Гомельскія медыкі стануць спонсарамі правядзеньня Дня гораду
Кіраўніцтва Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі прапанавала медыкам стаць спонсарамі Дня гораду 14 верасня, піша «Свабода».
Ілюстрацыйнае фота www.svaboda.org
Адпаведны дакумент трапіў у распараджэнне тэлеграм-канала блогера Nexta.
«Штогод з нас збіраюць грошы на Дзень гораду. Гэта такія ж абавязковыя зборы, як і на Чырвоны Крыж, падпіску. Летась здавалі па 4 рублі», — пацвердзіў Свабодзе на ўмовах ананімнасці адзін з супрацоўнікаў «хуткай дапамогі».
Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка накіравала ліст галоўным урачам і загадчыкам філіялаў. Там гаворыцца, што «па даручэнні гарвыканкаму» каардынатар па зборы спонсарскай дапамогі да Дня гораду сярод медустаноў — цэнтральная паліклініка.
«Паліклініка даручае вам аказаць падтрымку ў прыцягненні спонсарскай дапамогі ў выглядзе пералічэння сродкаў на разліковы рахунак Гомельскага гарадскога цэнтру культуры да 26 жніўня», — пазначана ў дакуменце. Ён падпісаны выканаўцай абавязкаў галоўнага лекара Святланай Філіпковай.
У дакуменце пералічваюцца філіялы паліклінікі і сумы, якія яны «вінныя» на правядзенне Дня гораду. Усе філіялы абцяжараныя падтрымкай Дня гораду на суму 90 рублёў, акрамя паліклінікі № 1 — тая мусіць «прыцягнуць» 180 рублёў. Стаматалагічная паліклініка мусіць пералічыць 540 рублёў, дзіцячая — 630.
Супрацоўнікі гомельскіх шпіталяў, між тым, не збіраюць грошы на Дзень гораду. Пра гэта Свабодзе паведамілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя і гарадскога спецыялізаванага клінічнага шпіталя.
У адміністрацыі цэнтральнай паліклінікі спраўдзіць інфармацыю пра зборы на Дзень гораду не ўдалося. На працягу працоўнага дня 16 жніўня выканаўца абавязкаў галоўнага лекара Святлана Філіпкова была недасяжная для каментароў.