Гонар беларускай медыцыны — усё? Два японцы памерлі пасля трансплантацыі ў Беларусі

Такійская паліцыя распачала крымінальную справу ў дачыненні да мясцовай некамерцыйнай арганізацыі пасля другой смерці грамадзяніна Японіі, які скарыстаўся паслугай па перасадцы органаў. НКА дапамагала японцам правесці аперацыю ў адной з клінік у Беларусі.

AP Photo

AP Photo


Гаворка ідзе пра такійскую некамерцыйную арганізацыю «Падтрымка пацыентаў з цяжкавылечнымі захворваннямі», піша Reform.by са спасылкай на японскую газету Yomiuri Shimbun. У 2021-2022 гадах арганізацыя адправіла ў Беларусь трох пацыентаў з Японіі і атрымала за паслугі больш за 130 млн ен (каля 1 млн долараў).

Дырэктар НКА, 62-гадовы Хірамічы Кікучы (Hiromichi Kikuchi) быў арыштаваны 7 лютага 2023 года па падазрэнні ў парушэнні Закона аб перасадцы органаў. Паліцыя канфіскавала ў звязаных з НКА асоб спіс з 150 прозвішчаў, якія былі зацікаўлены ў аперацыі па трансплантацыі.

На гэты момант Кікучы падазраюць у арганізацыі трансплантацыі печані 40-гадоваму мужчыну, які пасля памёр. Сцвярджаецца, што Кікучы прыняў меры без дазволу Міністэрства аховы здароўя Японіі. Стан гэтага мужчыны пагоршыўся пасля аперацыі па перасадцы ў лютым мінулага года, і ён памёр у лістападзе 2022 года пасля другой трансплантацыі ў Японіі. За паслугі НКА мужчына заплаціў 33 млн ен.

Яшчэ адзін 45-гадовы пацыент заплаціў каля 85 млн ен і паехаў у Беларусь у траўні мінулага года. Хоць 1 верасня яму зрабілі аперацыю па перасадцы ныркі і печані, у яго развіўся перытаніт, выкліканы бактэрыямі, і 28 верасня 2022 года ён памёр.

Крыніца газеты сцвярджае, што мужчына прыйшоў у офіс НКА, таму што з-за абвастрэння цырозу яму спатрэбіліся аперацыі па перасадцы печані і ныркі. Ён даведаўся аб дзейнасці НКО праз яе вэб-сайт. Паказаўшы фатаграфію беларускай бальніцы (у артыкуле не пазначана назва бальніцы, але адзначаецца, што гэта дзяржаўная клініка), Кікучы парэкамендаваў яму зрабіць аперацыю па трансплантацыі са словамі накшталт «вы можаце быць шпіталізаваны ва ўніверсітэцкую бальніцу пасля вяртання ў Японію».

Мужчына перавёў 3 млн ен у якасці авансу і 82 млн ен у якасці закладу на рахунак арганізацыі і адправіўся ў Беларусь пад кіраўніцтвам НКА. Спачатку ў шпіталі сказалі, што аперацыя прайшла паспяхова, але пазней заявілі, што яго стан рэзка змяніўся. Кажуць, што донарам органаў быў памерлы мясцовы жыхар. Супрацоўнік бальніцы паведаміў the Yomiuri Shimbun, што стан пацыента ўскладніўся з-за шматлікіх захворванняў пасля перанесенай аперацыі па трансплантацыі.

Па словах лекараў-трансплантолагаў Японскага таварыства трансплантолагаў, адначасовая трансплантацыя некалькіх органаў можа прывесці да рэзкага акрыяння ў выпадку поспеху, але аперацыя займае больш па часе і звязана з большай стратай крыві, што павялічвае рызыку інфекцыі і іншых праблем.

Сярод праапераваных у Беларусі трох грамадзян Японіі толькі 50-гадовы мужчына застаўся жывы. Яму была зробленая аперацыя па перасадцы ныркі. За паслугу ён заплаціў каля 18,5 млн ен, што больш чым удвая перавышае рынкавы кошт, паведамілі ў паліцыі.

Варта зазначыць, што транспланталогія заўсёды была гонарам беларускай медыцыны. У 2015 годзе Беларусь па колькасці перасадак на 1 млн насельніцтва займала 1-е месца сярод краін СНД. У Беларусі перасадзілі печань нават былому кіраўніку службы ізраільскай знешняй разведкі «Масад» Меіру Дагану. Знаходжанне ў Беларусі Дагана рассакрэціў сам Аляксандр Лукашэнка, калі пахваліўся ўзроўнем беларускай медыцыны на прэс-канферэнцыі расійскім СМІ 16 кастрычніка 2012 года. Лукашэнка тады сказаў, што Дагана не ўзяліся аперыраваць ні ў Германіі, ні ў ЗША — толькі ў Беларусі.

Між тым, да беларускіх трансплантолагаў узнікала і багата пытанняў — у прыватнасці, у сувязі з адборам органаў на донарства. Пра адну з такіх сітуацый пісаў «Новы час».


Варта таксама заўважыць, што кліенты з Японіі памерлі менавіта ў той перыяд, калі ў краіне назіраецца масавая эміграцыя кваліфікаваных урачоў. З-за рэпрэсій у краіне і невыносных умоваў працы шмат дасведчаных дактароў выехалі з Беларусі менавіта ў 2021-2022 гадах. Толькі ў Польшчы цяпер працуюць больш за 1000 беларускіх дактароў.

Поспехамі ў галіне транспланталогіі ў лютым 2022 года ў прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі выхваляўся дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо. Менавіта гэты цэнтр праводзіць навуковыя даследаванні па ўсіх напрамках сучаснай медыцыны, зыходзячы з напрацовак, звязаных з транспланталогіі. Са слоў Румо, у 2021 годзе Цэнтр зарабіў на замежных пацыентах больш за 10 млн долараў. Чыноўнік асабліва адзначаў кліентаў з Ізраіля і Японіі.