Дэпутат Палаты прадстаўнікоў бавіць час з мадэлямі на ўзбярэжжы мора ў Італіі

Ігар Завалей бярэ ўдзел у культурнай сустрэчы паміж Італіяй, Беларуссю і Украінай «Сябры без меж». Ён прабудзе ў рэгіёне Марке на адрыятычным узбярэжжы Італіі ў кампаніі беларускіх мастакоў і мадэляў да 2 верасня.

Ігар Завалей у цэнтры

Ігар Завалей у цэнтры

Ігар Завалей, як адзначаюць італьянскія журналісты, ужо паспеў пакаштаваць тальятэле з труфелямі ў рэстаране Locanda degli Angeli і пераначаваў у атэлі Pellegrino e Pace. Пасля яго перавезлі ў кемпінг у Нумане, дзе размясціліся мастакі і мадэлі з Беларусі. Усе яны бяруць удзел у паказах мод з прэзентацыяй беларускіх брэндаў.
Свае блізкія адносіны з Італіяй Заваляй тлумачыць тым, што ягоная жонка Вераніка ўдзельнічала ў «рэабілітацыйных знаходжаннях» у гэтай краіне, як дзіця з заражаных радыяцыяй раёнаў. Пры гэтым ён прызнаецца, што прыехаў у Італію ўпершыню.
Ігар Завалей нарадзіўся 15 лютага 1985 года ў Сургуце Цюменскай вобласці (Расійская Федэрацыя). Атрымаў адукацыю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці «фізічная культура». Адвучыўся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і права». Працаваў інструктарам-метадыстам у школах, вядучым спецыялістам, галоўным спецыялістам упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама, першым сакратаром Гомельскага абкама БРСМ. Кандыдат у майстры спорту па лёгкай атлетыцы. 
У сваіх публічных выступах Завалей апраўдваў масавыя рэпрэсіі ў краіне і ўскладаў адказнасць за вайну ва Украіне на краіны Захаду.