Элемент застрашвання грамадства. Як сілавікі паказальна «судзяць» дзяцей у школах і ВНУ
«Палітычныя» суды праходзяць пераважна ў закрытым рэжыме, але частка іх выносіцца на публіку — і тады судзілішчы адбываюцца наўпрост па месцы вучобы ці працы чалавека. Для чаго гэта робіцца?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
200 чалавек назіралі за паказальным затрыманнем падлетка ў Калінкавічах. 27 верасня ў актавай зале аграрнага каледжа сілавікі ўзялі пад варту 14-гадовага навучэнца. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў мясцовай дзяржаўнай газеце «Калінкавіцкія навіны», звярнулі ўвагу праваабаронцы «Гомельскай Вясны».
Выданне паведамляла, што напярэдадні супрацоўнікі наркакантролю затрымалі падлеткаў 13 і 14 гадоў, якія «прывезлі з суседняга горада 20 грам асабліва небяспечнага псіхатропу, расфасавалі і схавалі ў схованках у горадзе», яны былі затрыманыя «ў момант здзяйснення злачынства». Праваабаронцы адзначаюць, што віна падлеткаў падавалася як устаноўлены факт без якога-небудзь судовага разбору літаральна на наступны дзень пасля меркаванага злачынства, піша «Deutsche Welle».
Паказальныя арышты і суды ў Беларусі — не рэдкасць. Іх праводзяць у навучальных установах, дзяржустановах, на прадпрыемствах. Сярод правапарушэнняў — абарот псіхаактыўных рэчываў, ухіленне ад войска, запазычанасць за вучобу (калі чалавек атрымаў адукацыю за кошт бюджэту, але адмаўляецца ад абавязковай адпрацоўкі). Таксама вядомыя паказальныя «палітычныя» суды.
«Частка вывучэння права»
Паказальныя суды — не новая рэпрэсіўная практыка беларускага рэжыму. Паводле слоў праваабаронцы «Вясны» Вікторыі Рудзянковай, яны праходзілі і да 2020 года. Хоць афіцыйнай статыстыкі па такіх пасяджэннях няма, праваабаронцам вядома пра дзясяткі падобных выпадкаў.
Суразмоўніца DW расказвае, што асабіста прысутнічала на двух такіх працэсах: «Першы быў у актавай зале сельскай школы, дзе я вучылася, тады судзілі чалавека за ўжыванне псіхаактыўных рэчываў. Другі — для студэнтаў Акадэміі кіравання. Тады гэта падавалася як частка вывучэння студэнтамі права».
Між тым, школьнікі і студэнты часам аказваюцца не гледачамі, а затрыманымі або абвінавачанымі. Улетку 2023 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта судзілі за «распаўсюд нацысцкай сімволікі» і жарты пра Гітлера ў студэнцкіх чатах. Некалькі пасяджэнняў прайшлі ў самой ВНУ, усяго паведамлялася пра 30 фігурантаў.
Глядзіце таксама

Па месцы вучобы нярэдка судзяць маладых людзей, якім ставяць у віну «абарот псіхаактыўных рэчываў», а таксама тых, хто вучыўся за кошт бюджэту, але адмовіўся ад абавязковай адпрацоўкі.
Публічныя «палітычныя» суды ў ВНУ
«Нам вядома мінімум два выпадкі публічных судоў ва ўніверсітэтах з палітычных матываў», — адзначае Рудзянкова. Паводле яе слоў, невялікую колькасць дэманстратыўных палітычна матываваных судоў можна растлумачыць тым, што дзяржава ў прынцыпе «выбірае рабіць такія суды закрытымі».
У чэрвені 2023 18-гадовую студэнтку судзілі за «абразу Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса) у дзяржуніверсітэце ў Баранавічах. Дзяўчыне прысудзілі два гады «хатняй хіміі».
Глядзіце таксама

