Дзмітрыеў, Алесін і Паротнікаў будуць назіраць за «Захадам–2017»?
Адзін з лідараў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў 26 ліпеня прапанаваў Міністэрству абароны Беларусі стварыць грамадскую камісію для назірання за беларуска-расійскімі вучэннямі «Захад-2017».
З афіцыйнага акаўнту міністэрства адказалі: «Арганізоўвайце і звяртайцеся ў прэс-службу МА РБ».
21 жніўня Дзмітрыеў падаў у Міністэрства абароны спіс такой камісіі з сямі чалавек. У іх ліку вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, адзін з заснавальнікаў «Гавары праўду»; афіцэр і былы карэспандэнт газеты Мінабароны «Во славу Родины» Сяргей Вазьняк; кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў; аўтар шэрагу кніг пра памежную службу Леанід Спаткай ды іншыя.
Па тэлефоне дзяжурны ўпраўлення ідэалогіі Мінабароны спрабаваў адгаварыць Дзмітрыева ад гэтай ініцыятывы: маўляў, і так будзе дастаткова назіральнікаў і СМІ, грамадскае назіранне не прадугледжанае ніякім законам.
«Па-першае, калі ўжо так шмат назіральнікаў, няма ніякіх праблемаў далучыць да іх гэтую камісію, — кажа Дзмітрыеў “Радыё Свабодзе”. — Другі аргумент, што на сённяшні дзень такое супрацоўніцтва было б на карысць і Міністэрству абароны, і грамадству.
Няма чаго ўтойваць! Я разлічваю на тое, што кіраўніцтва міністэрства здолее паглядзець на гэта не з пункту гледжання сваіх нейкіх звычак, а з пункту гледжання карысці для грамадства.
Вучэнні «Захад-2017» могуць стаць не толькі ваеннымі вучэннямі, але і вучэннямі па ўзаемадзеянні грамадзянскай супольнасці і Міністэрства абароны».
Тым часам аўтар блогу 1863x Эдуард Пальчыс абвясціў грамадскую кампанію назірання за расійска-беларускімі вучэннямі «Захад-2017» — прапанаваў усім сведкам вучэнняў публікаваць фота, відэа і аповеды пад хэштэгамі #Захад2017, #Запад2017 ці #Zapad2017, а калі трэба захаваць ананімнасць, прысылаць звесткі яму на пошту 1863xxxxx@gmail.com, у Telegram ці ў сацсеткі.
Дзмітрыеў кажа, што лічыць такую ініцыятыву добрай, а калі прапанаваную ім камісію дапусцяць да назірання, то камісія таксама будзе публікаваць свае звесткі пад такімі хэштэгамі.