Ці пашкадуюць сілавікі аб тым, што яны рабілі з пратэстоўцамі?
Сумленне, віна і сорам — розныя рэчы. Іх трэба падзяляць. З сумленнем можна дамовіцца. А вось сорам — гэта калі пра твае непрыгожыя дзеянні стане вядома ўсім, у тым ліку блізкім. Сяргей Абламейка размаўляў на «Свабодзе» пра згрызоты сумленняў злачынцаў ці клінічных псіхапатаў з нямецкі клінічным псіхолагам Фларынай Гендлер
Ці бываюць у садыстаў і катаў згрызоты сумлення? Ці будуць у тых, хто збівае і катуе людзей у аддзяленнях міліцыі і турмах, аддаленыя псіхалагічныя наступствы. На гэтыя пытанні Радыё Свабода адказвае нямецкі клінічны псіхолаг Фларына Гендлер з Дортмунду.
— Ці ўсё нармальна з псіхікай у людзей, якія тыднямі і месяцамі збіваюць і мучаць безабаронных вязняў? Можа гэта ўсяго толькі ідэалогія, нянавісць да ворагаў?
— Усё залежыць ад таго, якія прычыны прывялі чалавека да ўдзелу ў гвалце. Ён можа рабіць гэта паводле загаду, а можа і быць шчыра перакананы, што робіць правільна.
Пачуццё віны і згрызоты сумлення звязаныя з асобай чалавека, з тым, наколькі ён развіты інтэлектуальна, наколькі ён думае.
Згрызоты сумлення, віна і сорам — гэта тое, што адчуваюць такія людзі, і гэта пацверджана практыкай даўно і шматкроць. Але гэта не распаўсюджваецца на ўсіх.
— Ці ёсць розніца ў псіхатыпе заказчыка і выканаўцы гвалтоўных дзеянняў, збіццяў і катаванняў?
Агульнапрынятым у псіхалогіі лічыцца, што людзі, якія працуюць у гэтай сістэме, ідуць на кампрамісы са сваім сумленнем.
Іншая рэч — заказчыкі гвалтоўных дзеянняў. Яны цалкам усведамляюць, што яны робяць. Яны апраўдваюць свае дзеянні высокімі мэтамі. Тым не менш, гэта людзі з абмежаваным пачуццём віны, што дазваляе ім адмаўляць і адкідаць сваю адказнасць.
Яшчэ для псіхатыпу заказчыка характэрна, што гвалт для іх — форма самасцвярджэння. Гэта дапамагае ім пераадолець пачуццёвы парог.
— У народзе кажуць, што такія людзі потым абавязкова заплацяць, маўляў, у іх узнікнуць нейкія праблемы з душой, псіхікай. Святары лічаць, што асобы многіх з такіх людзей потым пачнуць разбурацца. Што кажа пра гэта клінічная псіхалогія?
— Удзел у гвалце не праходзіць без следу для абодвух бакоў. Нават проста сведка не застанецца ранейшым чалавекам, не кажучы ўжо пра ахвяру і выканаўца гвалтоўных дзеянняў.
Людзі ва ўсе часы праяўлялі шмат гвалту. Наступствы залежаць ад таго, наколькі ўстойлівая псіхіка чалавека да гвалту, наколькі ён перакананы, што яго дзеянні правамерныя.
Ад гэтага залежаць эмацыйныя перажыванні ў будучыні. Але гэты фон можа мяняцца, з часам чалавек можа перагледзець тое, што тут названа правамернасцю. І тады з’явяцца праблемы.
Практыка псіхалогіі і псіхіятрыі сведчыць, што ўдзел у гвалце для абодвух бакоў не праходзіць без следу. Людзі ляжаць у шпіталях, у іх назіраюцца псіхічныя разлады.
Такія людзі ня могуць спаць, прачынаюцца ноччу ад карцін гвалту, у іх калоціцца сэрца, трасуцца рукі. З гэтым даволі цяжка працаваць, бывае, што лячэнне займае шмат гадоў.
Самае складанае — пачуццё віны за тое, што зрабіў. Сумленне і сорам прыходзяць тады, калі чалавек адзін, сам-насам з сабой, калі нікога не падманеш, не паставіш фасад перад самім сабой і не падасі сябе такім, якім цябе хочуць бачыць іншыя.
У маёй практыцы быў немец, які ажыццяўляў міратворчую місію ў Косаве і адчуваў віну за выкананне некаторых загадаў. Ён страціў давер да людзей, развёўся з жонкай, доўга лячыўся, я яго назірала больш за год. А раней гэта быў вельмі моцны чалавек.
