«Чым старэйшы Лукашэнка, тым больш у яго выяўляюцца рысы, уласцівыя рыгіднаму мысленню»
Шмат разоў сістэму, якая выбудавана цяпер у Беларусі, параўноўвалі са сталінізмам. Цяпер да яе дадаецца яшчэ адна рыса — культ асобы. І «першая ластаўка» гэтага — на «Беларусьфільме» задумалі зняць кіно пра Аляксандра Лукашэнку.
Генеральны дырэктар студыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей утаіў падрабязнасці ад гледачоў, але падзяліўся з тэлевізарам агульнай ідэяй:
— Ведаеце, мы думаем, я таксама думаю, мне здаецца, гэта неабходна зрабіць. Чалавек, які зрабіў гэтую краіну, чалавек, які вядзе беларусаў вось менавіта гэтым шляхам. Мы жывём ва ўнікальны час. Я лічу, што, напэўна, ужо падыходзіць гэты час, калі, можа быць, мы сумесна з вамі, з нашымі калегамі будзем абмяркоўваць і магчымасць, і неабходнасць гэтага. Я бачу, што гэта, напэўна, ужо трэба нам.
Сапраўды, Лукашэнку амаль 70, а ні фільмаў пра сябе любімага не знялі, ні кніг не напісалі, ні нават помнікаў з бронзы (а можа, адразу з золата?) не адлілі. Непарадак: іншыя дыктатары ў яго ўзросце ўжо паспявалі абзавесціся асаблівым тытулам тыпу «бацька нацыі», а ён нават «бацькам» не стаў. Саромеецца, як кажа дырэктар «Беларусьфільма»?
Навошта здымаць кіно пра Лукашэнку? Пра гэта BG.Media пагаварыла з палітолагам Сяргеем Марцалевым.
«Нешта не так»: а дзе кіно?
— Украінскае кіно ёсць — украінцы яго глядзяць, яно ім падабаецца. Расійскае камерцыйнае кіно існуе і нядрэнна ідзе на экспарт, а ідэалагема расійскай прапаганды нядрэнна ўплятаецца ў камерцыйную канву карцін, якія яны выпускаюць. А дзе беларускае камерцыйнае кіно? «Беларусьфільм» — цалкам датацыйная, цалкам памерлая кантора, якая спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу і выдаіць сціплае дзяржаўнае фінансаванне, якое дазваляе існаваць далей хоць неяк.
А на «Беларусьфільме» таксама спрабавалі рабіць камерцыйнае кіно. Памятаеце «першы беларускі блокбастар «Код Каіна», у якім дэманстранты выбягалі і замест «Жыве Беларусь!» крычалі «Нешта не так!». Гэта не проста смешна, гэта гратэск, пародыя на грамадскія працэсы, якія адбываліся ў Беларусі.
Або ўзяць тую ж «Анастасію Слуцкую». Лукашэнка вылучыў аж мільён долараў; ці то раскралі гэты мільён, ці то што, але замест прафесійных акцёраў задзейнічалі артыстаў, нанятых за бясплатна, як кажуць, рэканструктараў, а гістарычная мішура і блізка не адпавядала духу часу. Хоць «Анастасія Слуцкая» і пазіцыянавалася як вельмі круты фільм, які павінен вярнуць імідж згубленаму беларускаму кіно.
Адзіная прычына, па якой я паглядзеў «Анастасію Слуцкую», прычым у кіно — убачыць галоўную гераіню, якую сыграла Зелянкоўская, былая жонка Міхалка, якая з'яўляецца ў кадры ў мокрай сукенцы…
Лукашэнку ўсё больш падабаецца культ асобы
— Чым старэйшым Лукашэнка становіцца, тым больш у яго выяўляюцца рысы, уласцівыя рыгіднаму мысленню, то-бок старэчай прыдуркаватасці. Раней ён не быў асабліва ласы на культ уласнай асобы, не заўважаў гэтага. Але сачу за дзеяннямі моцна пастарэлага Лукашэнкі і бачу, што яму пачынае ўсё больш і больш падабацца ўзвялічванне ўласнай персоны, прычым у духу агрэсіўнай прапаганды, якую дэманструе Азаронак і прапагандысты рангам ніжэйшыя.
Такой ашалелай прапаганды, параўнальнай з найгоршымі ўзорамі расійскай прапаганды, у гісторыі сучаснай Беларусі не было ніколі. Зімоўскі быў іранічны, эрудзіраваны, подлы, зразумела, але яго прапаганда насіла інтэлектуалісцкае адценне ў адносінах да апанентаў рэжыму. Казіятка быў проста штатным прапагандыстам. Жанчына, якая ў 96-м годзе здымала для прапаганды рэпартажы пра беларускую апазіцыю на мітынгах, і зусім аказалася амаль чалавечная: калі актывісту ЛГБТ і апазіцыі Эдзіку Тарлецкаму ў 96-м годзе разбілі галаву, яна перавязвала яму галаву ўласным адзеннем.
Так, яна працавала на рэжым, але тады была зусім іншы твар у беларускай прапаганды. Нават спадара Якубовіча можна назваць пераходнай персонай беларускай прапаганды: ён спрабаваў падавацца інтэлектуалам, быў знаёмы з многімі беларускімі інтэлектуаламі, у прыватнасці, з паэтамі — з Някляевым, напрыклад.
Цяпер мы бачым зусім новы параснік беларускай прапаганды: яна адкрыта агрэсіўная, яна ўзвялічвае адну персону — Лукашэнку. Яму гэта адкрыта падабаецца. Ён наблізіў да сябе таго ж Азаронка, самага адыёзнага прапагандыста. Гэта значыць Лукашэнка, які старэе, усё больш і больш клапоціцца пра ўласны культ асобы.
А заява дырэктара «Беларусьфільма» — гэта працяг Качанавай, якая лье бальзам на раны састарэлага дыктатара. Ліслівіць, ліслівіць і ліслівіць, не трымаючы ніякіх меж, таму што Лукашэнку гэта падабаецца. Ён не толькі пастарэў. Мне здаецца, канец яго блізкі, таму што публічная палітыка рэгрэсуе ўсё далей і далей.
Дзе раней захоўваліся хаця б знешнія рамкі прыстойнасці (жанчын не чапаем, з жанчын і дзяцей палітвязняў не робім), у 20-м годзе ўсё было сцёрта спрэс. Вядомыя ўжо не дзясяткі, а сотні выпадкаў, калі ні гендар, ні наяўнасць дзяцей не перашкаджала разбураць чалавечыя жыцці. А дыстанцыя паміж 2010-м і 2020-м — усяго дзесяць гадоў.
Старэнне Лукашэнкі прагрэсуе, і чым далей, тым будзе горш: ён будзе больш жорсткім, больш крывадушным чалавекам без усялякіх прынцыпаў, перакананы — Сяргей Марцалеў.