19 сакавіка 2024 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры адбылося адкрытае выязное пасяджэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска. Разглядалася крымінальная справа па ч.1 арт.342 КК («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Гэты артыкул часцей за ўсё ўжываецца да ўдзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў. Каго і на які тэрмін асудзілі, на сайце ВНУ не гаворыцца.
Палітвязня судзілі на мэблевай фабрыцы
Публічныя суды па «палітычных» артыкулах праходзілі і па месцы працы абвінавачаных. У снежні 2021 палітвязень Сяргей Карпеня атрымаў 2 гады «хіміі» па арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі»). Карпеню паказальна асудзілі на Баранавіцкай мэблевай фабрыцы «Лагуна», дзе ён працаваў.
А дэманстратыўныя суды над тымі, хто ўхіляецца ад службы ў войску, нярэдка праходзяць у ваенкаматах. У лютым 2024 на працэс над «ухілістам» у ваенкамат у Пінску прывялі малодшых школьнікаў, паведамлялі беларускія СМІ. Сам жа абвінавачаны на пасяджэнне не прыйшоў, яго абвясцілі ў вышук.
Гарманічны элемент таталітарнай палітыкі
«Паказальныя суды — даволі гарманічны элемент таталітарнай палітыкі», — лічыць Вікторыя Рудзянкова. Яны накіраваныя на «застрашванне і дэманстрацыю суровасці пакарання». Гэта ж прасочваецца і ў іншых практыках сілавікоў: відэа, запісаных пад прымусам, інтэрв'ю з палітвязнямі на дзяржТБ і г.д. Усё гэта павінна дэманстраваць грамадству «заканамерныя» пакуты за непадпарадкаванне ўладзе, выклікаць страх аказацца на месцы абвінавачаных.
«З пункту гледжання беларускага заканадаўства гэта можа расцэньвацца як прафілактычнае мерапрыемства, — кажа праваабаронца. — З пункту гледжання правоў чалавека практыка паказальных судоў можа замахвацца на свабоду ад жорсткага, бесчалавечнага і зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання».
Рудзянкова таксама звяртае ўвагу, што падсудны да і падчас такой практыкі сутыкаецца з псіхалагічным ціскам, «штучна створаным грамадскім ганьбаваннем і асуджэннем, што з'яўляецца дадатковым пакараннем да ўжо прызначнага па законе».
Глядзіце таксама

Такія працэсы парушаюць права на справядлівы суд, якое «гарантуе чалавеку вяршэнне справядлівасці і абараняе яго ад дэманстрацыі сілы з боку дзяржавы».
Калі ж падобныя суды праходзяць ва ўстановах адукацыі, улады замахваюцца яшчэ і на свабоду адукацыі.
«Калі я буду з агрэсарам заадно, я не пацерплю»
Псіхолаг Ганна Матуляк, у сваю чаргу, адзначае, што практыка публічных судоў спрыяе падаўленню волі і свабоды, закладае ў людзях страх на базавым узроўні. «Сілавікам гэта дае, безумоўна, пачуццё перавагі», — кажа Матуляк.
Абвінавачаны ж, адзначае псіхолаг, адчувае сябе прыніжаным і здушаным. Падобныя працэсы дрэнна ўплываюць на псіхіку. Чалавек можа перажываць злосць, якую не мае магчымасці выказаць і пражыць, таму, хутчэй за ўсё, «будзе яе накіроўваць альбо на кагосьці больш уразлівага і слабога ў сваім асяроддзі, альбо на сябе самога ў выглядзе аўтаагрэсіі, захворванняў, самаразбуральных, шкодных паводзінаў».
«Для гледачоў жа гэты працэс можа быць звязаны з перажываннем пачуцця перавагі: калі гэта адбываецца не са мной і я адчуваю таксама ў некаторай ступені задавальненне, пачынаю далучацца да тых людзей, якія ладзяць гэтае судзілішча», — тлумачыць Матуляк.
Пры гэтым псіхолаг звяртае ўвагу, што гэта можа быць ахоўнай рэакцыяй псіхікі — далучыцца да агрэсара, таму што несвядома ствараецца адчуванне: «Калі буду з агрэсарам заадно, я не пацерплю».