Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на польскага суддзю, які не выдаў Сцяпана Пуцілу

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу ў дачыненні да суддзі акруговага суда Варшавы Дарыюша Любоўскага за «распальванне нацыянальнай варожасці і сацыяльнай варожасці».

959060931_0_244_1450_1060_1920x0_80_0_0_68648ca0410970b2ccdf37691f7582ac.jpg.webp

Як адзначаецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры, «падазраваны з'яўляўся суддзёй па справе аб выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь датычнага да тэрарыстычнай дзейнасці Сцяпана Пуцілы, які абвінавачваецца ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх, супраць грамадскай бяспекі і правапарадку».

«У ходзе пасяджэння Дарыюш Любоўскі публічна распаўсюдзіў заведама недакладную інфармацыю, накіраваную на распальванне нацыянальнай варожасці і сацыяльнай варожасці, абразіў і абылгаў вышэйшых службовых асоб Рэспублікі Беларусь.

Падобныя дзеянні афіцыйнай службовай асобы, якая выступае ад імя польскай дзяржавы, сведчаць пра відавочны непрафесіяналізм, ігнараванне асноўных прынцыпаў ажыццяўлення правасуддзя і міжнародных абавязацельстваў, пацвярджаюць свядомую тэндэнцыйнасць і сфабрыкаванасць судовага працэсу па канкрэтнай крымінальнай справе, яе палітызаванасць і заказны характар. Пры гэтым сама працэдура абвяшчэння рашэння была відавочна тэатралізаваная», — сказана ў матывуючай частцы прэс-рэліза Генпракуратуры.

Справа заведзеная паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Для вытворчасці папярэдняга следства матэрыялы накіраваныя ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Варшаўскі суддзя Дарыюш Любоўскі адмовіў беларускім уладам у эстрадыцыі блогера Сцяпана Пуцілы 26 студзеня. У Польшчы журналіст мае статус палітуцекача і забяспечаны міжнародный абаронай.