«З моманту затрымання двое сутак я была без ежы і амаль без вады». Былая зняволеная — пра ўмовы на Акрэсціна

За чатыры гады рэпрэсій праз Акрэсціна прайшлі тысячы, а то і дзясяткі тысяч людзей. І для «палітычных» умовы ўтрымання там не змяніліся — яны ўсё так жа блізкія да катаванняў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ўжо больш за чатыры гады. Штодзень па ўсёй Беларусі сілавікі затрымліваюць дзясяткі чалавек, частку з якіх адпраўляюць на «суткі» ў ізалятары і ўтрымліваюць іх у нечалавечых умовах. «Вясна» паразмаўляла з былой арыштанткай, якая некалькі тыдняў таму адбывала арышт на Акрэсціна, пра затрыманне, умовы ўтрымання ў сумна вядомым ізалятары, пра эпідэмію ротавіруснай інфекцыі і медыцынскую дапамогу.

«Пратакол я чытала павольна, таму на мяне прыкрыкнулі — і я ўсё падпісала»

Некалькі тыдняў таму Крысціну (імя змененае ў мэтах беспекі) затрымалі супрацоўнікі КДБ: двое ў цывільным адзенні прыйшлі да яе на працоўнае месца, яшче трое ў банданах чакалі на вуліцы. Як пазней жанчыне стала вядома, сілавікі пасля сябе выдалілі відэа з камер назірання, на якія яны патрапілі.

Нагоду для затрымання Крысціне не назвалі. На просьбу жанчыны даць ёй папіць супрацоўнікі заехалі ў краму, купілі бутэльку вады і прапанавалі «снікерс». У КДБ яе дапыталі, пасля чаго адвезлі ў РУУС і пакінулі там да раніцы.

«Там было вельмі холадна, але куртку пакінулі ў камеры захоўвання і не далі мне. Камера ўяўляла сабой цьмянае пустое памяшканне з бетоннай прыступкай, на якой я і спрабавала паспаць.

Праз пару гадзін мне прынеслі пратакол, але я была не ў стане разумець, што яны ад мяне хочуць. Чытала я павольна, таму на мяне проста прыкрыкнулі — і я ўсё падпісала, але нічога не зразумела».

«Мне прызначылі "суткі" — у той час, як алкаголікаў, якія збівалі сваіх жонак і маці, адпускалі дадому»

У РУУС супраць Крысціны склалі пратакол паводле арт.19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Гэта адзін з самых распаўсюджаных артыкулаў, што выкарыстоўваюць супрацоўнікі міліцыі супраць людзей, затрыманых паводле палітычных матываў.


Глядзіце таксама

«Сказалі, што я з хуліганскіх памкненняў размахвала рукамі, крычала і лаялася нецэнзурна. Віну я не прызнала, але мне прызначылі "суткі" — у той час, як алкаголікаў, якія збівалі сваіх жонак і маці, адпускалі дадому за дзве "базавыя". Я не разумела, што адбываецца. Яшчэ я падпісала дакумент, што са мной праведзеная гутарка аб адказнасці за знаходжанне ў "экстрэмісцкіх" чатах і да таго падобнае».

«З моманту затрымання да першага кармлення ў ЦІПе прайшло двое сутак»

Раніцай затрыманых адвялі чакаць суду, які мусіў адбыцца праз «скайп». Паводле слоў жанчыны, прыкладна за гадзіну-паўтары асудзілі больш за 20 чалавек. Пасля суду арыштантак, якім прызначылі адміністрацыйны арышт, перавялі ў ЦІП на Акрэсціна.

«Падчас прыёмкі ў ЦІП мяне адвялі да медработніцы. Яна запісала мае скаргі і хранічныя захворванні. Далей нас з яшчэ адной дзяўчынай адвялі ў асобны пакой, дзе супрацоўніца нас дагледзела (распрананне дагала, прысяданні), паводзіла сябе, надзіва, ветліва, пасля чаго мяне адвялі ў камеру. Варта заўважыць, што з моманту затрымання да першага кармлення ў ЦІПе прайшло двое сутак, увесь гэты час я была без ежы і амаль без вады».

Крысціна, як і ўсе «палітычныя», трапіла ў жаночую камеру № 15 — па плошчы прыкладна 2,5 на 5 метраў.

«За перыяд знаходжання там было ад 10 да 18 чалавек, людзі выходзілі і прыходзілі, але ў сярэднім было 15 чалавек у асноўную частку тэрміну. Падчас "сутак" некаторых выклікалі на дадатковыя допыты, дзяўчаты казалі, што гэта прыходзілі КДБшнікі».

Праз перапоўненасць камер затрыманым даводзіцца спаць не толькі на металічных ложках, ад якіх застаюцца сінякі, але і на падлозе, пад сталом, на стале, на лаўцы. Крысціна адзначае, што тых дзяўчат, якія спалі на падлозе, кусалі блашчыцы, таму потым целы былі ў чырвоных плямах ад алергіі на ўкусы.

«Дзяўчаты былі нават у шортах і топах»

Ужо некалькі гадоў, з 2020-га года, у часовых ізалятарах для «палітычных» арыштантаў уладамі створаныя спецыяльныя ўмовы: камеры перапоўненыя, матрацы і пасцельная бялізна не выдаюцца, перадачы ад блізкіх прымаюць рэдка, на прагулкі і ў душ не выводзяць. Таму мыцца даводзіцца ў ракавіне або з дапамогай пластыкавай бутэлькі.


Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, «палітычных» будзяць а 2:00 і а 4:00 на «пераклічку». Пры гэтым святло ў камеры гарыць 24/7.

«Гэта адно з галоўных катаванняў. Адбой быў а 22-й. А 2-й і а 4-й гадзіне ночы нам грукалі нагой у дзверы і ўсім трэба было ўстаць на ногі, пасля чаго дзяжурны гаварыў па чарзе кожнай назваць прозвішча, імя і імя па бацьку. Пасля чаго можна было класціся зноў. Пад'ём а 6-й раніцы суправаджаўся таксама гучным грукатам нагой у жалезныя дзверы».

Паводле слоў Крысціны, за час яе арышту для затрыманых прымалі толькі пару майткоў і шкарпэтак, туалетную паперу, пракладкі, пасту, шчотку, мыла.

«У камеры ў нас было часцяком душна, акно было прыадчыненае, але гэта не дапамагала, пазней з пахаладаннем па начах станавілася вельмі холадна праз адчыненае акно. Адзення цёплага ў нас не было, бо многіх затрымалі, калі было яшчэ цёпла, дзяўчаты былі нават у шортах і топах. Тыя, хто выходзілі, пакідалі частку адзення ў камеры тым, каму больш патрэбна, і выходзілі ў майках, калі былі ўпэўненыя, што іх дакладна выпусцяць і што іх сустрэнуць родныя».

У асноўным у затрыманых было дзве катэгорыі артыкулаў: 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства») і 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Згодна са словамі жанчыны, тых, каго судзілі паводле «экстрэмісцкага» артыкула, адпускалі адразу, а тых, каго за «хуліганку», часта перазатрымлівалі паводле новых пратаколаў. Усім сукамерніцам Крысціны прызначалі ад 10 да 15 сутак арышту.

Цалкам пра ўмовы ўтрымання на Акрэсцінаможна прачытаць тут.