Дзяржаўнае рабаванне дачнікаў

Невысокія заробкі і пенсіі, высокія кошты на прадукты і рэчы, неабходныя для падтрымання жыцця, доўгія чэргі ў паліклініках за талонамі — тэмы, пры абмеркаванні якіх беларусы лёгка знаходзяць узаемапаразуменне. Але ёсць катэгорыі грамадзян, якія лічаць, што дзяржава іх ненавідзіць асабліва. Гэта – небагатыя дачнікі, якім пашчасціла мець лецішчы ў правінцыяльнай глубінцы.

leci64a3_logo.jpg

Можна адразу іх назваць патрыётамі Беларусі, патрыётамі родных вёсак. Менавіта яны шчыруюць на вуліцах і падворках занядбаных беларускіх вёсак, змагаюцца з наступаючымі хмызнякамі і кляшчамі, ваююць з пустазеллем на сваіх і суседніх бясхозных участках і фактычна выконваюць гаспадарчыя функцыі мясцовых сельскіх выканкамаў.

Шмат з іх унаследавала родныя гнёзды, а многія купілі вясковыя разваліны з тым, каб удыхнуць новае жыццё ў хаціны і пажыць на прыродзе, цяжка працуючы і не надта шыкуючы. Зразумела, што сярод іх нельга пабачыць багатых людзей, паколькі людзі з вялікім капіталам не селяцца побач з вясковай беднатой.

Здавалася б, дзяржава, якая сама не клапоціцца пра вёскі, павінна была б падтрымаць добрыя намеры новых вяскоўцаў і праявіць пра іх некаторы клопат - хаця б падсыпаць дарогу, каб далёка не новыя аўтамашыны даехалі да сваіх вёсак і не заваліліся ў яміны. Пры эканоміі сродкаў на ўтрыманне аўтобусных маршрутаў і новых дзяржаўных пошлінаў на ўдзел у дарожным руху гэта можна было б зрабіць.

Спадар Іван, які мае лецішча ў адной з вёсак Капыльскага раёна, лічыць што дзяржава не зацікаўлена ў яго шчыраванні на сяле.

«Фактычна улады не хочуць, каб я наведваў вёску, дзе купіў хату, — выказвае сваю думку мужчына. – Атрымліваю пенсію каля 3 мільёнаў. Жонка – крыху меньш. Да нашага лецішча ад Мінска больш за 100 кіламетраў у адзін бок. Кошты на бензін высокія, па-гэтаму туды-сюды ездзіць не будзеш. У гэтым годзе з павелічэннем базавай велічыні за маю легкавушку прыйшлося заплаціць 1, 26 мільёна недамінаваных рублёў дзяржаўнай пошліны за допуск да дарожнага руху. Тэхагляд, абавязковая страхоўка – адной пенсіі як і не было.

leci64a2_logo.jpg

Каб хоць ехаў па добрай дарозе — не так шкада было б. А пасля праезду па нашай вёсцы патрэбна ехаць на тэхнічны агляд і правяраць, ці не адарваўся правадок ад якой-небудзь электронікі. Гэта ў лепшым выпадку».

Спадар Іван адзначае высокія кошты на прадукты ў аўталаўках, якія вымагаюць яго за пошукамі больш танных прадуктаў выязджаць у райцэнтр.

leci64a4_logo.jpg

Адмысловую нянавісць да такіх, як ён, дачнікаў Іван Фёдаравіч бачыць у коштах на газ і электрычнасць.

«Чаму балон газу для дачніка каштуе ў 3 разы даражэй, чым для пастаянных жыхароў сяла і гараджан? – не разумее мужчына. – Я ж не магу адначасова жыць у Мінску і тут. Калі я карыстаюся тут – не карыстаюся газам там. Дык чаму я ў сваёй вясковай хатцы павінен пераплочваць газавікам у тры разы?»

«А кошты на электрычнасць? — працягвае задаваць пытанні мужчына, — чаму электрычнасць каштуе для такіх, як я, амаль у два разы даражэй?»

Чаму грамадзяне адной краіны знаходзяцца ў няроўным становішчы?

Чаму дзяржава застаўляе нас, небагатых людзей, у 21-м стагоддзі па-ранейшаму ў вёсках мыцца ў сярэднявечных ночвах?

leci64a1_logo.jpg

Па сведчанні ўладальніка лецішча, яго здароўе не дазваляе цягаць цяжкую бензакасу, альбо махаць дарэвалюцыйнай касой. Купіў бы лёгкі электрыммер, пакасіў бы падвор’е і вуліцу, дапамог бы сельскаму савету выканаць іх функцыі па ўтрыманні вёсак у належным стане. Дык дзе набраць грошай на аплочванне электрычнасці па двайному тарыфу?

Я ўжо не гавару пра электрапілу і іньшыя электрычныя прыстасаванні, якія аблягчаюць жыццё селяніну і ствараюць цывілізацыйныя выгоды, - сумуе пажылы чалавек. - Той жа электранагравальнік вады…

«Не, не любіць наша дзяржава вясковых дачнікаў, бо грабіць і хоча ўтрымаць і нас, і «неперспектыўную» беларускую вёску ў дарэвалюцыйным выглядзе», — зрабіў сваю выснову пенсіянер.