Фігуранта «Справы патрыётаў» судзяць за набой да Калашнікава
У Ленінскім судзе Мінска судзяць Андрэя Бяляўскага, фігуранта «Справы патрыётаў», затрыманага 21 сакавіка 2017 году. Гэтым разам яму інкрымінавалі захоўванне аднаго набоя пад аўтамат Калашнікава, які знайшлі следчыя падчас вобшуку 24 сакавіка ў рамках следства па «справе аб масавых беспарадках», якая неўзабаве развалілася.
Бяляўскі поўнасцю прызнаў віну. Паводле яго расповеду, набой ён знайшоў пад задняй сядушкай машыны, якую набыў у Рэчыцы ў 2013-м і прыгнаў у Мінск. Не ведаючы, ці набой баявы, ці наўпрост копія, Андрэй вырашыў яго захаваць – як сувенір – закінуў у шуфляду стала і …забыўся. Там набой калібру 7,62 і праляжаў ажно да вобшуку ў рамках сумна вядомай «Справы патрыётаў».
Суддзя Марына Запаснік аб’явіла перапынак да 14.00.
Пасля перапынку пракурор запрасіў 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Прысуд будзе абвешчаны заўтра, 12 студзеня. Пачатак паседжання ў 9:30.