Хронікі рэпрэсій за 17 кастрычніка: падчас затрымання ў Наваполацку сілавікі стралялі
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1435 дзён, Дзяніс — 1315.
***
У верасні 2024 года як мінімум 170 чалавек у Беларусі былі асуджаныя па «пратэсных» крымінальных справах, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле звестак праваабаронцаў, сярод асуджаных — 46 жанчын і 124 мужчыны.
Больш за ўсё чалавек асудзілі ў Мінску — 61 чалавека. У Мінскай вобласці — 25 чалавек. У Брэсцкай вобласці — 44 чалавекі, у Гомельскай вобласці — 20, у Магілёўскай — 8, у Віцебскай — 9, у Гродзенскай вобласці — 3.
Як пішуць праваабаронцы, амаль у палове выпадкаў (46%) у абвінавачанні прысутнічаў артыкул аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 Крымінальнага кодэкса).
У некалькіх выпадках людзей па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» судзілі цэлымі сем'ямі. Крымінальныя справы ў дачыненні адразу і да жонкі, і да мужа разглядаліся ў Дзяржынску, Мінску, Брэсце.
12 чалавек у верасні судзілі паўторна. Напрыклад, Вольгу Брыцікаву, лідарку незалежнага прафсаюза «Нафтана» (сумарна яе прысудзілі да 6 гадоў калоніі) або брэстаўчаіна Генадзя Васілюка (яго судзілі ў лютым 2024 года, у верасні адбыўся паўторны суд паводле новага абвінавачання).
***
Сілавікі са стральбой затрымалі жыхара Наваполацка; у яго знайшлі пашпарты Украіны і ЗША. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
Аўтары канала называюць затрыманага «проста Коля». У апісанні відэа пішуць, што ў 2020 годзе ён прыехаў на ПМЖ у Беларусь, але не ўдакладняюць, з якой краіны. У мужчыны выявілі пашпарт ЗША і Украіны.
«Пры ператрусе ў яго знайшлі амерыканскае "шпіёнскае" абсталяванне для глыбокага ўкаранення».
На кадрах затрымання, якія апублікаваў тэлеграм-канал, відаць, што падчас затрымання сілавікі некалькі разоў страляюць з пісталета ў бок затрыманага.
Таксама блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал піша, што цяпер мужчына знаходзіцца ў ІЧУ, бо «за яго плячыма ўсяго толькі 4 пратаколы + 1 крымінальная справа».
«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў «ВКонтакте», там ён падпісаны як Alex Sanders. У якасці роднага горада пазначаны Наваполацк. На старонцы Alex ёсць фота каля помніка, які ўсталяваны ў мястэчку ў Віцебскай вобласці. Дата на фота — 2015 год.
***
Затрыманага падчас «контртэрарыстычнай аперацыі» ў Лельчыцах Віталя Уласюка будуць судзіць па артыкуле аб «кантрабандзе», піша «Зеркало».
Яго справу ў судзе Ленінскага раёна Брэста 29 кастрычніка пачне разглядаць суддзя Дзмітрый Куроўскі. Паводле звестак ініцыятывы «BELPOL», у Беларусі ёсць усяго адзін Віталь Дзмітрыевіч Уласюк. Яго год нараджэння і месца жыхарства супадаюць з інфармацыяй, якую КДБ апублікаваў пасля затрымання.
Разам з Віталём Уласюком па справе аб «кантрабандзе» будуць судзіць яшчэ дваіх чалавек — Дар'ю Святлічную і Руслана Коціева.
Як піша «Зеркало» са спасылкай на «BELPOL», Уласюк і Святлічная раней працавалі ў адной кампаніі — «Стыль Фэшн Люкс». Коціеў, хутчэй за ўсё, не з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. У «BELPOL» паведамілі, што не знайшлі ў Беларусі чалавека з такімі ж данымі, як у яго.
Украінцаў Сяргея і Паўла Кабарчукоў, затрыманых падчас аперацыі ў Лельчыцах, судзяць з 26 верасня. Яны былі затрыманыя разам з Уласюком у лютым 2024 года. Ім прад'явілі абвінавачанне па некалькіх артыкулах КК, у тым ліку аб «акце тэрарызму» і «агентурнай дзейнасці».
***
Сілавікі затрымалі грамадзяніна Ізраіля з беларускім ВНЖ за каментары пра Аляксандра Лукашэнку. Відэа з ім апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».
