Чым жыве беларуская журналістыка? Інтэрв'ю з Барысам Гарэцкім
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі разважае пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца сучасная беларуская журналістыка, распавядае пра трансфармацыю прафесіі і робіць прагноз на бліжэйшыя пяць год у гутарцы з Юліяй Сівец для «Радыё Рацыя».
БАЖ прыводзіць некаторыя цытаты з гэтага інтэрв'ю.
— Многія журналісты вымушаны былі эміграваць з Беларусі. У гэтым звязку пытанне, ці ёсць ужо кейсы, што журналісты вырашаюць сысці з прафесіі і перайсці ў іншыя сферы?
— На жаль, такія кейсы ёсць. Такія з’явы выгарання, сыходу з журналістыкі былі і да масавага вымушанага выезду журналістаў з Беларусі. Што тычыцца цяперашняй сітуацыі, то летась «Рэпарцёры без меж» праводзілі нават такі глабальны аналіз таго, як працуюць нашы калегі ў розных краінах. І яны прыйшлі да высновы, што 30% беларускіх журналістаў, якія вымушана выехалі з Беларусі, сышлі з журналістыкі або сышлі з тых месцаў працы, дзе яны былі на момант пераезду.
Я не магу сказаць, ці гэта лічба дакладная, але мне падаецца, што яна даволі рэлевантная. Звязана гэта, безумоўна, з памяншэннем колькасці працоўных месцаў у незалежных медыя.
Калі ўзгадаць дакрызісны год, 2019-2020, то беларускія медыя па аб'ёме чалавечых рэсурсаў былі значна большыя. Ёсць тэлеканал «Белсат», які меў у Беларусі вялікую сетку карэспандэнтаў і аператараў. У сувязі з пераездам у Варшаве такой колькасці карэспандэнтаў і аператараў не патрэбна. Гэта можна праецыраваць і на іншыя медыя. Таксама ёсць скарачэнне фінансавых магчымасцей.
Другі чыннік, які на гэта ўплывае, гэта выгаранне людзей.
У 2020-2021 гадах людзі працавалі да зносу, а потым былі вымушаны з’ехаць з Беларусі і працягваць працаваць з негатыўнай, драматычнай тэматыкай, кожны дзень пішучы матэрыялы пра рэпрэсіі, пра пераслед. І вельмі многім журналістам спатрэбілася псіхалагічная дапамога пасля гэтага напружанага этапу 2020 – 2021 гадоў.
Мы бачым, што сітуацыя не памянялася, тэмы не змяніліся, а ўжо таго запалу ў многіх людзей няма. І таму аб’ектыўна частка людзей сышла з прафесіі.
Але ёсць і адваротныя працэсы. З пераездам беларускіх медыя ў эміграцыю ёсць і прыток свежых кадраў у рэдакцыі. Напрыклад, у тыя медыя, якія працуюць у Вільні, запрашаюць на працу і выпускнікоў ЕГУ. Сэнс у тым, што нашы медыя сталі абсалютна мульціплатформеннымі, і журналістыка — гэта зараз не толькі напісанне тэкстаў, але і дыстрыбуцыя сваіх матэрыялаў, пераўпакоўка, запісы кароткіх відэаролікаў. Гэта вельмі простая рэч для маладога пакалення, і таму ў журналістыку прыходзіць свежая кроў.
— З якімі асноўнымі праблемамі сутыкаюцца журналісты ў эміграцыі?
— Я бы падзяліў праблемы на две сферы — гэта прафесійныя і асабістыя. Што тычыцца прафесійных праблем — гэта, безумоўна, адсутнасць доступу да інфармацыі. Улады робяць усё магчымае, каб адрэзаць незалежных журналістаў ад чыноўнікаў, статыстыкі і г.д. Пры гэтым крыміналізуюць кантакты аўдыторыі з медыя для таго, каб людзі не пісалі ў саму рэдакцыю. Гэта істотна ўскладняе напісанне матэрыялаў нават для нас — арганізацыі, якая асвятляе падзеі ў медыя. Бо і ўнутры Беларусі ты мала з кім можаш паразмаўляць, і ў эміграцыі многія людзі не хочуць камунікаваць з незалежнымі медыя.
Нават маючы дэмакратычныя перакананні, яны стараюцца не засвечвацца на сайце, бо баяцца за сябе ці за сваіх родных у Беларусі.
Што тычыцца асабістых праблем, то тут пласт значна большы. Калі прафесійныя рэчы яшчэ неяк вырашаюцца, то асабістыя пытанні — гэта тое, з чым кожны з нас зараз жыве. Пашпарты, даверанасці, нараджэнне дзяцей, віды на жыхарства — гэта тое, чаго мы ніколі не рабілі ў Беларусі. Цяпер дадаткова да звычайных рэчаў далучаецца гэта легалізацыйная праблема — увесь час сачыць за сваімі дакументамі. Ёсць праблемы з пошукам месцаў навучання для дзяцей, з пошукам месца жыхарства, таму што ў Беларусі ў цябе была кватэра, а ў эміграцыі ты прывязаны да арэнднага жытла.
Думаю, што самая складаная праблема, якая цісне на журналістаў — гэта немагчымасць быць дома. Вярнуцца да родных, сустрэцца са сваімі блізкімі, сябрамі — гэта тое, што ніяк немагчыма вырашыць у эміграцыі. Можна патэлефанаваць, можна спрабаваць нейкім чынам сустракацца...
