Пальчыс аб’явіў грамадзянскую кампанію назірання за «Захадам–2017»

Блогер і стваральнік праекту 1863x.com прапаноўвае далучацца да грамадзянскай кампаніі па назіранню за вучэннямі «Захад–2017».

8a34c8cb_1cde_42bf_9a4d_85d30acc37f0_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.jpg

Пра гэта Эдуард Пальчыс абвесціў у Facebook.
«Вакол вучэнняў вельмі шмат самых розных меркаванняў, якія часта супярэчаць адно адному. Без фактаў, халоднага аналізу і канкрэтыкі напружанасць будзе нарастаць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім рэгіёне. Для гэтага якраз і прапаную выкарыстоўваць усім OSINT-метад», — распавядае belsat.eu Эдуард Пальчыс.
Метад OSINT — разведвальная дысцыпліна, якая даступная амаль кожнаму карыстальніку інтэрнэту. Яна грунтуецца на аналізе інфармацыі з адкрытых крыніц.


«Неабыякавыя жыхары Беларусі, якія пражываюць у раёне вучэнняў, могуць усё фіксаваць на фота, відэа і запісваць у тэкставым варыянце. А пазней выкладаць у сеціва пад хэштэгам, ці адпраўляць СМІ. Дадзеная інфармацыя будзе публікавацца ў агульны доступ, што дасць магчымасць спецыялістам цвяроза аналізаваць тое, што адбываецца», — працягвае Пальчыс.
Блогер прапануе выкарыстоўваць хэштэгі #Запад2017, #Захад2017 і #Zapad2017.
Сёлета вучэнні пройдуць з 14 па 20 верасня на 6 палігонах: «Лепельскі», «Барысаўскі», «Лосвіда» (Віцебская вобласць), «Асіповіцкі», палігонах ВПС і войскаў СПА «Ружанскі» і «Даманаўская» (Берасцейская вобласць), а таксама на адным участку мясцовасці паблізу населенага пункта Дрэтунь (30 км ад Полацка). Запрошаныя на іх і міжнародныя назіральнікі.
belsat.eu