Ці пагражае штучны інтэлект журналістыцы і фатаграфіі?

Ці зможа ШІ ствараць журналісцкія тэксты, выконваць працу дызайнера, рабіць фотаздымкі і, тым самым, цалкам замяніць людзей у гэтых прафесіях? БАЖ прыводзіць усе «за» і «супраць».

Фота www.unite.ai

Фота www.unite.ai

Некалькі тыдняў таму «Еўрарадыё» расказвала, што іх дызайнер Улад Рубанаў пачаў перажываць з-за ўсё большай колькасці ілюстрацый, якія для медыяў рабіў штучны інтэлект. Ён нават пайшоў да калег, каб спытаць, ці плануюць яго мяняць на Midjourney. Падобныя размовы жартам ці ўсур’ёз перыядычна здараюцца ў многіх рэдакцыях. БАЖ паглядзеў, як ацэньваюць уплыў ШІ на журналістыку рэдактары і рэпарцёры заходніх медыя, і што пра гэта гавораць эксперты. Спойлер: усё не так безнадзейна.

Чаму выкарыстанне ШІ — ужо не новая тэндэнцыя?

Штучны інтэлект у СМІ даўно перастаў быць навінкай. Напрыклад, Washington Post складаў загалоўкі з дапамогай самастойна распрацаванай тэхналогіі ШІ яшчэ ў 2017 годзе. За апошнія шэсць гадоў ШІ пранікаў ва ўсё большую колькасць рэдакцый: праграма агенцтва Bloomberg аналізуе фінансавыя справаздачы і маментальна пераўтворае іх у навіны, якія змяшчаюць усе значныя лікі і факты, а сістэма газеты CrimeMap навучыла кампутар аналізаваць справаздачы паліцэйскага ўпраўлення горада.

Па даных справаздачы Tow Centre за 2017 год, некалькі інфармацыйных агенцтваў у Злучаных Штатах ужо тады выкарыстоўвалі ШІ для выяўлення факталагічных памылак. Reuters выкарыстоўвала інструмент пад назвай News Tracer для адсочвання галоўных падзей дня ў сацыяльных сетках і праверкі дакладнасці паведамленняў у Х.

Глядзіце таксама

А Serenata de Amor, група бразільскіх журналістаў і энтузіястаў у галіне тэхналогій, з дапамогай робата з імем Роўзі (Rosie) адсочвала ўсе выплаты, заяўленыя членамі кангрэса краіны, з указаннем прычын, па якіх гэтыя выдаткі могуць лічыцца падазронымі.

Усё гэта прыводзіць да таго, што шмат якія прадстаўнікі журналісцкай прафесіі асцерагаюцца, што штучны інтэлект пакіне іх без працы. Але, як пісаў у 2019 годзе GIJN, калі замест перажыванняў пачаць вывучаць ШІ, тэхналогія стане выдатным памочнікам у працы. Алгарытмы дапамагаюць сістэматызаваць даныя, каб знайсці адсутнае звяно ў расследаванні, а таксама выяўляць сярод мільёнаў кропак дадзеных адхіленні, якія могуць стаць крыніцай навін. І не толькі гэта.

Ці пагражае ШІ журналістам?

Адзін з галоўных страхаў журналістаў заключаецца ў тым, што нейрасеткі заменяць рэпарцёраў і змогуць самі пісаць тэксты і публікаваць іх. Эксперт Сяргей Якупаў супакойвае: гэта далёка не так. Справа ў тым, што генератыўная сістэма не разумее кантэкст.

 — Гэта значыць ШІ можна выкарыстоўваць для публікацыі нататак, але толькі пры наяўнасці нейкай структураванай матрыцы даных. Што маецца на ўвазе? Напрыклад, у спартовых навінах ёсць выразны лікавы вынік: на якой хвіліне гулец забіў гол, якую адлегласць прабег спартовец і г. д. Нейронная сетка з гэтым зладзіцца. Тое ж самае тычыцца інфармацыі пра надвор’е, фондавы рынак і прэм’еры фільмаў. Перавага ШІ у тым, што ён знойдзе навіны там, дзе чалавек, хутчэй за ўсё, прапусціць, бо нейрасетка здольная хутка аналізаваць велізарны масіў дадзеных, – кажа ён.

