Беларусаў хочуць абмежаваць «ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве»
Беларусаў хочуць абмежаваць "ад інфармацыі [у інтэрнэце], якая наносіць шкоду дзяржаве". Пра гэта заявіў новы міністр інфармацыі, піша «Еўрарадыё».
Такія планы ў эфіры тэлеканала СТБ агучыў новы міністр інфармацыі Ігар Луцкі. Паводле яго слоў, таксама стаіць задача давядзення да насельніцтва "выразнай дзяржаўнай палітыкі". І для гэтага Мінінфарм будзе "карэктаваць дзеянні сродкаў масавай інфармацыі".
"Мы бачым, што ўжо цяпер, у перыяд важнай палітычнай кампаніі, адбываецца ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, на старонках сайтаў, на відэахостынгах", — працягвае міністр. Ён падкрэслівае, што гэта "вельмі сур'ёзна ўплывае" на сітуацыю ў Беларусі і на тое, як наша краіна будзе развівацца.
"Забіць галаву вельмі проста, лічбавы шум досыць сур'ёзна ўплывае на розумы", — мяркуе Ігар Луцкі. І дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі будуць "разбураць гэты лічбавы шум і даносіць праўдзівую інфармацыю".
Ігару Луцкаму 48 гадоў. У 2014-2018 гадах быў першым намеснікам міністра інфармацыі, пасля працаваў гендырэктарам тэлеканала СТБ. Міністрам інфармацыі прызначаны 4 чэрвеня 2020-га.