трывожныя паведамленні ў рэдакцыю прыйшлі ад Аляксандра, чытача з Івацэвічаў. Да мужчыны нядаўна з позвай прыходзілі людзі, якім ваенкамат даручыў разнесці іх па спісах, але дома мужчыну не заспелі, а жонка без яго дакумент браць адмовілася.
— Я абтэлефанаваў сваіх знаёмых, многія, каму ад 35 да 40 гадоў, атрымліваюць позвы хто на рукі, каго праз тэлефон выклікаюць. Учора ехалі з жонкай у вёсцы па дарозе на Слонім, ішлі два мяккія аўтобусы з Івацэвічаў заказныя і адзін пінскі. Яна паглядзела — там адны мужыкі сядзелі, — на эмоцыях расказвае Аляксандр. — У нас на працы некалькіх супрацоўнікаў выклікалі ў аддзел кадраў і далі позвы там пад роспіс, я перажываю, што могуць выклікаць так і мяне. Мой знаёмы так атрымаў позву, пайшоў на медкамісію, а там, нягледзячы на кепскія аналізы і тое, што ў яго пабольвае язва, сказалі, што здаровы. І патлумачылі: цяпер, калі два разы на год па той жа язве не звяртаешся, а на медкамісіі скардзішся, будуць лічыць, што ты косіш ад войска.
Аляксандр кажа, што мужчын з ягонага горада прызываюць у Слонім. А там, паводле яго словаў, каля будынкаў мясцовай 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады заўважаюць шмат будаўнічай тэхнікі.
— Мой знаёмы са Слоніма ўчора праязджаў побач і кажа, што там вельмі шмат трактароў, МАЗаў, самазвалаў, ну і шмат аўтобусаў з трэцім рэгіёнам, з Гомельскай вобласці. Такое пачуццё, што хочуць адправіць на Гомельшчыну. У нас каля ваенкамата таксама збіраюць тэхніку — адны МАЗы і экскаватары. Страшна: што адбываецца, куды заклікаюць і навошта гэта? Знаёмыя расказваюць, што прызываюць усіх мужчын, у каго ёсць катэгорыі С і Е, прычым не пытаюць, служыў ты ці не. Падрабязнасцяў не паведамляюць — толькі што гэта на 35 дзён і з тэхнікай, кажуць: «Выдадуць усім аўтаматы — будзеце ўвесь час са зброяй». Іншыя кажуць, што адна частка ўжо з’ехала на аўтобусах, а другая ў суботу на Слонім паедзе ўжо адразу на тэхніцы, 39 адзінак: трактары і грузавыя машыны.
Аляксандр такой раптоўнай праверкай напалоханы і пакуль стараецца пад рознымі падставамі не з’яўляцца на працы, каб не атрымаць позву там. Мужчына перажывае, што гэта «прыхаваная мабілізацыя», хоць і сумняваецца ў такіх сваіх высновах:
— У маёй знаёмай на працы ў ЖКГ таксама просяць раздаваць позвы — яна бачыла цэлыя стосы на наш невялікі раён. Я баюся, што гэта менавіта прыхаваная мабілізацыя. Яшчэ калі раней знаёмыя хадзілі на зборы, і ім дазвалялі карыстацца тэлефонамі ў размяшчэнні без праблем, то цяпер у людзей, якіх забралі, у частках забаранілі тэлефоны. Сказалі выключыць, а ўключаць толькі ў пэўны час, каб патэлефанаваць. Чаму так усё хаваецца? Разумееце, калі гэта вучэнні, то навошта будаўнічая тэхніка, што мы будзем будаваць?
«Ніхто не скардзіцца, не баіцца». Што кажуць у ваенкаматах
Журналістка «Люстэрка» як занепакоеная грамадзянка патэлефанавала ў ваенныя камісарыяты ў двух райцэнтрах Брэсцкай вобласці. У Івацэвічах пацвердзілі, што прызваных з горада адпраўляюць у частку ў Слоніме.
— Позва выпісаная — значыць, павінен прыбыць, — адзначыла супрацоўніца. — Трэба будзе прыбыць, узяць зменныя рэчы, сродкі асабістай гігіены, лыжку, кубак, можа, трошкі ежы на першы час, калі гэтага чалавека яшчэ адбяруць. Спачатку ўсіх прывозяць, а потым ужо будуць адбіраць.
— А чаму цяпер, кажуць, адбіраюць людзей катэгорый С і Е?
— Гэта ўжо напускалі чутак усялякіх. Збіраем мы ўсіх у каманду, але нам трэба было дадаткова больш кіроўцаў, і мы шукалі, выбіралі, у каго ёсць такія пасведчанні кіроўцы.