На ім паказаная сцэна затрымання: да мужчыны прыйшлі як мінімум шасцёра сілавікоў са зброяй, шчытамі і ў амуніцыі. Адзін з іх трымае ў руках вялікі малаток — верагодна, рыхтаваліся выломліваць дзверы.
Пасля мантажнай злепкі затрыманы кажа, што з 1997 года жыў у Беларусі і ў 1997 годзе атрымаў грамадзянства Ізраіля. Ён дадае што ў 2020 годзе напісаў у розных каналах 18 «негатыўных каментароў» на адрас Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Савета Бяспекі.
У відэа сілавікоў дэманструюцца скрыншоты фраз «У царка асабістая армія, асабістыя падданыя, асабістая труна» і іншыя. Хто іх пісаў — невядома.
Прамову затрыманага мужчыны ў роліку час ад часу перарываюць кадры з артыстам Максімам Галкіным, змантаваныя на фоне выбухаў і крыкаў «Алаху акбар», а таксама сцэнамі збіцця людзей, якія выглядаюць як артадаксальныя іўдзеі.
Па якіх менавіта артыкулах затрыманы мужчына і што з ім цяпер — невядома.
***
Сёння пачалі судзіць пакерыста, які ўдзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі — меркавана, за падтрымку Украіны, піша «Наша Ніва».
Міхаіл Фандо родам з Барысава, але яшчэ са студэнцкіх гадоў жыве ў Мінску. Вучыўся ў БДУ на менеджара. Інфармацыі пра яго мала. Мужчына вядомы як пакерыст па мянушцы «Рэтлі». Ён выступаў у многіх чэмпіянатах, у тым ліку ў чэмпіянаце Беларусі.
Судовы працэс над ім пачаўся сёння ў Мінскім гарадскім судзе. Яго, меркавана, абвінавачваюць у падтрымцы Украіны — працэс ідзе па артыкуле «Дапамога ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне вайны» (ч.2 арт.361-3 КК). Судзіць мужчыну будзе Любоў Сімахіна, якая выносіць палітычныя прысуды з 2011 года.
***
Мікіта Квартальнаў, сын галоўнага трэнера беларускай зборнай па хакеі расійца Дзмітрыя Квартальнага, адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт на Акрэсціна па артыкуле аб «хуліганстве» (арт.19.1 КаАП), піша расійскае выданне «Спорт-Экспрэс».
Квартальнава затрымалі пасля канфлікту з дырэктарам хакейнага клуба Арцёмам Каркоцкім на пачатку кастрычніка.
Пасля арышту яго дэпартавалі з Беларусі і на тры гады забаранілі ўезд у Беларусь.
Паводле слоў Мікіты, арышт ён адбываў у камеры 2х2 метры, дзе знаходзіліся восем чалавек.
***
Блогер Руслан Ліннік не выйшаў на волю з калоніі пасля адбыцця тэрміну 8 кастрычніка, піша «Краіна для Жыцця».
Замест вызвалення Лінніка перавялі ў СІЗА ў Калядзічах. У чым абвінавачваюць блогера, невядома.
У 2021 годзе суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Лінніка да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя прызнаў блогера вінаватым у «паклёпе» (арт.188 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (ч.ч.1 і 2 арт.367 КК), «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).
Паводле версіі абвінавачвання, у роліках на ютуб-канале Лінніка ўтрымліваліся абразы і паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, былога кіраўніка КДБ Валерыя Вакульчыка, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і яго намесніка Генадзя Казакевіча, міністра абароны Віктара Хрэніна.
Праваабаронцы ўдакладняюць, што Лінніка затрымалі 20 лютага ў Віцебску. Пры гэтым МУС пісала, што блогер доўгі час хаваўся, але «супрацоўнікі затрымалі яго, нягледзячы на канспіратыўны лад жыцця і рэгулярную змену месца жыхарства».
***
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ чатыры чалавекі. Гэта Юрый Бандарэнка, Вячаслаў Мурноў, Андрэй Рабякоў і Кірыл Вевель.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 624 дні, Максіма Знака — 618 дзён, Мікалая Статкевіча — 615 дзён, Ігара Лосіка — 606 дзён, Віктара Бабарыкі — 544 дні, Сяргея Ціханоўскага — 474 дні, Уладзіміра Гундара — 437 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1292 чалавекі.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1404 чалавекі. Сярод іх — 174 жанчыны і 3 непаўнагадовых. 22 палітвязні адпраўлены на прымусовае лячэнне.