Былому гендырэктару Пінскага мясакамбіната прысудзілі 7 гадоў калоніі
7 ліпеня прайшоў судовы працэс па абвінавачанні ў хабарніцтве. На лаве падсудных апынуўся былы гендырэктар Пінскага мясакамбіната.
Сутнасць справы заключалася ў тым, што былы гендырэктар разам з начальнікам аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці «ўступілі ў злачынную змову» і « сістэматычна атрымлівалі матэрыяльныя каштоўнасці ў якасці хабару» за адгрузкі прадукцыі мясакамбіната ў Казахстан. Памер хабару, паводле інфармацыі прэс-службы Вярхоўнага суда, склаў каля 124 000 беларускіх рублёў. Абвінавачанне было прад'яўлена па ч.3 арт. 431 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Даванне хабару ў асабліва буйным памеры», ад 5 да 10 гадоў са штрафам ці без).
Былому гендырэктару мясакамбіната прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 96 000 рублёў, начальніца аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці атрымала 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 32 000 рублёў, а прадстаўніку казахстанскага боку далі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 64 000 рублёў штрафу. Усе яны пазбаўленыя права займаць пэўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.