Але ўсё гэта маленькія крокі, якія не вырашаюць галоўную праблему — тое, што сёння беларуская журналістыка вымушана робіцца з-за мяжы.
— Твой прагноз, напрыклад, на бліжэйшыя пяць год: калі нічога не змяняецца і сітуацыя застаецца такая, як цяпер у Беларусі, то ці варта чакаць яшчэ павелічэння сыходу з прафесіі многіх людзей і ці верыць, што будзе жыць надалей беларуская журналістыка?
— На пяць гадоў нам пакуль складана даваць прагнозы, але галоўнае, што будзе вызначаць нашу працу — медыйшчыкаў, грамадскіх арганізацый, дэмакратычных структур — гэта, па-першае, неадарванасць ад беларускай рэальнасці. Калі нам удасца па-ранейшаму быць на сувязі з Беларуссю, камунікаваць, атрымліваць інфармацыю, не стаць такім эмігранцкім пластом, як ранейшыя хвалі эміграцыі, тады да, медыя працягнуць эфектыўную працу і людзі будуць захоўвацца. І другое — гэта выбудова стабільных крыніц фінансавання медыя, бо стан журналіста залежыць ад стану яго рэдакцыі.
— Цяпер усе абмяркоўваюць магчымую забарону Фэйсбука і Інстаграма ў сувязі з аб'яднаннем экстрэмісцкіх баз Расіі і Беларусі. Наколькі гэта таксама паўплывае негатыўным чынам на СМІ, якія працуюць за мяжой?
Сацыяльныя сеткі з'яўляюцца сёння, напэўна, галоўнымі крыніцамі інфармацыі. Меншая частка аўдыторыі гатовая ставіць VPN і заходзіць на сайты, а большая частка чытае кантэнт незалежных медыя непасрэдна ў мэсэнджарах, у сацыяльных сетках. Калі год таму ў забарону Інстаграма ці Фэйбука ў Беларусі цяжка было паверыць, то сёння мне такая пагроза не падаецца супернерэальнай. Бо сёлета ў Расіі адбываюцца так званыя прэзідэнцкія выбары, і расійскія медыйшчыкі нават абмяркоўваюць пагрозу блакіравання ютуба для расійскай аўдыторыі. Там, у Расіі, і Інстаграм, і Фэйсбук ужо даўно прызнаны экстрэмісцкімі...
На мой поглад, такая верагоднасць у Беларусі павялічылася, бо беларускі рэжым за апошнія год-паўтара яшчэ больш адасобіўся ад цывілізаванага свету, ён яшчэ больш імплементаваўся ў расійскую сістэму каардынат.
Калі ўзяць блакіраванне Ютуба ў Беларусі, я бы сказаў, што гэта малаверагодна. Бо большасць прапагандысцкіх каналаў актыўна робяць свае прадукты для Ютуба. І калі ў Беларусі будзе заблакіраваны Ютуб, то ясна, што самім прапагандыстам гэта не на руку. Я думаю, што яны будуць лабіраваць захаванне доступу да Ютуба. Паколькі яны малапаспяховыя на пляцоўках Фэйсбука і Інстаграма, то гіпатэтычна такая магчымасць ёсць.
— Пытанне наконт конкурса «Вольнае слова», які традыцыйна праводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў. У цяперашніх умовах якія будуць захады, каб забяспечыць бяспеку ўдзельнікаў?
Ужо другі год запар конкурс «Вольнае слова» праводзіць не БАЖ, а Еўрапейская федэрацыя журналістаў. Мы аддалі конкурс у рукі большага за наша аб'яднання еўрапейскіх структур, якое не мае экстрэмісцкага статуса. І ўсе этапы конкурсу праходзяць менавіта пад эгідай ЕФЖ — і збор даных, і фарміраванне журы, і нават узнагароджанне...
Я разумею, што для людзей у Беларусі ёсць пэўны страх падавацца на конкурс нават у такой структуры. З другога боку, мы робім усё магчымае, каб фармальна ўдзел у конкурсе «Вольнае слова» не нёс ніякіх пагроз для чалавека нават унутры Беларусі.
Чалавек можа падаваць публікацыю на конкурс і пад сваім прозвішчам, і ананімна. Летась былі такія выпадкі, калі перамагалі матэрыялы, але чалавек не хацеў называць сваё сапраўднае прозвішча, і дыплом выдаваўся на псеўданім альбо проста рэдакцыі, у якой выйшаў матэрыял. На дадзены момант ёсць усе магчымасці захаваць ананімнасць.
З мінулага года абсалютна ніякага патрабавання сяброўства ў БАЖ для ўдзелу ў конкурсе няма. На конкурс могуць падавацца ўсе журналісты і журналісткі любых недзяржаўных медыя. Матэрыял можа быць надрукаваны на любой мове. І нават калі нашы калегі працуюць у замежжы і пішуць для англамоўных, нямецкамоўных, французскамоўных, польскамоўных выданняў, яны таксама могуць падаваць матэрыялы на конкурс.
Што тычыцца журналістыкі ў выгнанні, то больш за 200 прац былі дасланы летась на конкурс, то-бок не было ніякага спаду ў параўнанні з мінулымі гадамі. Мне падаецца, што гэта паказвае вельмі добрае захаванне стану беларускай журналістыкі. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю, у нас працягвае захоўвацца вельмі высокі ўзровень і выдатныя матэрыялы працягваюць выходзіць у беларускіх медыя.