Хронікі палітычных рэпрэсій у Беларусі 20 верасня.

У Беларусі яшчэ 11 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Новыя палітвязні — гэта Аляксандр Грыгарэўскі, Ганна Вольская, Аляксандр Адзярыха, Міхаіл Касякоў, Юрый Чубанаў, Яўген Бужынскі, Яўген Гукаў, Ілля Давыдзенка, Павел Ларын, Павел Мажэйка, Вольга Манкевіч.

_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Цяпер праваабаронцамі «В*сны» прызнаныя палітзняволенымі 1344 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1648 палітычных зняволеных. Насамрэч жа людзей, затрыманых за выказванне свайго меркавання значна больш.

Камітэт дзяржаўнай бяспекідадаў у «спіс тэрарыстаў» яшчэ восем беларусаў, усе яны «палітычныя». Цяпер у абноўленым спісе «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» 913 прозвішчаў, з іх — 172 беларусы. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак і іншыя. 

Супраць былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова распачалі крымінальную справу. Мастака затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. А ўчора ў тэлеграм-канале сілавікоў з’явілася «пакаяльнае відэа» з Генадзем Драздовым, на якім ён кажа, што затрыманы «невядома за што». На мастака нібыта распачатая «крымінальная справа за актыўны ўдзел у акцыях пратэсту».

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня вынеслі прысуды тром палітзняволеным — стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, Ліліі Ананян, Алене Маліноўскай, паведамляюць праваабаронцы. На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян — прызнала цалкам. У выніку суддзя Дзмітрый Карсюк асудзіў Анатоля да 6 гадоў калоніі, Алену — да 4 гадоў калоніі, Лілію — да 5 гадоў «хатняй хіміі», яе вызвалілі ў зале суда. Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічынь, ён павінен кампенсаваць «шкоду пацярпелым».

Заўтра, 21 верасня, палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна павінна выступіць у судзе з апошнім словам. Яе абвінавачваюць у «змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Бок абвінавачвання захацеў для яе восем гадоў зняволення.


Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разглядзеў апеляцыйную скаргу журналісткі «Б*лсата» Кацярыны Андрэевай. Прысуд пакінулі ў сіле, але скарэктавалі фармулёўку абвінавачвання. «Замест “выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” журналісцкую дзейнасць Каці пастанавілі лічыць “шпіянажам”. Артыкул застаўся ранейшым: ВС проста памяняў фармулёўкі ў межах ч.1 арт. 356 КК. Па факце для нас гэта абсалютна нічога не змяняе», — напісаў яе між Ігар Ільяш.

Нагадаем, 13 ліпеня суд прызначыў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


У Мінску раніцай 20 верасня затрымалі пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнку — і паспелі асудзіць. Раніцай святара запрасілі на размову ў Фрунзенскае РУУС, а адтуль яго не выпусцілі. У той жа дзень Ганчарэнку паспелі асудзіць за «правядзенне спаткання 18 верасня 2022 года». Суд прызначыў святару штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).


Заблакаваны сайт інтэрнэт-газеты «Бабруйскі Кур'ер». Сайт не адкрываецца як у Беларусі, так і за яе межамі. Днямі галоўнага рэдактара выдання, Анатоля Санаценку, арыштавалі на 15 сутак. А ў пачатку верасня быў заблакаваны сайт газеты «Вячэрні Бабруйск».