Ці прызнаюць Піліпа Шаўрова палітвязнем?
Актывісту «Маладога фронту» Піліпу Шаўрову, якога затрымалі за расфарбаваныя рукі помніка Пушкіну, пагражае да 6 гадоў зняволення.
“Высновы з нагоды таго, ці будзе актывіст прызнаны палітычным зняволеным, будуць зроблены пасля судовага працэса”, — распавёў сайтуpalitviazni.infoправаабаронца Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, што 19 студзеня Піліпа Шаўрова затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Хлопца вінавацяць у тым, што ён размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка расейскаму паэту Пушкіну.
Акрамя гэтага хлопца вінавацяць і ў іншых графіці — маўляў, намаляваў бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым пры выкананні абавязку міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі, а таксама нанёс графіці «Свабоду Севярынцу».
Зараз Піліпу Шаўрову пагражае да 6 гадоў зняволення.
Многія адзначаюць, што гэта палітычна матываваная справа, але ці прызнае праваабарончая супольнасць хлопца палітвязнем?
“Мы за гэтай справай працягваем сачыць і, безумоўна, трэба будзе адсочваць судовы працэс, — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Пакуль што яшчэ незразумелае абвінавачванне ў поўным аб’ёме.
Акрамя таго, хацелася б паслухаць на судзе матывацыю самога Піліпа Шаўрова, як ён сам будзе тлумачыць свае ўчынкі. Па выніках суда і будуць зроблены высновы з нагоды таго, ці будзе актывіст прызнаны палітвязнем”.