Электрамабіль — сродак перасоўвання і ўсё яшчэ раскоша. Як Беларусі развіваць экалагічныя віды транспарту?

На днях кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз панаракаў на тое, што электрычны асабісты транспарт ўсё яшчэ не ў пашане ў насельніцтва краіны.

electrocar_1.jpg

Ён нагадаў, як асабіста перад камерамі ездзіў у электрамабілі, але не «не для таго, каб паказаць сябе», і не для таго каб «паказаць новы аўтамабіль».
«Не, я падштурхоўваў вас і ўсё грамадства да таго, што на гэта трэба арыентавацца», — заявіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.
Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё электратранспарту ў краіне — гэта стратэгічная задача, якая выцякае з будаўніцтва беларускай АЭС.
«Задача... зрабіць так, каб электрычная энэргія для аўтамабіляў была танней кошту бензіну і дызельнага паліва. Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Зрэшты, ці з такім ужо і задавальненнем? Па дадзеных Мінпрыроды, на пачатак 2020 года Беларусі было зарэгістравана каля 360 электрамабіляў, з іх у Мінску — больш за 200. У той жа час у краіне былі абсталяваныя 251 электрасілкавальныя станцыі, піша SB.by.

electrocar_2.png

Колькасць сілкавальных станцый у сталіцы і за яе межамі пастаянна расце. Іх ужо можна бачыць у шматлікіх спальных раёнах горада. І падсілкаваць электрамабіль сёння ўжо значна танней, чым заліць поўны бак паліва. Пры гэтым электрычны асабісты транспарт у краіне, лічы, невідзімка.
Прычына? Усё яшчэ недастаткова развітая інфраструктура электрасілкавальных станцый і празмерныя ўвазныя пошліны на электрамабілі. Што пры дарагоўлі саміх машын робіць іх абсалютна недаступнымі для большасці беларусаў.
І так, кіраўніцтва краіны неаднаразова заяўляла аб тым, што ўвазныя пошліны на электракары не проста паменшацца, але стануць роўныя нулю, але ад Беларусі ў гэтым пытанні мала што залежыць.
Перашкаджае Еўразійскі Эканамічны Саюз, членам якога з’яўляецца наша краіна, і які спачатку зрабіў недаступнымі для простых грамадзян еўрапейскія патрыманыя аўто, а пасля лагічна распаўсюдзіўся і на электрамабілі.
Так, у 2020 годзе ў ЕАЭС паабяцалі ўсталяваць нулявую стаўку на ўвоз электрамабіляў на сваю тэрыторыю, але пакуль такіх прэферэнцый няма. І сілкавальныя станцыі ў спальных раёнах сталіцы застаюцца, у большасці сваёй, незапатрабаванымі.

Даеш беларускі электракар!

Пра тое, што нулявыя пошліны — першы і самы важны крок у стымуляванні развіцця рынку электрамабіляў казаў і старшыня калегіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.
Пры гэтым услед за кіраўніком дзяржавы Мясніковіч прапануе рабіць стаўку таксама і на вытворчасць у краіне ўласных электрамабіляў. Мяркуецца, што масавая вытворчасць беларускіх электракараў будзе арганізаваная на базе завода «БелДжы».
Тым больш што першы электрамабіль Geely маркі Geometry ужо быў заўважаны на мінскіх дарогах. Праўда, як заяўляюць на прадпрыемстве ў масавую вытворчасць менавіта гэтая мадэль не пойдзе.
Іншыя спробы вырабіць і, галоўнае, вывесці на рынак беларускія электрамабілі пакуль не былі паспяховымі. Так у 2018 годзе былі прадстаўлены адразу два электракара, якія патэнцыйна маглі стаць улюбёнцамі спажыўцоў — двухмясцовы Zotye E200 (брат-блізнюк нямецкага Smart) і седан Zotye Z500EV.
Абодва збіраліся выпускаць на заводзе «Юнісан» пад Мінскам. У выніку першую машыну сабралі ў колькасці 20 штук, але была прададзеная толькі адна, і тая набытая за грошы Глабальнага эканамічнага фонду і падораная лякарні ў Іўі. Ад выпуску другой мадэлі і зусім было вырашана адмовіцца.

electrocar_3.jpg

Нагадаем, што ўказ аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў у краіне Лукашэнка падпісаў яшчэ летам 2018 года. Дакумент прадугледжвае меры, накіраваныя на стымуляванне попыту на электрамабілі, а таксама стварэнне сілкавальнай і сэрвіснай інфраструктуры.
У ім, у прыватнасці, прадугледжваецца вызваленне ўладальнікаў электрамабіляў ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск электрамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху.
«Калі і на самай справе і ПДВ і размытнёўка на электракары будуць адменены, я ўпэўнены, што нашы жыхары гэта адразу ацэняць, — кажа кіраўнік праекта av.by Дзмітрый Геранін. — прагназую, што пры такіх зменах на працягу 2-3-х гадоў мы ўбачым на дарогах краіны на парадак больш „электрычак“, чым ёсць цяпер».
Па словах эксперта, Беларусь — ідэальная краіна з пункту гледжання адлегласцяў для перасоўвання на электрычным транспарце.
«А з улікам дэклараваных змен з сеткамі сілкавальных станцый я сам гатовы перасесці на электракар, — кажа Дзмітрый Геранін. — Таму я тут адчуваю асцярожны аптымізм і трымаю пальцы скрыжаванымі. Прагрэс немагчыма спыніць, можна альбо яго прытрымлівацца, альбо застацца на ўзбочыне».

