Хлопец, які сядзеў у СІЗА за ўгон аўто, выйграў і атрымаў аўтамабіль
Мінчук Канстанцін Сіротка, які сядзеў у СІЗА па падазрэнні ва ўгоне аўтамабіля, не толькі выйграў, але і змог атрымаць аўто ў конкурсе "Удача в придачу", піша БЕЛТА.
Нестандартная сітуацыя склалася ў 48-м туры гульні. Як распавядала Еўрарадыё, у снежні гульнявы код Канстанціна выйграў пазадарожнік Hyundai Creta, але ўручыць ключы ад яго арганізатары не змаглі. Яго дзяўчына паведаміла, што з кастрычніка хлопец знаходзіцца пад вартай у СІЗА: яго падазраюць ва ўгоне аўтамабіля. Між тым, паводле правілаў гульні, пераможца мусіў сам з'явіцца па прыз і не пазней за 12 студзеня.
Для Сіроткі прыемным сюрпрызам стала тое, што пад самы Новы год яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Такім чынам хлопец змог, як патрабуюць умовы гульні, з'явіцца па прыз асабіста і падаць неабходныя звесткі пра сябе.
«У будучым хачу адкрыць свой бізнэс, стварыць сям'ю... А перш за ўсё — здаць на правы!» — падзяліўся Сіротка сваімі планамі.
Паводле «Еўрарадыё»