Дэпутатка прапануе адабраць ільготы ў некаторых аграсядзіб

Пад маркай аграсядзіб «не зусім сумленныя грамадзяне» карыстаюцца льготамі і развіваюць гасцінічны бізнес, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Людміла Ніжэвіч, піша reform.by са спасылкай на БелТА.

Фота eventexpress.by

Фота eventexpress.by

На думку дэпутаткі, непрымальна, калі пры вядзенні гасцінічнага бізнесу на вёсцы яго ўладальнікі могуць выкарыстоўваць падатковыя льготы і аплачваць у якасці падатку некалькі базавых велічынь на год. Яна лічыць, што даходы ад такіх аграсядзіб дазваляюць адмяніць ільготы.

«Пытанне ў справядлівых умовах вядзення бізнесу. Пра што гаворыць і прэзідэнт. Мы на нейкай стадыі імкнуліся ажывіць ініцыятыву, асабліва ў сельскай мясцовасці, пайшлі на шэраг стымулюючых, больш ільготных рэжымаў. Але час паказаў, што неабходна ўносіць некаторыя карэктывы, таму што часам не зусім сумленныя грамадзяне спрабуюць шукаць хітрыкі. Да прыкладу, калі пад маркай аграсядзіб развіваюць гасцінічны бізнес, а аплачваюць некалькі базавых у год, што непараўнальна з тым прыбыткам, які атрымліваюць», — лічыць Людміла Ніжэвіч.

Яна ўпэўненая, што бізнэс да гэтага гатовы, таму што не хоча прэтэнзій ад сілавікоў.

«Думаю, бізнэс таксама хоча, каб усё было празрыста, каб не было ніякіх прэтэнзій з боку правяраючых органаў», — заявіла яна.