— Яшчэ расказваюць, што ў Слоніме каля часткі шмат вайсковай тэхнікі і з Івацэвічаў таксама мужчын вязуць з тэхнікай. Гэта навошта?
— Гэта ў іншыя, можа, часткі. Дзяўчына, мы таксама не ведаем, што і як. Мы вось адпраўляем на зборы хлопцаў і ўсё. Адны вось ужо з’ехалі. Ніхто не скардзіцца, не баіцца.
— Неспакойна. Вайна побач.
— Вось таму трэба трэніравацца і рыхтавацца да ўсяго. І няхай гэта будзе толькі трэніроўка. Мне здаецца, і для вас, і для нас гэта лепш.
Супрацоўніца ваенкамата запэўніла, што ў краіне няма мабілізацыі. Яна параіла «ўважліва слухаць навіны» і не чытаць «тое, што пішуць апазіцыйныя каналы».
У ваенкамаце Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў таксама супакоілі і дадалі, што людзей павязуць у той жа Слонім. Дзяжурны патлумачыў, чаму звозяць і будаўнічую тэхніку.
— Фармуюць падраздзяленні вайскоўцы, і там мусіць быць усё. Калі ў роце ёсць гранатамётчык, кулямётчык, аўтаматчык і снайпер, у цэлым усякая тэхніка ёсць — і экскаватары ёсць, і бульдозеры. Гэта ж усё трэба. Ідзе разгортванне і трэніроўка, каб ведалі хоць… Хто яго ведае, што ў свеце дзеецца. Гэта не тое што іх забіраюць і кудысьці будуць кідаць ці пасылаць — не, усё як звычайна. Толькі зборы робяцца нечакана, [каб праверыць] як спрацуе ваенкамат, як спрацуюць пастаўшчыкі гэтай тэхнікі — як яны яе паставяць, якую. Каб бачыць на свае вочы, на што мы здольныя і гатовыя.
— Таму ўсё так рэзка?
— Так, гэта нечаканая такая праверка на выпадак, калі раптам нешта [здарыцца] не дай бог. Хочуць паглядзець, гатовыя мы да гэтага ці не. Як вайскоўцаў туды-сюды па трывозе выклікаюць, правяраюць: як прыбылі, у колькі. А гэта паднялі менавіта нашыя ваенкаматы — тыя, якія фармуюць гэтую частку ў Слоніме.
— Кажуць, што шмат позваў раздаюць.
— Не слухайце нікога. Ужо блогеры пішуць, што і з ложкаў здымаюць, і на дарогах ловяць. Нікога не здымаюць, не адбіраюць. Выклікаюць як мае быць, па позве, пішуць, што ім трэба ўзяць з сабой, калі прыйсці. Яшчэ ідзе адбор: напрыклад, не падаў [чалавек] звесткі, што ў яго чацвёра дзяцей, і ў яго значацца толькі двое. Такіх таксама адсейваюць. Усё ўлічваецца, перабіраецца. Нікому не верце. Такую ўжо лухту пішуць! Хтосьці там распісаў ужо такое, што і па вуліцах ловяць. Вы верыце ў такое?
— У Брэсце, расказвалі, чалавека проста з працы забралі, не папярэдзіўшы загадзя. Такога ж у нас ніколі не было, таму і насцярожвае.
— Я не ведаю, але, хутчэй за ўсё, хлусяць. Могуць на працу [супрацоўнікі ваенкамата] прыехаць, ведаючы, колькі там працуе чалавек. Вось яны прыехалі, а людзі — на аб’ектах. Калі тых прывезлі, ім позвы ўручылі на наступны дзень ці на калі там, каб яны маглі пайсці сабрацца, узяць з сабой рэчы, паесці, грошай нейкіх, рыльна-мыльнае, як мы кажам. А каб з аўтобуса ў аўтобус перагрузілі і павезлі — такога ў нас няма. Так што не верце нікому і не хвалюйцеся. Гэта раней маглі папярэдзіць за месяц, чалавек рыхтуецца, сям’ю настройвае. А тут, бачыце, па трывозе падымаюць і ўсё. Але гэта тое самае, — запэўніў дзяжурны ваенкамата.
Пазней ваенны камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзімір Кахавец таксама пракаментаваў сітуацыю мясцовай раённай газеце. Паводле яго словаў, праверка боегатоўнасці вайсковых частак — планавае мерапрыемства і праводзіцца штогод. Ваеннаабавязаных адправяць на зборы на 35 сутак для ўкамплектавання вайсковай часткі, у якой і праводзіцца праверка.