БАЖ: Байнэт дыскрэдытаваны і небяспечны для любога бізнесу

Улады пазбавілі Беларускую асацыяцыю журналістаў даменнага імя і электроннай пошты. Арганізацыя лічыць гэта не толькі чарговым наступам на свабоду слова, але і найгрубейшым парушэннем права на ўласнасць. У сувязі з гэтым БАЖ звяртаецца ў ICANN — Міжнародную Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі.

fb289024.png

Як паведамляе БАЖ, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі забраў у арганізацыі даменнае імя baj.by. 3 студзеня ААЦ ажыццявіў рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя Baj.by яго ўласніку нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэннямі.

Цяпер пры адкрыцці сайта з'яўляецца заглушка: «Доступ да рэсурсу абмежаваны ў сувязі з выкананнем рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятым на падставе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Доступ да рэсурсу абмежаваны на аснове пункта 11 Палажэння аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх састаўных частак), змешчаных у глабальнай кап'ютарнай сетцы Інтэрнэт».

Раней ААЦ праз рэгістратара ТАА «Адкрыты кантакт» накіраваў уладальніку дамена паведамленне аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці асабістых звестак. Актыўныя дзеянні ўлад у гэтым напрамку пачаліся адразу пасля апублікавання БАЖ пазіцыі адносна правядзення ў Мінску рэгіянальнага Форуму па кіраванні інтэрнэтам.

ТАА «Адкрыты кантакт» спачатку прапанавала ўладальніку дамена даслаць скан пашпарта на электронную пошту, але праз некалькі дзён паведаміла, што ААЦ настойвае на асабістым візіце ўладальніка ў офіс.

У адказ на гэта ўладальнік дамена (намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў) праінфармаваў ТАА «Адкрыты кантакт» пра тое, што інструкцыя аб парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у сетцы інтэрнэт не прадугледжвае «асабістыя візіты» ў офіс рэгістратара (даменамі ў зоне .by могуць валодаць нават замежныя асобы), а ўсе запатрабаваныя рэгістратарам дакументы былі прадастаўлены, што пацвярджае сам рэгістратар.

Нягледзячы на гэта, ААЦ прыняў рашэнне пазбавіць БАЖ беларускага даменнага імя.

Глядзіце таксама

«У пазбаўленні даменнага імя мы бачым не што іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факта парушэння права на свабоду выказвання, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундаментальнае права — права на ўласнасць.

Амаль 20 гадоў сусветна прызнаная Беларуская асацыяцыя журналістаў мела сайт на гэтым дамене і праз сайт прасоўвала каштоўнасці правоў чалавека, стандарты журналісцкай працы і права на выказванне. І ўсе гэтыя 20 гадоў ішла вайна ўлад Беларусі са свабодай слова.

Але нават такія яе абвастрэнні, як прамое рэйдарства, не прывядуць да спынення актыўнасці незалежных медыя і не пазбавяць беларусаў праўдзівых крыніц інфармацыі. БАЖ не дазволіць уладам легітымізаваць рэпрэсіі, дзяржаўную цэнзуру і ціск на незалежныя медыя.

Захопніцкія дзеянні ўлад парушаюць сусветныя правілы адміністравання даменаў, таму БАЖ праінфармуе ICANN — Міжнародную Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі — і будзе разлічваць на адпаведную ацэнку інцыдэнту на сусветным узроўні».

БАЖ нагадвае, што гэта не першы выпадак даменнага рэйдарства з боку дзяржавы ў дачыненні да незалежных медыя. 29 снежня ў Беларусі анулявалі даменнае імя TUT.by, а таксама звязаныя з парталам дамены afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by.

«З упэўненасцю можна сказаць, што мець дамен у Беларусі цяпер проста небяспечна для любога бізнесу. І ніводная кампанія ці бізнес не застрахаваны ад знішчэння праз адабранне дамена дзяржавай па надуманых прычынах. Байнэт дыскрэдытаваны і небяспечны не толькі для незалежных медыя, але і для любога бізнесу, які можа стаць наступным», — каментуе сітуацыю намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік інфармацыйнага аддзела Барыс Гарэцкі.

Арганізацыя папярэджвае, што БАЖ пазбаўлена магчымасці кантраляваць сайт baj.by і любыя электронныя скрыні ў дамене @baj.by, а таму просіць не заходзіць на стары сайт, не пісаць і не адказваць на любыя электронныя паведамленні з электронных скрынь @baj.by.

Новы сайт і новыя сапраўдныя электронныя пошты арганізацыі павінны ўтрымліваць новы даменны адрас: baj.media.