Хронікі рэпрэсій, 16 кастрычніка. Брэсцкага журналіста Даніла Палянскага вінавацяць у “здрадзе дзяржаве”

У Рэчыцы ўлады «павіншавалі» жанчын з Днём маці — як мінімум 7 мясцовых жыхарак асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму». Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Сёння пачынаюць судзіць аналітыка Андрэя Паротнікава

Андрэй — палітолаг, спецыяліст па праблемах бяспекі. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog; член Рады арганізацыі "Правы альянс" (2010-2011). Быў затрыманы ў сакавіку 2023 года ў Маскве.

Пазней канал АНТ выпусціў фільм, у якім распавялі, што абвінавачваюць Паротнікава ў тым, што ён вёў свой блог і збіраў аналітыку па Беларусі, а таксама перапісваўся з калегамі-экспертамі.

Цяпер палітвязня абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «зрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356); "змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ўлады" (ч. 1 арт. 357); садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4); “уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання” (ч. 3 арт. 361-1); "перашкода здзяйсненню выбарчых правоў" (ч. 2 арт. 191).

Судовы працэс распачнецца сёння ў Менскім областным суде, пасяджэнні будуць зачыненыя. Судзіць эксперта будзе Вячаслаў Тулейка.

Палітзняволены Мікола Дзядок чацвёрты месяц знаходзіцца ў ШІЗА

Пра гэта паведаміў блізкі да Мікалая тэлеграм-канал. 

У верасні стала вядома, што ў дачыненні да Міколы распачалі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы).

Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Глядзіце таксама

Сёння пачынаюць судзіць палітзняволеную Наталлю Салук

24-гадовую дзяўчыну затрымалі ў красавіку гэтага года. Яе абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак). Паводле сілавікоў, яна нібыта «перашкаджала праезду машыне ДАІ» ў 2020 годзе.

Вядома, што дзяўчына скончыла БНТУ.

Суд над Наталляй пачынаецца сёння ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Справу будзе разглядаць суддзя Юлія Шчоткіна.

На прадпрыемствах Гродзенскай вобласці людзей прымушаюць насіць чырвона-зялёны значак — інакш пагражаюць пазбавіць прэміі

Пра гэта піша тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Сцвярджаецца, што гэта адбываецца на некаторых прадпрыемствах вобласці. Таксама людзей прымушаюць клеіць налепкі з чырвона-зялёным сцягам і гербам на чахол тэлефонаў. Калі гэта не зрабіць — пагражаюць пазбавіць прэміі.

У Рэчыцы ўлады «павіншавалі» жанчын з Днём маці — як мінімум 7 мясцовых жыхарак асудзілі за «распаўсюд экстрэмізму»

Пра гэта паведамляе «Гомельская Вясна».

У Дзень маці, 14 кастрычніка, паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі Святлану Гапоненка, Ганну Мацюшэнка, Яну Мацюшэнка, Анастасію Сауліч, Галіну Трухтову, Юлію Чыжэўскую і Лізавету Мікалайчык. Справы першых шасці жанчын разглядаў суддзя Генадзь Шэвель, справу Мікалайчык — Станіслаў Іванюценка, які ўчора асудзіў палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк.

Вынікі судовых пасяджэнняў высвятляюцца.

Брэсцкага журналіста Даніла Палянскага вінавацяць у “здрадзе дзяржаве”

У пачатку верасня Палянскі ездзіў у Расію ды сваякоў. У дарозе здарыўся інцыдэнт з расейскімі сілавікамі. Ягоны аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ФСБ і пасьля звінавацілі ў адміністрацыйным парушэнні за непадпарадкаванне — нібыта ён адмовіўся паказваць дакументы.

«Даніл казаў, што на той момант ягоны пашпарт быў у руках расійскага сілавіка, — распавядае адзін са знаёмых Палянскага. — Пазней, калі ён вярнуўся ў Брэст, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ».

Ад пачатку меркавалася, што затрымалі за нейкае адміністрацыйнае правапарушэнне. Але днямі стала вядома пра распачатую крымінальную справу. Данілу інкрымінуюць артыкул 356 УК – “Здрада дзяржаве”. Яго змясцілі пад варту ў СІЗА, піша БАЖ.

Данілу Палянскаму 53 гады. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Брэсце як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».

Палітзняволенага бізнэсоўца асудзілі да пяці гадоў калоніі

50-гадовага Сяргея Юнчыца, які займаўся медыцынскім абсталяваннем, затрымалі 23 студзеня падчас «рэйду па салідарнасці», які ладзіў КДБ.

Сяргея судзілі ў Мінскім абласным судзе. Яго абвінавачвалі паводле арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 361-4 КК (садзейнічанне эктрэмісцкай дзейнасці) і арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання, страціў сілу ў траўні 2021 года).

Як паведамляе «Наша Ніва», суддзя Алена Курганава асудзіла Юнчыца да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

Сайт bellit.infо, які з’яўляецца праектам Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, ад сённяшняга дня перастаў адкрывацца на тэрыторыі Беларусі

«На дадзены момант наш сайт перастаў адкрывацца на тэрыторыі Беларусі. Але хутка мы зможам прапанаваць спосаб бяспечна чытаць яго з нашай краіны. А пакуль прапануем чытачам з Беларусі выкарыстоўваць VPN альбо заставацца на сувязі ў сацыяльных сетках», — паведамляе тэлеграм-канал ініцыятывы.