— Вы сказалі, што шмат залежыць ад таго, наколькі людзі перакананыя ў правамернасці сваіх дзеянняў. Ідэолагі сілавых структур у Беларусі якраз і пераконваюць байцоў, што яны бароняць радзіму ад спробаў вонкавых сілаў яе разбурыць ці захапіць. Ёсць толькі адна праблема. Да выбараў 9 жніўня 2020 году сілавікоў і чыноўнікаў пераконвалі, што галоўным ворагам Беларусі з’яўляецца Расія і яе кіраўніцтва, якое хоча далучыць Беларусь да сваёй краін. А пасля выбараў вектар змяніўся на 180 градусаў, і галоўнымі ворагамі раптам сталі Захад, Польшча і Літва, а Расія стала галоўным абаронцам. Да выбараў людзей білі і пыталі, колькі ім заплацілі расейцы за ўдзел у пратэстах, а цяпер б’юць і пытаюць, колькі заплацілі палякі і літоўцы. Як псіхіка сілавікоў рэагуе на такую змену?
— Негатыўныя наступствы гэтага будуць абавязкова. Тут вельмі шмат асабовых механізмаў працуе.
Удзел у гвалце апраўдваецца высокімі мэтамі. Калі яны хутка і дыяметральна мяняюцца, то ў людзей збіваюцца арыенціры.
Я не выключаю, што той чалавек, які летам біў некага і пытаўся, колькі таму заплацілі расейцы, цяпер сядзіць вечарамі ў сябе на кухні і п’е гарэлку вялікімі шклянкамі.
Гэта не рэдкасць для такіх людзей, якія ў сілу абмежаванасці інфармацыі і самаразвіцця, перапрацоўваюць гэтую інфармацыю па-іншаму.
— Вельмі цікавы аспект сораму. Ужо некалькі месяцаў у Беларусі працягваюцца выцекі інфармацыі з сілавых структураў, вынікаў праслухоўвання высокіх дзяржаўных чыноўнікаў і людзей, блізкіх да кіраўніцтва. Вось, напрыклад, лістападаўскі выпадак. У адным з пратэстных двароў быў схоплены і жорстка збіты 29-гадовы Раман Бандарэнка, які на наступны дзень памёр. А пасля у інтэрнэце з’яўляецца запіс, з якога мы даведваемся магчымыя імёны людзей, датычных да гэтага злачынства. Галасы на запісе вельмі падобныя прэсавай сакратаркі прэзідэнта Наталлі Эйсмант, старшыні Федэрацыі хакею Дзмітрыя Баскава, трэнера па рукапашных адзінаборствах Дзмітры Шакуты. Яны нібыта арганізавалі дружыну для барацьбы з нацыянальнай сімволікай у дварах і датычныя да затрымання Рамана Бандарэнкі. Цяпер гэта стала вядома ўсім. Вонкава гэтыя людзі працягваюць працаваць, усміхаюцца. А што ў іх унутры? Ці сорамна ім?
— Сумленне, віна і сорам — розныя рэчы. Іх трэба падзяляць. З сумленнем можна дамовіцца. А вось сорам — гэта калі пра твае непрыгожыя дзеянні стане вядома ўсім, у тым ліку блізкім.
Сорамна звычайна за тое, што чалавек хацеў бы схаваць. Гэта звязана з грамадскай мараллю, з грамадствам.
Вельмі часта людзі пакутуюць ад сораму перад бацькамі, перад маці, якія даведваюцца пра непрыгожыя дзеянні сваіх дзяцей. Гэта з’яўляецца штуршком для працэсу тармажэння і з’яўлення жадання неяк паправіць сітуацыю.
Калі псіхолагі працуюць з крымінальнымі выпадкамі, яны найперш стараюцца высветліць, ці ёсць у чалавека пачуццё віны, ці можна яму патлумачыць, што яму ёсць за што адчуваць сорам.
На жаль, для навукі фактам з’яўляецца і такая форма асобы, як псіхапат, псіхапатыя. У гэтым выпадку чалавек не адчувае эмпатыі, не мае пачуцця віны, у яго няма глыбокіх прывязанасцяў.
Вонкава такія людзі могуць быць вельмі паспяховымі людзьмі, але ім мала клопату да праблем і адчуванняў іншых людзей, да іх пакутаў.
Калі ж такі чалавек пры ўладзе, то для самасцвярджэння (якое для псіхапатаў вельмі важнае) ён можа рабіць учынкі, пра якія не будзе шкадаваць. У тым ліку і самыя жорсткія.