Такое ж меркаванне выказваў Чарлі Бекет, кіраўнік аналітычнага цэнтра Polis пры Лонданскай школе эканомікі, які спецыялізуецца на СМІ. Пры гэтым ён бачыць вялікі патэнцыял у штучным інтэлекце, машынным навучанні і апрацоўцы дадзеных. Так, падобныя тэхналогіі адкрываюць для журналістаў новыя магчымасці па «раскрыцці, стварэнні і наладжванні сувязяў». Машыны «хутка змогуць узяць на сябе большую частку руціннай журналісцкай працы».

Там, хто рыхтуе навіны, ШІ можа прыдацца, да прыкладу, для адсочвання цікавых гісторый з дапамогай пастоў у сацыяльных сетках. А аўтарам, якія працуюць з буйнейшымі жанрамі, дазволіць не марнаваць час на пошук і структураванне інфармацыі.

Да прыкладу, інфармацыйнаму агенцтву AP з дапамогай ШІ атрымалася на працягу аднаго квартала павялічыць колькасць артыкулаў пра бізнэс-справаздачы кампаній з 300 да 3700. Усяго ж тэхналогія ШІ рэдакцыі AP аўтаматычна генеруе каля 40 000 справаздач у год.

— Аўтаматызацыя вызваляе нашых журналістаў ад руціннай дзейнасці, каб яны маглі прысвяціць сябе больш паўнавартаснай, творчай працы, — кажа Ліза Гібс, кіраўніца аддзела навінавых партнёрстваў і ШІ News Lead у AP. — Гэта дазваляе нам вырабляць больш кантэнту і больш эфектыўна прадастаўляць інфармацыю новым групам чытачоў. І гэта павялічвае нашу здольнасць адсочваць навіны.

Глядзіце таксама

Як выкарыстоўваць ШІ з выгадай для сябе?

Калі не баяцца ШІ, а пасябраваць з ім, ён дапаможа істотна палепшыць эфектыўнасць у працы. Напрыклад, штучны інтэлект можа стаць добрым кансультантам для рэдактара. Сяргей Якупаў бачыць вялікі патэнцыял у выкарыстанні нейронавых сетак пры пабудове бізнес-працэсаў унутры рэдакцыі. З дапамогай ШІ можна зэканоміць рэсурсы, каб накіраваць іх на падрыхтоўку больш цікавага і складанага кантэнту.

— ШІ можа вызначыць эфектыўнасць не проста кожнага тэксту, а кожнай часткі гэтага тэксту. Скажыце, наколькі гэта уцягвае гледачоў і прымушае іх вяртацца на пляцоўку, — дадае эксперт. — Мы можам разумна агрэгаваць навіны. Штучны інтэлект дапаможа вызначыць, што важна, дзе дубліраванне, дзе эксклюзіўнасць. Гэтая сістэма выкарыстоўвае ключавыя словы, каб дапамагчы нам выбраць сапраўды важныя рэчы.

Акрамя таго, штучны інтэлект можа ўзяць на сябе пераклады з адной мовы на іншую або транскрыбаванне аўдыязапісаў, што істотна паскорыць час падрыхтоўкі матэрыялаў. Яшчэ адна магчымасць: аналіз і структураванне даных. Да прыкладу, можна загрузіць любы файл у Claude або платную версію ChatGPT і папытаць яго выняць з масіва даных лікі, якія адносяцца да вызначаных параметраў, і пераўтварыць іх у табліцу. Гэта мог бы зрабіць чалавек, але гэта заняло б вельмі шмат часу і ў выніку эфэктыўнасьць была б вельмі нізкай.

Чарговае ўменне ШІ, якое спатрэбіцца журналістам, — праца з загалоўкамі. Штучны інтэлект можа сабраць базу даных і падказаць найбольш аптымальны загаловак для пэўнай платформы і каб гэта не было клікбейтам. Праўда, тут ёсць адваротны бок: любая аўтаматызацыя мяркуе некаторую асераднёнасць, і цалкам спадзявацца на тэхналогіі не варта. Але ШІ можна навучаць, і чым больш дадзеных мы генеруем, тым разумнейшай становіцца сістэма.

