Беларускія валанцёры дапамаглі кату з Бучы вярнуцца да гаспадароў
Адэскае выданне «Думская» апублікавала гісторыю аб мэйн-куне Максе з Бучы, якога ўдалося вярнуць гаспадарам — сям'і адэсіткі Алены Кукурузка. Яна больш за год таму перабралася жыць пад Кіеў.
Дом Алены, яе мужа і паўтарагадовага сына знаходзіўся ў трох кіламетрах ад Гастомельскага аэрадрома, у лясной Бучы. Калі ў канцы лютага іх пачалі бамбіць, было вырашана, што муж адвязе іх у Жытомір, а сам вернецца назад за рэчамі і катом.
«Я ўзяла адзін заплечнік, муж быў проста ў спартыўным касцюме. Калі мы даехалі да мяжы Кіеўскай вобласці, пачалі тэлефанаваць суседзі і казаць, што пасёлак бамбяць і высадзіўся дэсант. Мы зразумелі, што вяртацца няма куды», — прыводзіць словы жанчыны REFORM.by.
У пачатку сакавіка пасёлак акупавалі, а ў іх доме пасяліліся расійскія вайскоўцы, паставілі ў двары БТР і вырылі ўздоўж плота акоп. У канцы сакавіка Бучу вызвалілі, і аказалася, што дом разрабаваны, у дзіцячым пакоі сапёры выявілі расцяжку з гранатай, а кот знік.
«Мы пачалі шукаць Макса. Я спадзявалася, што ён жывы і яго вывезлі валанцёры, якія ратавалі хатніх жывёл. 38 дзён я ўпарта верыла, што ён жывы. Без доказаў, насуперак таму, што ўсе пісалі, што ў нашым пасёлку было пекла. Напэўна, задзяўбла ўсе фонды, валанцёрскія цэнтры і групы падтрымкі Гастомелю і Бучы», — распавяла Алёна.
Месяц таму ёй патэлефанавалі на вайбер з незнаёмага беларускага нумара.
«На кулоне былі вашы кантакты, мы не ведалі, тэлефанаваць ці не, і як вы паставіцеся да беларусаў пасля ўсяго, што адбываецца», - сказала дзяўчына, якая тэлефанавала.
«Выявілася, што Макса выкралі расійцы. Кот праехаў больш за 300 км на брані расійскага БТРа разам з выкрадзенай у жыхароў Бучы і Ірпеня бытавой тэхнікай. У раёне Гомеля мэйн-куну ўдалося збегчы і прыбіцца да мясцовых жыхароў», — піша выданне.
Дзяўчына з Беларусі даслала фота Макса і нашыйніка з кулонам, дзе на адваротным баку быў QR-код з кантактамі Алены.
Беларускія валанцёры дапамаглі зрабіць Максу новы ветэрынарны пашпарт і чып і перадалі яго польскім валанцёрам на мяжы. Цяпер ён уз'яднаўся з сям'ёй ў Чэхіі.
«Словы пра тое, што кот з Украіны і што мы жылі ў Бучы, спрацоўвалі як код: ніхто з мяне не ўзяў грошай, пры першым знаёмстве анлайн перапрашалі. За Лукашэнку, за тое, што так усё», — распавяла Алена.