Беларусь тоне ў крэдытах

У той час, як Аляксандр Лукашэнка, не атрымаўшы спадзяваны крэдыт у Расіі, ездзіць па свеце ў пошуках грошай, гэтыя грошы чакаюць яго ў Беларусі. Міжнародны валютны фонд, у чарговы раз правёўшы маніторынг эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, заявіў аб тым, што гатовы даць чарговы крэдыт уладам. Зразумела, не без умоваў.



mvf_1.gif

Як паведаміў кіраўнік місіі МВФ, якая ажыццяўляла постпраграмны маніторынг у перыяд з 14 па 25 сакавіка 2013 года ў Мінску, Дэвід Хофман, для пачатку перамоў па новым крэдыце беларускія ўлады павінны выканаць дзве звязаныя паміж сабою ўмовы. Яны не тычацца палітыкі (пра што любяць казаць уладныя выступоўцы) і з’яўляюцца ў пэўным сэнсе стандартнымі для МВФ. Найперш, урад павінен падрыхтаваць праграму мер макраэканамічнай палітыкі, якія забяспечваюць стабільнасць эканомікі, і праграму паглыблення структурных рэформаў эканомікі.

 

«Для перамоў па новай праграме па-ранейшаму неабходна мець такія абавязацельствы, каб яны выклікалі давер, то бок былі прынятыя на самым высокім узроўні ў дачыненні да комплекснага пакета мер, які мог бы атрымаць дастатковую падтрымку з боку краін — сябраў МВФ», — сказаў Хофман. Ён не хавае, што абавязацельствы — гэта ўзгадненне праграм з Аляксандрам Лукашэнкам і яго адміністрацыяй.

 

Тым самым Хофман як бы падкрэсліў: МВФ добра ведае, хто ажыццяўляе і хто адказны за эканамічную палітыку Беларусі, і гэта, канешне, не ўрад краіны.

 

Хофман таксама ўдакладніў, чаго хоча МВФ. «Лібералізацыя коштаў, умацаванне правоў уласнасці, прыватызацыя, рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і стварэнне сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі для падтрымкі найбольш неабароненых слаёў насельніцтва застаюцца ключавымі прыярытэтамі рэформ», — заявіў кіраўнік місіі.

 

Але, як ні дзіўна, гэтыя словы не выклікалі ў Мінску ніякага ажыятажу і пляскату ў далоні, тым больш пасля правалу перамоў па крэдыту ў Санкт-Пецярбурзе. Раней бы прапаганда скарыстала такую магчымасць: у чарговы раз паказаць «вялікаму брату», што ёсць яшчэ каму падтрымліваць Беларусь. Былі б і словы ўдзячнасці МВФ, як у 2010 годзе, калі прэзідэнт на прэс-канферэнцыі расійскім журналістам публічна заявіў, што Беларусь ад крызісу выратавала не Расія, а МВФ, даўшы большы і таннейшы крэдыт. Зараз жа — маўчок, і пра крэдыт МВФ ніхто не кажа, акрамя саміх МВФаўцаў.

 

У чым жа справа? Няўжо ў Беларусі раптам знікла праблема з грашыма? Не, так проста фінансавыя праблемы не заканчваюцца. Справа ў тым, што Беларусь не можа выканаць нават мінімальныя паказчыкі па МВФаўскім крэдыце.

 

Дэвід Хофман не здарма згадаў Аляксандра Лукашэнку ў сваім выступе. Ён яшчэ і даў зразумець, што фонд выдатна ведае Лукашэнку як гаспадара свайго слова ў сэнсе «сам даў, сам назад узяў». Там ведаюць, што планы і праграмы можна напісаць якія заўгодна, аднак тое, як яны будуць выконвацца на практыцы — вялікае пытанне. Таму, пэўна, патрабаванні ў тым, каб напісанае выконвалася. А як яно будзе выконвацца, калі мы не здольныя выканаць нават уласную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, не кажучы ўжо пра тое, што напісана для МВФ і да таго падобных структур?

 

Да таго ж, адна справа — ажыццяўляць жорсткую фінансава-эканамічную палітыку (чым з пераменным поспехам, але займаецца Нацбанк), іншая справа — сістэмныя пераўтварэнні. За сістэмныя пераўтварэнні нельга выдаць папулярную зараз мадэрнізацыю, бо такія пераўтварэнні бачныя зараз і адразу. Гэта празрыстая прыватызацыя, гэта ліквідацыя кантролю за коштамі і цэнаўтварэннем, гэта рэформа вытворчых адносін. А ўсё гэта ў сённяшняй Беларусі, збольшага, невыканальнае.

 

Наадварот, Беларусь у гэтым плане коціцца назад. Якія могуць быць гарантыі прыватнай уласнасці пасля нацыяналізацыі «Спартака» і «Камунаркі»? Якая можа быць прыватызацыя і рэформа вытворчых адносін, калі ў краіне ўведзеная працэдура ўладальніцкага нагляду за прадпрыемствамі і дзейнічае Дэкрэт №9?

 

Да таго ж, па меркаванні ўрада, у краіне ўсё добра. Напачатку тыдня ўрад даў справаздачу па фінансавым становішчы краіны. «На 1 студзеня 2013 года ніжэй парогавага значэння знаходзіліся ўсе паказчыкі знешнезапазычанай устойлівасці. У прыватнасці, валавы знешні доўг да ВУП склаў 54%, або 34,1 мільярда долараў ЗША (пры парогавым значэнні не больш за 55%); знешні дзяржаўны доўг да ВУП — 19%, або 12 мільярдаў долараў ЗША (пры парогавым значэнні не больш 25%); плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні знешняга дзяржаўнага доўгу да валютнай выручкі — 2,9%, або 1,5 мільярда долараў ЗША (пры парогавым значэнні не больш за 10%)», — гаворыцца ў паведамленні на сайце Саўміна краіны.

 

Але тое, што ў беларускага ўрада стварае ўражанне — «ўсё добра», у незалежных эканамістаў выклікае жах. Да парогавага значэння знешняга доўгу ў нас застаўся толькі 1%, а мы яшчэ і імкнёмся браць у кагосьці крэдыт! І зусім недарэчным выглядае сцвярджэнне аб «бяспечнай» велічыні знешняга доўгу ў 34,1 мільярда долараў, калі золатавалютныя рэзервы Нацбанка складаюць усяго толькі каля 8 мільярдаў долараў — то бок, у чатыры разы менш, чым мы вінаватыя.

 

Зрэшты, ёсць прыклад больш просты і зразумелы: на 1 студзеня 2013 года кожны беларус, уключаючы нованароджаных і пенсіянераў, быў вінен знешнім крэдыторам звыш 3,5 тысячы долараў. Сям’я з чатырох чалавек, такім чынам, вінная 14 тысяч долараў. То бок, каб аддаць гэтыя грошы за год, заробак сям’і павінен быць не менш за 1 200 долараў у месяц, і гэта без харчавання і квартплаты. А наш заробак на аднаго з бацькоў і да 500 не дацягвае…

 

Застаецца толькі нагадаць, што абслугоўванне і частковае пагашэнне толькі вонкавага дзярждоўгу абыдзецца краіне ў бягучым годзе ў 3,6 мільярда долараў. Прычым вялікая частка гэтай сумы будзе рэфінансавацца новымі знешнімі запазычаннямі.