Анатолю Латушку прысудзілі шэсць гадоў калоніі. Ён не прызнаў віну
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня вынеслі прысуды тром палітзняволеным — стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, Ліліі Ананян, Алене Маліноўскай, паведамляе «В*сна».
Іх затрымалі 31 студзеня за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах герба «Пагоня» і змясцілі пад варту.
Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збілі.
Цяпер іх асудзілі агулам па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса за распаўсюджанне ўлётак да рэферэндуму, удзел у Маршы пратэсту, маляванне «Пагоні», спальванне дзяржаўнага сцяга.
На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян — прызнала цалкам.
У выніку суддзя Дзмітрый Карсюк асудзіў Анатоля да 6 гадоў калоніі, Алену — да 4 гадоў калоніі, Лілію — да 5 гадоў «хатняй хіміі», яе вызвалілі ў зале суда.
Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічынь, ён павінен кампенсаваць шкоду пацярпелым.
Згодна з версіяй абвінавачання, яны неаднаразова на працягу
2021 года «пашкодзілі з хуліганскіх памкненняў маёмасць некалькіх
унітарных прадпрыемстваў на суму больш за тры тысячы рублёў, у тым ліку шляхам
нанясення фарбавальнымі рэчывамі рознага роду надпісаў і малюнкаў» (ч. 2
арт. 339 Крымінальнага кодэкса); «перашкаджалі ажыццяўленню грамадзянамі
права на ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і
дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь шляхам вырабу і размяшчэння ў
агульнадаступных месцах улётак, якія ўтрымлівалі заклікі да зрыву і звесткі аб
нібыта парушэннях у правядзенні рэферэндуму» (ч. 2 арт. 191); «учынілі здзек над дзяржаўным сцягам шляхам спальвання палотнішча ў
снежні 2021 года і запісу дадзеных дзеянняў на відэа з мэтай размяшчэння ў
інтэрнэце» (арт. 370).
Таксама Анатолю Латушку інкрымінуюцца «незаконныя збор
і распаўсюджанне інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных асоб у сувязі
з выкананнем імі грамадскага абавязку шляхам размяшчэння ў розных
агульнадаступных месцах улётак, якія ўтрымліваюць даныя, што складаюць
асабістую і сямейную таямніцу пацярпелых» (ч. 3 арт. 203-1); «актыўны ўдзел 18 кастрычніка 2020 года ў групавых дзеяннях,
якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342).