Фігуры тыдня: Мікола Статкевіч, Уладзіслаў Баўмгертнер, Вольга Класкоўская
Мікола Статкевіч Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі зноў абмежаваны ў выказванні сваіх думак. Прынамсі, выказваць іх ён можа так, каб іх ніхто не пачуў. Былы палітвязень, сустрашыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч падаў заяву ў Дэпартамент выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці з просьбаю правесці праверку ў СТ №4 Магілёва і высветліць, чаму ад Мікалая Статкевіча не даходзяць лісты.
«Жонка спадара Міколы Марына Адамовіч паведаміла мне, што атрымала ад мужа ліст за 21 кастрычніка, дзе той пераказвае мне вітанні і піша, што даслаў мне тры лісты за апошні час, — адзначыў Дашкевіч. — Я ж атрымаў ад яго толькі адну паштоўку і тое два месяцы таму. На жаль, гэта не першы выпадак, калі адміністрацыя магілёўскай турмы блакуе пошту палітвязняў, як Міколы Статкевіча, так і Яўгена Васьковіча, — і тое, што яны дасылаюць, і тое, што дасылаецца ім. Таму я звярнуўся ў Дэпартамент, каб была праведзеная праверка па гэтым факце».
Канешне, Дашкевіч, які сам неаднойчы сутыкаўся з турэмнай цэнзурай, не мае ілюзіяў, што Дэпартамент выканання пакаранняў знойдзе «згубленыя» лісты Статкевіча. Аднак, па меркаванні палітыка, чым часцей звяртаць увагу на беззаконні ў пенітэнцыярнай сістэме, тым меншым будзе прага турэмшчыкаў чыніць гэтыя беззаконні.
А пакуль Статкевіч застаецца «абмежаваным у ліставанні».
Уладзіслаў Баўмгертнер
Беларусь хутка можа развітацца з «віп-затрыманым» гендырэктарам «Уралкалія» Уладзіславам Баўмгертнерам. Генпракуратура Беларусі пацвердзіла, што атрымала з Расіі запыт аб экстрадыцыі Баўмгертнера.
Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Беларусі Пётр Кісялёў паведаміў, што «Генпракуратура Беларусі прыступіла да разгляду дадзенага запыту».
«У сувязі са шматлікімі запытамі СМІ Генеральная пракуратура РФ інфармуе, што са Следчага камітэта Расіі ёй паступіла хадайніцтва аб выдачы грамадзяніна РФ Уладзіслава Баўмгертнера для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Хадайніцтва было вывучана ў Генпракуратуры Расіі. Пасля разгляду дадзеных матэрыялаў 22 кастрычніка ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь быў накіраваны запыт аб выдачы Баўмгертнера ў Расію», — паведаміла і Генпракуратура Расіі.
Так што, магчыма, Баўмгертнер хутка з’едзе на радзіму. А пасля гэтага, у чым мала хто сумняваецца, расійскія следчыя органы спыняць супраць яго крымінальную справу і выпусцяць на волю. Усё шабуршанне з завядзеннем крымінальнай справы супраць Баўмгертнера ў Расіі і завочным ягоным арыштам выклікана толькі жаданнем, «хоць тушкай, хоць чучалам» выдраць яго з кіпцюроў КДБ. І зараз фармальна ў РБ няма падставаў адмовіць Расіі ў выдачы яе грамадзяніна. Калі, канешне, беларускія следчыя не завядуць на яго нейкую новую крымінальную справу.
Вольга Класкоўская
Не пашанцавала ў Швецыі нашай суайчынніцы Вользе Класкоўскай. Яна прайграла апеляцыйны суд і павінна сем год правесці ў шведскай турме.
Некалькі год таму Класкоўская атрымала статус палітычнага ўцекача ў сувязі з пераследам на радзіме за апазіцыйныя перакананні. У 2011 годзе яна адмовілася ад гэтага статуса і вярнулася ў Беларусь, каб падтрымаць свайго брата — фігуранта справы «Плошчы–2010» Аляксандра Класкоўскага. Але неўзабаве зноў з’ехала ў Швецыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара турэцкага паходжання, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына. Дакументы на атрыманне віду на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 года стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у атрыманні віду на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без права абскарджвання.
У лютым прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай сына ў сувязі з тым, што ў яе няма віду на жыхарства ў гэтай краіне і яна не можа забяспечыць яму нармальныя ўмовы пражывання.
З мужам Гекаем Безгінам у яе не склалася. Падчас аднаго з сямейных скандалаў Класкоўскую затрымалі, а 23 жніўня стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства мужа.
Пасяджэнні апеляцыйнага суда адбываліся з 23 да 25 кастрычніка. У выніку вырак — 7 гадоў турмы і штраф у 110 тысяч шведскіх крон на карысць мужа.