Беларускія грамадскія дзеячы звярнуліся да ўладаў з нагоды 102-годдзя БНР

Грамадскі Нацыянальны Аргкамітэт па святкаванні 100-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі накіраваў зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Мінгарвыканкам.

do1.jpg

У звароце Аргкамітэт ухваляе тыя прапановы да святкавання 100-годдзя БНР, якія былі рэалізаваныя з дапамогай уладаў. «Аргкамітэтам была прапанаваная значная і аб’ёмная праграма святкавання вялікага юбілею. І трэба сказаць, што многае было зроблена: напрыклад, быў усталяваны і ўрачыста адкрыты мемарыяльны знак у гонар ідэолагаў Беларускага Адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў блізка ад таго месца, дзе стаяў дом Луцкевічаў у парку Янкі Купалы. Аргкамітэт арганізаваў і правёў нацыянальнае свята ў гонар юбілею БНР на пляцоўцы каля опернага тэатра, чаму паспрыяў, бясспрэчна, Мінгарвыканкам і асабіста яго былы старшыня сп. А. Шорац. За што яму Аргкамітэт выказвае асабісты вялікі дзякуй ад імя усіх удзельнікаў святкавання!»
Але аўтары зварота звяртаюць увагу не праблемы, якія не былі вырашаныя: у прыватнасці, дагэтуль не ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі: «Актывісты грамадзянскай супольнасці за адзін дзень сабралі неабходную суму грошай на выраб з бронзы мемарыяльнай пліты, якая і была адлітая. Але, насуперак афіцыйным абяцанням, усталяванне дошкі так і не адбылося ні ў 2018 годзе, ні ў 2019-м. Адказы з Мінгарвыканкама і Адміністрацыі прэзідэнта былі проста адпіскамі з мэтай зацягнуць час. Таксама мы прапанавалі надаць вуліцы Валадарскага, на якой стаіць славуты дом БНР, імя братоў Луцкевічаў, вядомых прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, дзякуючы якім і была абвешчана незалежнасць БНР. З-за правалочак Мінгарвыканкама па сённяшні дзень не ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэнення незалежнасці нашай краіны, і вуліца, на якой стаіць дом БНР, носіць імя адыёзнай асобы, якая не мела ніякага дачынення ні да Мінска, ні да Беларусі».
Аргкамітэт уздымае пытанне таго, што шматлікія вуліцы, плошчы і помнікі ў Беларусі прысвечаны людзям, якія выступалі супраць беларускай незалежнасці і праводзілі тэрор беларусаў, у той час як памяць змагароў за незалежнасць у краіне не ўшанавана належным чынам: «І мы павінны жыць і хадзіць па вуліцах, плошчах, завулках, названых імёнамі катаў нашага народа і іншых народаў. Імёнамі гэткіх “герояў” – бальшавікоў у нас названыя многія вуліцы, завулкі, плошчы, у гонар іх усталяваны помнікі і мемарыяльныя дошкі. А вось увекавечыць памяць нашых самых відных адраджэнцаў – герояў БНР – адказным спецыялістам Мінгарвыканкама і Адміністрацыі не хапіла ні духу, ні смеласці!»
Прадстаўнікі аргкамітэта запатрабавалі ад уладаў выправіць склаўшуюся сітуацыю, вярнуцца да ўсталявання мемарыяльнай шыльды і распачаць перайменаванне беларускіх вуліц, плошчаў, завулкаў: «Напярэдадні 102-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі мы патрабуем ад Мінгарвыканкама ўсталяваць на доме №9 (Дом БНР) на вуліцы Валадарскага мемарыяльную дошку ў гонар абвяшчэння БНР 25 сакавіка 2020 года. Вуліцы Валадарскага пры гэтым надаць імя братоў Луцкевічаў. Мы таксама заклікаем перамясціць мемарыяльны знак у гонар бацькоў Беларускага Адраджэння у парку бліжэй да вуліцы Янкі Купалы. Усе вуліцы, плошчы і завулкі ў Мінску, а таксама ў іншых гарадах і мястэчках Рэспублікі Беларусь, названыя імёнамі бальшавіцкіх правадыроў, перайменаваць і вярнуць ім гістарычныя назвы, якія ўзніклі ў эпоху ВКЛ. На гэта мы маем канстытуцыйнае права, волю прадстаўнікоў народа і памяць перад героямі Адраджэння, перад слаўнымі сынамі нашай краіны».
Зварот падпісаны дзесяццю асобамі, сярод якіх акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, старшыня фонду «Сакавік» Марыя Міцкевіч, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Паводле прэс-рэліза