У іх — таксама не ах!

Паводле ацэнак еўрапейскіх вытворцаў электрамабіляў, да 2030 года яны будуць мець патрэбу ў 2,8 млн. сілкавальных станцый. На дадзены момант у ЕС іх няма нават і 145 тысяч. Прычым, тры чвэрці з тых, што ёсць, размешчаны ўсяго ў чатырох з 28 краін ЕС — Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландах
Пры гэтым найбуйнейшы ў свеце вытворца аўтамабіляў VW плануе паступова спыніць вытворчасць рухавікоў унутранага згарання з 2026 года. Група VW з 12 маркамі, у якую ўваходзяць Audi, Porsche і Bentley, плануе прадставіць да 2028 году амаль 70 цалкам электрычных мадэляў па ўсім свеце і прадаць 22 млн электрамабіляў на працягу дзесяцігоддзя. Да 2050 года яны плануюць стаць цалкам вугляродна-нейтральнымі.
Daimler таксама паабяцаў сёлета зрабіць увесь парк Mercedes-Benz вугляродна-нейтральным да 2039 году.
Германіі неабходна 7 мільёнаў электрамабіляў і гібрыдных аўтамабіляў да 2030 года, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў па шкодным выкідах і пазбегнуць штрафаў. Але на сённяшні дзень на дарогах Германіі усяго каля 480 тысяч электрамабіляў і гібрыдных транспартных сродкаў.

Праблемы — падобныя, рашэнні — іншыя

Галоўныя перашкоды ў невысокім попыце на электрамабілі ў ЕС — усё тыя ж. Гаворка, перш за ўсё, аб высокіх цэнах на новыя электракары, абмежаванай ёмістасці батарэі і запасу хады ды слаба развітой інфраструктуры.
Каб пераламаць сітуацыю многія краіны ЕС уводзяць дадатковыя фінансавыя стымулы для тых, хто купляе электракары.
Так, напрыклад Германія па ўзгадненні з аўтаканцэрнам, увяла зніжку на куплю электрамабіляў у памеры шасці тысяч еўра (для тых, хто набывае аўтамабіль танней 40 тысяч еўра) і ў памеры пяці тысяч еўра (для тых, хто купляе электракар коштам ад 40 да 60 тысяч еўра).
Існуюць таксама выплаты пакупнікам гібрыдаў. Для машын у дыяпазоне за 40 000 еўра і меншыя стымулы — 4,5 тысячы еўра.

electrocar_4.jpg

Суседка Беларусі Украіна на сённяшні дзень з’яўляецца шостай краінай у Еўропе па тэмпах росту рынку электрамабіляў. Па краіне ўжо ездзяць больш за 15 тысяч такіх машын і іх колькасць расце.
Ільвіную долю (91%) першаснага рынку электрамабіляў сфармавалі машыны, якія былі ў эксплуатацыі. Лідэрам у частцы легкавых электракараў застаецца Nissan Leaf. Са студзеня па чэрвень 2019 года 1550 аўтамабіляў гэтай мадэлі атрымалі ўкраінскія нумары.
Гэта здарылася, у першую чаргу, дзякуючы адмене падаткаў на ўвоз электрамабіляў, а таксама развіццю інфраструктуры.
З 1 студзеня 2020 года ў краіне ўступіў у сілу новы закон аб «зялёных нумарах» для электрамабіляў, які прадугледжвае не проста ідэнтыфікацыю гэтага транспарту на дарогах, але вылучэнне для электракараў асобных месцаў на паркоўках, напрыклад.
Згодна з новым нормам, ва Украіне з’явілася абавязковае патрабаванне да абсталявання сілкавання для электракараў мінімум 5% машынамесцаў на паркоўках будынкаў, што будуюцца або рэканструююцца.
У адміністрацыйны кодэкс Украіны прапануецца таксама ўвесці штраф у памеры 340-510 грыўняў за спыненне або стаянку аўто на месцы для электрамабіляў.

electrocar_5.jpg

Яшчэ адна суседка Беларусі — Латвія — таксама стымулюе рынак электрамабіляў у краіне за кошт розных ільгот і пераваг.
Так, напрыклад, першасная рэгістрацыя электрамабіляў у краіне бясплатная. Акрамя таго, з іх не трэба плаціць падатак на эксплуатацыю транспартнага сродку, зніжана падатковая стаўка на належны прадпрыемствам электрычны легкавы транспарт.
Электрамабілям у Латвіі дазволена перасоўвацца па палосах грамадскага транспарту, а на муніцыпальных аўтастаянках Рыгі і Ліепаі іх можна ставіць бясплатна. Акрамя таго, з электрамабіляў не бяруць плату за ўезд у курортную Юрмалу.
Паводле Зялёнага партала