Ці могуць беларусы жыць спакойна?

Ад самага пачатку рэпрэсій тыя, хто іх ажыццяўляе, заклікалі «перагарнуць старонку», «супакоіцца», абяцалі «дараваць» і прапаноўвалі вярнуцца тым, хто з'ехаў ад пераследу. Ці магчымае цяпер у Беларусі ранейшае жыццё, разважае «Народная Воля».

«Міліцыя, хопіць хапаць людзей!». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Міліцыя, хопіць хапаць людзей!». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


— Людзі разабраліся, што галоўнае пасля ежы — гэта спакой, бяспечнае жыццё. Адсюль усе вытворныя: спакойна гадаваць сваіх дзяцей, глядзець, якія ў іх поспехі ў школе, каб яны не свавольнічалі, каб дома быў дастатак, — сказаў памагаты Лукашэнкі Юрый Караеў у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1».

Беларус можа жыць спакойна?

Можна было б напісаць цэлы трактат на тэму, як мы да такога дажыліся: высокія чыноўнікі ўжо пераконваюць, што шкала каштоўнасцей беларусаў абмяжоўваецца прыроднымі інстынктамі — жыць сыта і гадаваць дзяцей. Але гэта асобная вялікая тэма, — піша на «Народнай Волі» Алена Новікава. — А сёння я хачу спытаць спадара Караева, чаму тыя чалавечыя якасці, якія і забяспечылі развіццё чалавецтва — такія, як прага да свабоды, вальнадумства, здольнасць да крытычнага аналізу — не вітаюцца ў нашай дзяржаве?

Ці хаця б больш простае пытанне. Цікава, што ён мае на ўвазе, калі гаворыць пра «спакойнае жыццё»?


Прывяду прыклад.

Уся Беларусь ужо каторы месяц узбуджана абмяркоўвае навіны пра тое, што людзей звальняюць з працы не толькі за ўдзел у акцыях пратэсту, але нават за подпісы, пастаўленыя за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Кажуць, што ёсць нейкія «чорныя спісы» і, намякаючы на подпіс «не за таго», з людзьмі не працягваюць кантракты.

Праўда гэта ці няпраўда — афіцыйных каментарыяў няма. Ніхто не абверг такія чуткі. Ніхто не запэўніў, што па законе беларусы могуць вылучаць на выбарах любога кандыдата, ды і галасаванне ў нас тайнае. Таму калі Цэнтрвыбаркам некаму перадаў тыя спісы, тым больш — калі па іх праводзяцца «чысткі», то вінаватыя атрымаюць і па шапцы, і па руках.

Няўжо Юрый Караеў не ведае, пра якую колькасць людзей ідзе гаворка?

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты было сабрана амаль 400 тысяч подпісаў, за Валерыя Цапкалу — амаль 200 тысяч, за Святлану Ціханоўскую — больш за 100 тысяч, за Андрэя Дзмітрыева — больш за 100 тысяч… Так, некаторыя ставілі подпісы адразу за некалькіх кандыдатаў. Але вы ўяўляеце, пра якую колькасць людзей у дадзеным кантэксце размова? Яны могуць жыць спакойна, не ведаючы, што з імі заўтра здарыцца?

І гэта толькі адзін прыклад, хаця іх мноства.

Беларус можа жыць спакойна, калі афіцыйна абвешчана, што «бываюць часы, калі не да законаў»?

Беларус можа жыць спакойна, калі ведае, што ў выпадку канфлікту з праваахоўнай сістэмай адвакат за яго апраўданне змагацца не стане, бо будзе баяцца страціць ліцэнзію?

Беларус можа жыць спакойна, калі штодня ідуць звесткі пра нейкія аблавы — то на страйкбалістаў, то на фанатаў спартыўных клубаў, то на гістарычных рэканструктараў, то на жыхароў пэўнага мястэчка?

Беларус можа жыць спакойна, калі ў нашай краіне прысутнічаюць чужыя салдаты, а з тэлеэкранаў прапагандысты пагражаюць бамбіць і Варшаву, і Лондан?

І гэтак далей, і гэтак далей.


Як можна жыць спакойна, калі ў Беларусі караюць нават за тое, што не забаронена — за не таго колеру адзенне; за выявы сімволікі са спісу нацыянальна-культурных каштоўнасцей; за тое, што проста апынуўся не ў той час не ў тым месцы…

Дык што мае на ўвазе Юрый Караеў, калі гаворыць пра «спакойнае жыццё»? Дзе яно, гэтае наша спакойнае жыццё?..

Нядаўна з Беларусі з’ехала наша калега. Яна не ўцякала ад крымінальнага пераследу, яна не бегла за вялікімі грашыма ці лепшым жыццём. Яна патлумачыла сваё рашэнне проста: «Больш не магу баяцца, не маю сіл».

Спадар Караеў, скажыце шчыра, людзі, якіх штодня запалохваюць, якіх можна пакараць за што заўгодна — нават за тое, што не забаронена — могуць жыць спакойна? Адкажыце на гэтае пытанне хаця б самому сабе.