Барацьба з карупцыяй па-беларуску: за год карупцыйных злачынстваў стала на траціну больш

За студзень-чэрвень 2015 года колькасць карупцыйных злачынстваў у Беларусі павялічылася на траціну да аналагічнага перыяду мінулага года, канстатуюць у Генпракуратуры.



korrupcija.jpg

Зарэгістравана 651 карупцыйнае злачынства, што на 32,3% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (492). З 16 да 37 узрасла колькасць крымінальна каральных дзеянняў, звязаных з перавышэннем улады, з 149 да 255 — лік крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, з 184 да 203 — фактаў хабарніцтва, гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце ведамства па выніках праведзенай у чацвер калегіі.

Разам з тым, як перадае «Інтэрфакс», там паказваецца на ўзрослую выніковасць дзейнасці органаў пракуратуры па ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй.

«Колькасць праведзеных пракурорамі праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства павялічылася з 487 да 540, палепшылася іх якасць, павысілася эфектыўнасць мер пракурорскага рэагавання», — інфармуе Генпракуратура.

«З улікам наяўнай эканамічнай сітуацыі, асноўнымі напрамкамі пракурорскага нагляду ў сферы эканомікі з'яўляліся пытанні мэтавага і рацыянальнага выкарыстання фінансавых рэсурсаў пры выкананні дзяржаўных праграм развіцця і мадэрнізацыі вытворчасці галін рэальнага сектара эканомікі, забеспячэнне дысцыпліны разлікаў і выканання падатковага заканадаўства», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

«Выяўлены факты адсутнасці кантролю з боку рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання за рэалізацыяй праектаў па будаўніцтве і мадэрнізацыі вытворчасці, росту пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці за пастаўленыя тавары, работы, паслугі, несвоечасовай выплаты наймальнікамі заработнай платы працаўнікам», — адзначаецца ў паведамленні Генпракуратуры.