Аўтаматычная праверка фактаў на дакладнасць — яшчэ адна функцыя ШІ, якая можа палепшыць якасць працы, дазволіўшы аператыўна правяраць публічныя заявы ці афіцыйныя паведамленні на наяўнасць факталагічных памылак. Да прыкладу, кампанія Full Fact распрацоўвае праграму аўтаматызаванай праверкі на дакладнасць для «выяўлення заяў, факты якіх ужо падвяргаліся праверцы, у новых месцах, а таксама аўтаматычнага вызначэння і праверкі новых заяў з дапамогай інструмента апрацоўкі натуральнай мовы (Natural Language Processing) і структураваных даных».

Глядзіце таксама

А што наконт фатаграфій?

Што да візуальнага кантэнту, то і тут без чалавечага фактару ніяк. Вядома, ШІ можа стварыць выяву па запыце, але тэхналогія наўрад ці зможа паказаць тую ці іншую падзею, прыродную з’явы і не толькі. А вось ілюстрацыйныя выявы бываюць даволі рэалістычнымі, і развіццё штучнага інтэлекту ставіць пад сумнеў уяўленне пра тое, чаму можна давяраць. Выкарыстанне ШІ ў фатаграфіі ставіць перад журналістамі і рэдактарамі пытанне аб аўтарскім праве, лічыць эксперт PwC Мона дэ Бур.

— Узнікла актыўная дыскусія, што з гэтым рабіць, бо амаль усе ўваходныя дадзеныя, якія выкарыстоўваюцца сістэмамі GenAI для іх стварэння, першапачаткова створаныя чалавекам, — кажа яна і згадвае яшчэ адну праблему. — Самы вялікі страх у грамадстве — гэта дэзінфармацыя. Фатаграфія — гэта мастацтва, у якім мастак дае свой пункт гледжання, сваю інтэрпрэтацыю. Небяспека ШІ заключаецца ў тым, што ён выходзіць за рамкі праўдзівага адлюстравання таго, што адбываецца.

Рашэннем могуць стаць новыя стандарты фотажурналістыкі, паводле якіх «фатаграфіі павінны сумленна і дакладна адлюстроўваць тое, сведкам чаго стаў фатограф. І калі выкарыстоўваюцца выявы, створаныя штучным інтэлектам, гэта павінна быць выразна паказана ў тытрах ці подпісу побач з выявай ці на ёй».

Глядзіце таксама

Этычны бок пытання

Калі з пункту гледжання права выкарыстанне штучнага інтэлекту ставіць перад журналістамі пытанне аўтарства і ўнікальнасці кантэнту, то з пункту гледжання этыкі справа можа быць у даверы аўдыторыі. Ці змогуць чытачы і надалей быць упэўненымі ў інфармацыі, якую публікуе рэдакцыя, калі частка матэрыялаў будуць створаны ШІ? На думку Сяргея Якупава, гэтага можна будзе пазбегнуць усё той жа маркіроўкай створанага тэхналогіямі кантэнту.

— Штучны інтэлект — гэта не творчая, а генератыўная сістэма, якая стварае тэкст, ілюстрацыю або відэа на пэўнай аснове, — падкрэслівае эксперт. — Яна паняцця не мае, добра гэта ці дрэнна, праўда ці не. Таму, напрыклад, праверка дадзеных — адна з горшых задач, якую мы можам дэлегаваць нейрасетцы.

У канчатковым выніку, кажучы пра магчымасці ШІ, можна сцвярджаць, што нейрасеткі адкрываюць перад медыя недаступныя раней магчымасці і ў той жа час ствараюць новыя праблемы. Без яснасці тэхналогіі не прывядуць да належнай інфармаванасці чытачоў, без этычных арыенціраў разумныя тэхналогіі могуць унесці сумятню ў звыклыя кодэксы журналістыкі. А без дакладных мэт, празрыстасці працэсаў і захаванні грамадскіх інтарэсаў, на што арыентуецца тая ці іншая рэдакцыя, журналістыка можа страціць давер людзей, незалежна ад таго, колькімі схемамі і тэхнічнымі навінкамі яе ўпрыгожыць.