Ці хопіць у Расіі грошай?

Перад Новым годам Расія зноўку кінула Беларусі выратавальны круг. Уладзімір Пуцін абвясціў, што Расія гатовая даць Беларусі міждзяржаўны крэдыт да двух мільярдаў долараў тэрмінам на 10 гадоў. Чаму ж Пуцін раптам стаў такі лагодненькі? Бо крэдыт у 2 мільярды долараў без асаблівых абавязкаў выглядае тым больш недарэчным, што сам расійскі прэзідэнт азнаёміўся з «засценкамі», па ягоным выразе, новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, якая каштуе больш, чым першы транш крэдыту. Мог бы і сказаць: «Калі будуеце такія аб’екты, дык грошы ў вас саміх ёсць». Але не сказаў.



kredyt_7_logo.gif

«Урад Расійскай Федэрацыі прыняў рашэнне аказаць садзейнічанне нашым калегам у сувязі з тым, што адбываецца на сусветных рынках, і даць Рэспубліцы Беларусь дадатковыя пазыковыя сродкі ў 2014 годзе ў аб’ёме да 2 мільярдаў долараў», — сказаў Пуцін. Першая частка сродкаў паступіла яшчэ ў снежні, што дазволіла Нацбанку паказаць рост золатавалютных рэзерваў па выніках мінулага месяца. ЗВР у снежні выраслі на 192,2 мільёна долараў — да 6650,9 мільёна на 1 студзеня 2014 года. Нацбанк не пасаромеўся прызнацца, што рост ЗВР сярод іншага абумоўлены «паступленнем першай часткі крэдыту Расійскай Федэрацыі».

Лукашэнка прасіў у Расіі крэдыт у 2 мільярды долараў з пачатку 2013 года. Пуцін усё аднекваўся, і грошы выдаваць не спяшаўся. Спачатку ён патрабаваў за гэта «інтэграцыйны прарыў» у выглядзе стварэння расійска-беларускіх холдынгаў, улетку адбыўся разрыў «Уралкалія» з «Беларуськаліем», а потым і арышт Баўмгертнера. Але да канца года ўсё ўтрэслася, хаця інтэграцыйныя праекты знешне засталіся на той жа стадыі.

Цікавая сітуацыя і з вечнай беларускай жалобнай песняй — балансам паставак нафты з Расіі. Ашуканства з разбаўляльнікамі-растваральнікамі ў 2012 годзе прывяло да таго, што ў 2013 годзе Расія давала Беларусі нафту паквартальна. Арышт Баўмгертнера ледзьве не прывёў да рэзкага скарачэння нафтавых аб’ёмаў. Да таго ж, Беларусь не вельмі сумленна паводзіла сябе з абавязкам вяртаць у Расію частку бензіну ў памеры 3,3 мільёна тон, — увесь час узнікалі нейкія праблемы.

Тым не менш, і з нафтаю ў нас пакуль (цьфу-цьфу-цьфу, каб не сурочыць) усё нармальна. Нягледзячы на тое, што баланс яшчэ не падпісаны, ужо ўзгоднена: Расія падпіша яго не на тры месяцы, а на паўгода. На першае паўгоддзе запланаваная пастаўка 11,5 мільёна тон, што з’яўляецца выкананнем «беларускага разліку» — 23 мільёны тон нафты на год. Канешне, нашы патрабавалі 24 мільёны тон, але яны заўсёды патрабуюць «з запасам», згодна з правілам: патрабуй немагчымае, і атрымаеш тое, чаго хочаш.

Беларусы адначасова замялі і пытанне з квотамі па зваротных пастаўках нафтапрадуктаў у Расію. Зараз тая квота ў 3,3 мільёна тон бензіну не дакладна прапісаная ў пагадненні, адзначаюць эксперты. А гэта значыць, што беларусы могуць распараджацца бензінам больш вольна і пастаўляць у Расію столькі, колькі палічаць патрэбным, а не столькі, колькі іх абавяжуць.

Чаму ж Пуцін раптам стаў такі лагодненькі? Бо крэдыт у 2 мільярды долараў без асаблівых абавязкаў выглядае тым больш недарэчным, што сам расійскі прэзідэнт азнаёміўся з «засценкамі», па ягоным выразе, новай рэзідэнцыі Лукашэнкі, якая каштуе больш, чым першы транш крэдыту. Мог бы і сказаць: «Калі будуеце такія аб’екты, дык грошы ў вас саміх ёсць». Але не сказаў.

Падаецца, у атрыманні маскоўскіх грошай нам вельмі дапамагла Украіна. Паглядзеўшы на Еўрамайдан, расійскія кіраўнікі скемілі, што Беларусь — адзіны і бліжэйшы прыклад стабільнасці Мытнага саюза. Абапіраючыся на прыклад расійска-беларускіх адносінаў, варта паказаць Украіне, што ёй лепш быць бліжэй да Расіі, чым падпісваць пагадненне пра асацыяцыю з ЕС.

Адпаведна, не можа быць і ніякага «прымусу да ўваходжання ў Мытны саюз» Украіны, калі ў адной з краінаў гэтага саюзу вымалёўваюцца крызісныя тэндэнцыі і дэвальвацыя на парозе. Таму лепш задаволіць настойлівыя просьбы беларускага кіраўніка і дапамагчы Беларусі, чым дэманстратыўна пракінуць саюзніка па мытнай арганізацыі на вачах ва Украіны.

Да таго ж, у Пуціна ў завяршаючай стадыі любімая гулька — стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза. Не пазней за 1 мая дамова павінна быць падпісаная, каб яе паспелі ратыфікаваць парламенты краінаў — сябраў ЕАС, і ЕАС пачала працаваць у поўным фармаце з 1 студзеня 2015 года. Пра гэта Пуцін таксама абвясціў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета — тады ж, калі заявіў і пра крэдыт.

Расійскаму прэзідэнту трэба, каб ніякіх адхіленняў ад прынятага плану не было. Калі Аляксандр Лукашэнка будзе надаваць больш увагі эканамічнаму становішчу ў краіне ды ездзіць па свеце ў пошуках валюты, то гэтыя дакументы могуць завіснуць на нявызначаны тэрмін. Таму Пуцін здымае з кіраўніка Беларусі цяжар клопату пра валюту, пераследуючы адразу тры мэты: паказаць, як у Мытным саюзе добра, падцягнуць Украіну да МС і прымусіць Лукашэнку заняцца першачарговымі для Пуціна планамі.

Каб планы Пуціна спраўдзіліся, патрэбныя грошы, грошы і яшчэ раз грошы. І нездарма Масква выдзеліла Украіне значна больш грошай, чым Беларусі — крэдыт у 15 мільярдаў долараў з запаснікаў, як паведаміў Пуцін, расійскага ўрада.

Так што адзінае пытанне зараз — у Расіі. Ці выцягне Расія дваіх — Беларусь і Украіну? Тым больш, што Расія зараз сама на мяжы рэцэсіі, яе ўласныя выдаткі несувымерна высокія (Алімпіяда ў Сочы, напрыклад, самая дарагая ў гісторыі Алімпійскіх гульняў), а кошт на нафту, па прагнозах сусветных экспертаў, можа скаціцца да 100 альбо нават 80 долараў за барэль. Павелічэння нафтавага кошту эксперты не прагназуюць.

Дарэчы, расійскія эканамісты разлічвалі бюджэт краіны з разліку 80 долараў за барэль, але ці разлічылі яны шчодрыя крэдыты Пуціна? Калі ляснецца эканоміка ў Расіі, усяму інтэграцыйнаму будзе вельмі кепска.