Беларускія мытнікі перайшлі на ўзмоцнены рэжым працы
Беларуская мытня ў перыяд доўгіх выхадных будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, у рэспубліканскіх пунктах мытнага афармлення арганізаваны дадатковыя працоўныя месцы службовых асоб мытных органаў, павялічана колькасць супрацоўнікаў у дзяжурных зменах.
Акрамя таго, адзначае ДМК, у кожнай мытні існуюць рэзервы са службовых асобаў, якія ў выпадку неабходнасці своечасова будуць накіраваны для працы ў пункты пропуску.
Праведзены неабходныя перамовы з кантралюючымі службамі сумежных дзяржаў аб аператыўным рэагаванні пры ўзнікненні пазаштатных сітуацый.
Па дадзеных ДМК, у 2019 годзе аб'ёмы тавараў, перамешчаных праз мытную мяжу, выраслі амаль на 900 тысяч тон у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Усяго праз мяжу прайшло каля 90 млн тон грузаў.
Як сцвярджаюць мытнікі, сёння не больш за дзесяць хвілін займае афармленне 84% транзітных тавараў, а 77% тавараў, якія ідуць на імпарт, афармляюць на працягу дзвюх гадзін.
naviny.by