Беларусь не можа праявіць палітычную волю ў пытанні смяротнага пакарання
Падчас сустрэчы з амбасадаркай Аўстрыі ў Беларусі Алаізай Вэргетэр кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка выказаў думку, што праводзіць рэфэрэндум аб адмене смяротнага пакарання дачасна, перадае Радыё Свабода.
Паводле ягоных звестак, каля 60% насельніцтва краіны гатовыя выказацца супраць скасавання найвышэйшай меры.
Як заявіў Андрэйчанка, адрозна ад еўрапейскіх краін, якія праявілі ў гэтым пытанні палітычную волю, Беларусь так зрабіць не можа. Ён абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ў свой час на патрабаванне Рады Еўропы беларускае кіраўніцтва ініцыявала рэферэндум, па выніках якога каля 80% удзельнікаў выказаліся за захаванне смяротнай кары.
«Адпаведна, мы не можам прыняць нейкі закон ці ўказ, тым самым скасаваўшы смяротнае пакаранне, не параіўшыся з людзьмі», — сказаў Андрэйчанка, падкрэсліўшы, што апошнім часам у Беларусі на гэты конт праводзіцца вялікі аб’ём тлумачальнай працы. Таму пройдзе час — і пытанне будзе вырашанае, лічыць ён.
Пытанне правоў чалавека і адмены смяротнага пакарання ўзнікла з падачы аўстрыйскай амбасадаркі. Яна адзначыла, што Аўстрыя атрымлівае станоўчую інфармацыю аб пераўтварэннях у Беларусі. Аднак Аўстрыю трывожыць тое, што Беларусь як апошняя краіна Еўропы не прымае ніякіх захадаў для абвяшчэння мараторыя на найвышэйшую меру пакарання.
Уладзімір Андрэйчанка на гэта адказаў, што пэўныя крокі робяцца. У прыватнасці, зацверджаны нацыянальны план аб гарантаванні правоў чалавека і абмяркоўваецца механізм зменаў у выбарчым заканадаўстве.
«Аднак у любым пытанні мы не будзем уносіць рэвалюцыйныя змены, — дадаў Андрэйчанка. — Бо найперш не хочам страціць самае галоўнае, што ёсць у Беларусі, — стабільнасць».
Паводле старшыні Палаты прадстаўнікоў, Беларусь будзе працаваць над паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека, аднак усё павінна адбывацца «эвалюцыйным шляхам». Рэвалюцый не будзе, падсумаваў Уладзімір Андрэйчанка.
svaboda.org